Шалёны 2021. Эканоміка: Пад санкцыямі і на хвалі кан’юнктуры

Беларускую эканоміку ў 2021 годзе можна параўнаць з сёрфінгістам: ён «схапіў хвалю» і даволі доўга праехаўся па ёй, атрымліваючы асалоду і эмоцыі. Але хваля заканчваецца, — і бліжэй да берага ямы даводзіцца зноў акунацца ў халодную ваду, чакаючы новай хвалі. Якая можа прыйдзе, можа не.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У гэтым годзе беларуская эканоміка была на хвалі спрыяльнай эканамічнай кан’юнктуры, але розныя «званочкі» казалі, што ёй давядзецца акунуцца ў рэальнасць у даволі блізкай перспектыве. Напрыканцы года стала падобна на тое, інерцыя заканчваецца...

Студзень

Першы месяц заўсёды пачынаецца з новых падаткаў і новых эканамічных «ініцыятыў». Працягнулася пенсійная рэформа — пенсійны ўзрост з 1 студзеня вырас у Беларусі на шэсць месяцаў, у новым годзе на пенсію мужчыны могуць выйсці ва ўзросце 62,5 года, а жанчыны — 57,5 года. Вынікам пенсійнай рэформы будзе апошняе павышэнне пенсійнага ўзросту ў 2022-м для жанчын да 58 гадоў, а для мужчын — да 63 гадоў.
З 1 студзеня адмянілі льготы па падаходным падатку для ІТ, увялі транспартны падатак і адвязалі яго ад тэхагляду, перагледзелі стаўкі падаткаў для тых, хто здае ў арэнду кватэры, дачы, гаражы і парковачныя месцы, паднялі падатак на прыбытак для аператараў электрасувязі і сотавай сувязі. Мясцовым уладам дазволілі ўвесці збор за выезд за мяжу на машыне.
Міністр прамысловасці Пётр Пархомчыкадзначыў, што з-за санкцый Захаду ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў адзначаецца зацягванне паставак камплектуючых з асобных прадпрыемстваў.
Паводле статыстыкі Цэнтрабанка РФ, у ліпені-верасні 2020 года фізічныя асобы-рэзідэнты і фізічныя асобы-нерэзідэнты, якія знаходзяцца ў Беларусі, пералічылі ў Расію праз крэдытныя арганізацыі (уключаючы сістэмы грашовых пераводаў) 101,366 млн долараў. Гэтая сума амаль у два разы большая, чым была ў першым (50,607 млн долараў) і ў другім (51,716 млн долараў) кварталах 2019 года, і з’яўляецца абсалютным квартальным рэкордам з тых часоў, як расійскі рэгулятар пачаў публікаваць такія звесткі — з 2006 года.
З’явіліся звесткі, што Беларускаму металургічнаму заводу пагражае дэфолт.
Аляксей Алексін на фоне магчымых санкцый з боку ЕС перадаў долі ў кампаніях «Энерга-Оіл» і «Белнафтагаз» сваім дзецям — Дзмітрыю і Віталю.

Люты

У Еўрасаюзе заявілі пра падрыхтоўку чацвёртага пакета санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і тых, хто прымае ўдзел у затрыманнях, катаваннях, збіцці мірных дэманстрантаў, парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.
Стала вядома, што ўлады выратавалі БМЗ ад банкруцтва. Агульная сума ўлітых грошай склала блізу 1 млрд 750 млн долараў. Гэтага хапіла б, каб выплаціць кожнаму работніку прадпрыемства 130 тысяч долараў.


Інфляцыя ў Беларусі ў студзені 2021 разагналася да 7,7%.
Афіцыйнае апытанне напярэдадні Усебеларускага народнага сходу паказала: 64,9% беларусаў лічаць, што за апошні год эканамічная сітуацыя пагоршылася (амаль столькі ж «давяраюць» Лукашэнку), у 50,6% пагоршылася матэрыяльнае становішча.
А напрыканцы лютага з’явілася скандальная пастанова №100, якая забараніла падымаць кошты вышэй чым на 0,2% у месяц. Характэрна, што ўводзілася гэта пасля павышэння ПДВ на лекі, медвырабы і некаторыя прадукты.

Сакавік

Месяц пачаўся са скандалу: у Расіі выявілі ценявы беларускі бізнес, які прынасіў, па неафіцыйных ацэнках, $300 млн. штогод. Гэта тычылася кветак, якія везлі з тых жа Нідэрландаў, праходзілі растаможку і ехалі ў Расію без збораў.
Па законе аб рэспубліканскім бюджэце на 2021 год Мінфін прадугледжваў дэфіцыт у памеры 4,047 млрд. BYN. У сакавіку Мінфін апублікаваў ўдакладнены план па бюджэтным дэфіцыце: улады падвысілі яго да 5,610 млрд. BYN.
Літоўскія мытнікі ў беларускай фуры знайшлі кантрабандныя цыгарэты на мільён еўра. Гэта было ці не першае з паведамленняў пра затрыманне маштабных партый беларускіх кантрабандных цыгарэт.
PandaDoc ліквідавала кампанію ў Беларусі.

Красавік

ЗША заявілі, што аднаўляюць санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якія былі прыпыненыя з 2015 года. У спісе прадпрыемстваў пад санкцыямі: «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»; «Белнафтахім»; «Белшына»; «Гродна Азот»; «Гродна Хімвалакно»; «Лакафарба»; «Нафтан»;«Полацк Шкловалакно».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Нацыянальны банк Беларусі з 21 красавіка павысіў стаўку рэфінансавання да 8,5%.
Напрыканцы месяца па «справе аб склепе ў Гомельскай вобласці» ў Маскве быў арыштаваны і вывезены ў Беларусь грамадзянін Расіі Юрась Зянковіч. У сувязі з гэтым Міністэрства фінансаў ЗША на тыдзень раней, чым планавалася, адклікала генеральную ліцэнзію, што прыпыняла дзеянне санкцый. Мінфін ЗША даў «ахоўны перыяд» у 45 дзён, каб кліенты санкцыйных прадпрыемстваў маглі скончыць з імі ўсе справы. Па заканчэнні гэтага перыяду — з 3 чэрвеня — санкцыі будуць адноўленыя.
А беларускі бок увёў свае санкцыі супраць кампаній, якія адмовіліся спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі ў Сінявокай: LIQUI MOLY, ŠKODA AUTO і BEIERSDORF (гандлёвыя маркі "NIVEA", "EUCERIN", "LA PRAIRIE", "LABELLO", "HANSAPLAST", "FLORENA", "8X4", "SKIN STORIES", "GAMMON", "TESA", "CHAUL", "COPPERTONE", "HIDROFUGAL", "STOP THE WATER WHILE USING ME").


Нацыянальны авіяперавозчык «Белавія» паведаміла пра вялікую шкоду, якую прынёс кампаніі каронакрызіс. Кампанія паказала чыстую страту ў памеры каля 92 млн рублёў (па выніках 2019 года быў прыбытак 68,2 млн рублёў).

Травень

Мінгарвыканкам прыняў пастанову пра адключэнне ацяплення ва ўсіх спажыўцоў з 12 траўня. Гэта паказвае, наколькі халоднай была вясна.
Інфляцыя ў Беларусі ў красавіку паскорылася да 8,6%.
70 беларускіх кампаній падпісалі з урадам Літвы дамовы на рэлакацыю, а замест іх расійская гандлёвая пляцоўка Ozon афіцыйна абвясціла аб прыходзе ў Беларусь.
Ствала вядома, што некалькі еўрапейскіх банкаў адмовілі ў фінансаванні здзелак па рэалізацыі беларускіх нафтапрадуктаў. Акрамя таго, некаторыя трэйдары выказвалі апасенні, што ЕС можа ўвесці санкцыі, аналагічныя санкцыям ЗША, што зробіць немагчымым фінансаванне такіх здзелак і ў еўра.
Напрыканцы траўня ўлады прымусова пасадзілі рэйс кампаніі Ryanair, каб арыштаваць Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу. Гэта было названа «паветраным пірацтвам», міжнародныя авіякампаніі вырашылі пазбягаць паветранай прасторы Беларусі. Крыху пазней Саміт ЕС забараніў беларускім авіякампаніям палёты ў Еўрасаюз (звярніце ўвагу на апошнюю навіну за красавік і падумайце…).
Апроч таго, інцыдэнт з Ryanair абваліў каціроўкі беларускіх еўрабондаў.

Чэрвень

Санкцыі ЗША супраць шэрагу беларускіх кампаній, у тым ліку грандаў «нафтанкі» — «Белнафтахіма» і завода «Нафтан», — набылі моц 3 чэрвеня. Улады пачалі шукаць таемных пастаўшчыкоў нафты для «Нафтану», галаўны боль пачаўся і з-за таго, як праводзіць транзакцыі за пастаўкі.
Расія плануе значна скараціць аб'ёмы транзіту газу праз Беларусь пад канец 2021 года, паведаміла выданне «Argus». Гэта і адбылося ўвосень.
Нямецкі банк KfW IPEX-Bank ануляваў крэдыт на 100 млн. еўра на закупку установак Siemens для Беларусі.
У Люксембургу 21 чэрвеня міністры замежных спраў Еўрасаюза зацвердзілі чацвёрты пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму. Санкцыйны спіс складаецца з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача віз у Еўрасаюз.
А літаральна праз тры дні з’явіліся сектаральныя санкцыі ЕС, якія тычацца нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і доступу да рынкаў капіталу ЕС.
Сілавікі прыйшлі ў найбуйнейшую інтэрнэт-краму Беларусі — «21 век».

Ліпень

Інфляцыя ў Беларусі разагналася да 9,9%.
Адток валюты з дэпазітаў у банках у чэрвені стаў найбуйнейшым за 9 месяцаў — з верасня 2020 года. Асноўны ўклад у гэтае зніжэнне ўнеслі фізічныя асобы: яны забралі з банкаў 271 млн USD. Значэнне сумы валюты на дэпазітных рахунках на 1 ліпеня 2021-га ў 10,4 млрд USD у эквіваленце — гэта лакальны мінімум за 79 месяцаў.
У Беларусі не хапае больш за 98,5 тысячы работнікаў. Менавіта столькі прапаноў ад наймальнікаў размешчана ў агульнарэспубліканскім банку вакансій.
Рэальныя пенсіі, якія разлічваюць з папраўкай на рост цэн на тавары і платныя паслугі, падаюць шосты месяц запар — то-бок, з пачатку года, паведаміў Белстат. Падзенне рэальных пенсій адбывалася на фоне разагнанай інфляцыі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Праўладны прадпрымальнік Алексін прадаў «МТБанк» (а разам з ім — і «ІдэяБанк») ліванскаму бізнесмену, а яго сям'я пазбавілася і еўрапейскіх актываў: латвійскай кампаніі па вытворчасці біяпаліва «Mamas D» і бровару «Latgales Alus D», што належалі жонцы Алексіна Іне і яго старэйшаму сыну Дзмітрыю.

Жнівень

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс дапусціў поўнае спыненне транзіту беларускіх калійных угнаенняў, а Philip Morris перастаў пастаўляць у Беларусь IQOS.
ЗША, Вялікабрытанія і Канада абвясцілі новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Санкцыі ўключаюць у сябе блакаванне актываў афіцыйных асоб і замарожваюць усе доларавыя актывы дзяржустаноў Беларусі. Яны таксама закрануць абаронны сектар, энергетыку і транспарт, а таксама Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, які ўзначальвае Віктар Лукашэнка.
Мінтранс пачаў шукаць грошы на будаўніцтва і рамонт дарог — не хапала паўмільярда долараў. Праз санкцыі недаступнымі аказаліся сродкі еўрапейскіх банкаў, за кошт якіх планавалася прафінансаваць шэраг буйных дарожных праектаў у Беларусі.
«Абсалютбанк» прыпыніў шэраг аперацый праз санкцыі ЗША: перавод грашовых сродкаў у замежнай валюце, за выключэннем пераводаў у расійскіх рублях і пераводаў на рахункі ў банках-рэзідэнтах.
У Мінску прыпынілі рэгістрацыю ІП. Казалі, што «па тэхнічных прычынах», насамрэч, аказалася, надоўга.
Лукашэнка вылучыў 206,53 млн. рублёў з рэзервовага фонду кіраўніка дзяржавы на падвышэнне заробкаў бюджэтнікам. Гэта было «званочка», што грошы ў краіне заканчваюцца, і давялося распячатаць святое — .


Беларусь атрымала права скарыстацца дапамогай ад МВФ на барацьбу з каронавірусам у памеры больш як на $900 млн. Праўда, не ў выглядзе грошай, а ў выглядзе SDR, спецыяльных правоў запазычання. Але ўсё роўна гэта падвысіла золатавалютныя рэзервы краіны.
За мяжой стварылі аб’яднанне беларускага бізнесу, вымушанага пакінуць краіну, а з ПВТ паведамілі, што больш за 180 рэзідэнтаў маюць фінансавыя страты — агулам звыш $20 млн.

Верасень

Кітайцы замарозілі $580 млн на буданіцтва Нежынскага камбіната, які вёў сябра Лукашэнкі Гуцэрыеў. Прычына — санкцыі.
Упершыню за 18 гадоў БТ не транслявала футбольныя еўракубкі. Прычына простая — няма грошай.
Пуцін і Лукашэнка дамовіліся захаваць цэны на газ на наступны год без зменаў. Стварэнне адзінага рынку газу перанесена на 2023 год.
Інфляцыя ў жніўні склала 9,8%. Па стане на канец II квартала валавы знешні доўг (ВЗД) Беларусі склаў $42,275 млрд — новы гістарычны максімум. Знешні доўг у бліжэйшы час стане галоўнай праблемай: гэтыя даўгі, намінаваныя не ў беларускіх рублях, а ў замежнай валюце, якую не надрукуеш: яе можна толькі або зарабіць, або пазычыць. Аб’ём валавога знешняга доўгу перавышае ўсе валютныя актывы краіны, у тым ліку ў разы больш сумы ліквідных валютных актываў.
Стачкам «Беларуськалію» паведаміў, што прадпрыемства знаходзіцца на мяжы калапсу: няма грошай на новае абсталяванне і на падтрымку старога ў працаздольным стане.

unnamed_274_logo_1.jpg


Па 2 кг у рукі. Цукар стаў дэфіцытам У некаторых раёнах Віцебшчыны цукар прадавалі толькі па 2 кілаграма ў рукі: вынік «мадэрнізацыі» цукровых заводаў і далейшай пасадкі іх кіраўнікоў.

Кастрычнік

Паводле хаба «Імагуру» 58% беларускіх стартапаў з'ехалі з краіны, чвэрць з іх не плануюць вяртацца.
Закрылася дзяржаўная рознічная сетка «Радзівілаўскі». Крамы перайшлі пад кіраванне «Мінскага холадакамбіната №2».
Паводле статыстыкі Нацбанка, рэзка выраслі неабслугоўваемыя актывы банкаў Беларусі. Усяго за месяц іх велічыня падскочыла з 3,376 да 4,030 млрд BYN. Неабслугоўваемыя актывы часта называюць праблемнымі, бо верагоднасць вяртання грошай па такіх актывах банкаў істотна паніжаная Значэнне гэтых актываў на 1 верасня 2021-га — рэкорднае за ўвесь перыяд замераў.
Пасля журналісцкіх расследаванняў аб рээкспарце кветак з Беларусі ў Расію гэтую схему амаль цалкам прыкрылі — беларускі бок прымусілі скасаваць абнуленне ПДВ на кветкі.
Амаль 80% беларускіх IT-кампаній сутыкнуліся з дэфіцытам кадраў.

Лістапад

ЕС узгадніў новыя крытэры для пятага пакету санкцый супраць беларускага рэжыму.
Дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Мінтранса Арцём Сікорскі ацаніў страчаную выгаду «Белавія» і «Белаэранавігацыі» ад абмежаванняў ЕС у 10 млн долараў штомесяц.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ізноў «адшчыпнулі» ад рэзервовага фонду прэзідэнта: на медыцыну з яго было выдзелена 140 мільёнаў рублёў — пры «дзірцы» у 2 мільярды долараў.
Бульба ў Беларусі за год падаражэла на 77%.

Снежань

ЕС прыняў пяты пакет санкцый супраць Беларусі ў сувязі з міграцыйным крызісам на мяжы. У спіс трапілі «Белавія»; «Цэнтркурорт»; «Оскартур»; гасцініца «Мінск»; гасцініца «Планета»; Асобная служба актыўных мерапрыемстваў Дзяржпамежкамітэта; «Cham Wings Airlines» (Сірыя); візавы цэнтр «VIP Grub» (Турцыя); «Гродна Азот»; «Беларуснафта»; «Гродна Хімвалакно»; «Белшына».
«Беларусьнафта» адразу ж спыніла пастаўкі ў Германію.
Праект бюджэту на наступны, 2022 год сфарміраваны зыходзячы з росту эканомікі ўсяго на 0,7%, а не на 2,9%, як ва ўказе аб параметрах афіцыйнага прагнозу. Гэта значыць розніца паміж кансерватыўным і мэтавым сцэнарыямі па прыросце ВУП складае 4 разы. Паводле інфармацыі чыноўнікаў, рэальныя даходы беларусаў у 2022 годзе вырастуць на 2%. Для параўнання: за 9 месяцаў 2021 года рэальныя даходы выраслі на 2,6%.
Спажывецкую інфляцыю чыноўнікі хочуць запаволіць да 6%. Але яшчэ ў кастрычніку ў Мінфіне казалі, што індэксацыя ставак падаткаў у беларускіх рублях на прагнозныя тэмпы інфляцыі складзе 7,2%.
Дэфіцыт бюджэту ў 2022 годзе ўлады чакаюць на ўзроўні 2,8 млрд рублёў. Прычым даходная частка казны па прагнозах чыноўнікаў вырасце на 6% да 2021 года, а расходная — на 4,4%. Згодна з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2022 год ЗВР Беларусі не павінны апусціцца ніжэй за 7 млрд долараў, а сярэдняя за год стаўка рэфінансавання складзе 9-10% гадавых.
Латвія з 20 снежня 2021 года па 15 студзеня 2022 увяла канвенцыйную забарону на прыём да перавозкі ўсіх грузаў з усіх станцый Беларускай чыгункі ад шэрагу грузаадпраўнікаў прызначэннем на ўсе станцыі латвійскай чыгункі на адрас усіх грузаатрымальнікаў, а таксама на транзіт па тэрыторыі краіны. Свае грузы праз Латвію не здолеюць адправіць Беларускі нафтавы гандлёвы дом, «Белнафтахім», «Белшына», «Гродна Азот» уключна з філіяй «Завод Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан», «Полацк-Шкловалакно» і «Беларуськалій».

Халява заканчваецца

Год, які сыходзіць, азначаны ростам экспарту — толькі таму нашая сістэма працягвала каціцца. Добрая экспартная кан’юнктура была абумоўленая тым, што амерыканскі рэзервовы фонд «укінуў» у сусветную эканоміку некалькі трыльёнаў долараў для ажыўлення попыту ў «посткавід». У сувязі з гэтым на Захадзе грашовая маса аднавілася, пачалі расці кошты, каб аднавіўся баланс паміж попытам і прапановай. Асабліва гэта было відаць па драўніне, якую з Беларусі вывозілі, як ніколі раней.
Апроч таго, добрыя паказчыкі першага паўгоддзя былі абумоўленыя «нізкай базай» 2020 года, калі з-за нафтавага канфлікту з Расіяй паказчыкі Сінявокай праселі. І, зразумела, у параўнанні з «нізкім стартам» 2020-га 2021-шы выглядаў значна жывейшым.
Нават не варта казаць, што гэты «эканамічны рост» не мае ніякага дачынення ні да эфектыўнага менеджменту, ні да мабілізацыі. Чыста спрыяльная кан’юнктура.
Аднак кан’юнктура мае ўласцівасць заканчвацца. Рост ВУП за студзень-лістапад 2021 года склаў 2,3%. Інфляцыя за студзень-лістапад — 10,3%.
Старшы навуковы супрацоўнік «BEROC» Дзмітрый Крук лічыць, што ў 2022 годзе Беларусь можа сутыкнуцца з пагрозай рэцэсіі. Асабліва калі напоўніцу запрацуюць еўрапейскія і амерыканскія санкцыі. Розныя «ахоўныя перыяды» і «раней заключаныя кантракты» заканчваюцца вось-вось…