«Ад беларускіх крэветак да беларускіх кветак»: у Расіі заклапочаныя пастаўкамі кветак з Беларусі

У Расіі пішуць пра ценявы беларускі бізнес, які прыносіць, па неафіцыйных ацэнках, $300 млн. штогод. «Ад беларускіх крэветак да беларускіх кветак» — такі раздзел у публікацыі з'явіўся на сайце расійскага дзяржаўнага агенцтва «РИА Новости».

img_9036.jpg


Упершыню пра кантрабанду кветак з нашай краіны пішуць дзяржаўныя расійскія СМІ. Расійская мытня факт праверак фур з кветкамі раней пацвердзіла, але пры гэтым фармулёўкі былі больш дыпламатычнымі, адзначае Еўрарадыё.

«На цэнах адаб’ецца і сітуацыя на расійска-беларускай мытні. З 2018-га суседняя рэспубліка — асноўны пастаўшчык кветак у Расію, гэта 50% імпарту. Арганізавана ўсё па прынцыпе “беларускіх” крэветак. На самой справе кветкі вязуць з тых жа Нідэрландаў, праходзяць растаможку і едуць у Расію без збораў.

Гэта дае эканомію да дзесяці тысяч долараў з фуры. Па неафіцыйных ацэнках, такі бізнес прыносіць беларусам 300 мільёнаў долараў у год.

Цяпер жа пастаўкі правяраюць. З 4 лютага фуры даглядаюць тыднямі, кажа Ігар Расамахін, дырэктар аптовай кветкавай кампаніі Arcus Flowers. “Я так разумею, расійская мытня хоча вярнуць сабе гэты рынак, каб растаможвалася ўсё ў Расіі. І, адпаведна, падаткі паступалі ў наш бюджэт, а не беларускі», — кажа ён.

21 лютага Федэральная мытная служба заявіла, што ўсе працэдуры ідуць без затрымак, “нягледзячы на рэкордны аб'ём партый, якія паступаюць”. У ведамстве таксама падкрэслілі, што добрасумленныя імпарцёры ніякіх цяжкасцей не адчуваюць», — гаворыцца ў матэрыяле ria.ru.