На ўзроўні Сектара Газа: Беларусь рэзка пагоршыла пазіцыі ў рэйтынгу свабоды ў свеце

Міжнародная няўрадавая арганізацыя Freedom House прадставіла штогадовы даклад аб свабодзе ў свеце. У новым рэйтынгу Беларусь пагоршыла свае пазіцыі, набраўшы 11 балаў са 100 (летась было 19 са 100) і аказалася на адным узроўні з Узбекістанам, Сектарам Газа і Еменам. Беларусь па-ранейшаму застаецца ў групе несвабодных краін.

20200830_155203_888x666.jpg


Беларусь абагнала ў рэйтынгу толькі 18 краін і тэрыторый, у тым ліку Сірыю, Эрытрэю, КНДР, Туркменістан, Самалі, Лівію, Таджыкістан, Кітай, Азербайджан, піша REFORM.by.

Па ўзроўні палітычных правоў наша краіна набрала 2 балы з 40. Адзін бал Беларусь атрымала за магчымасць для розных груп насельніцтва (этнічных, рэлігійных, гендарных, ЛГБТ) карыстацца палітычнымі правамі і ўдзельнічаць у выбарах і яшчэ адзін — за барацьбу з карупцыяй службовых асоб.

Узровень грамадзянскіх свабод ацэнены ў 9 балаў з 60.

«Рэпрэсіўнае праўленне Лукашэнкі раней успрымалася як само сабой відавочнае, але некалькі тыдняў пратэстаў, падобна, прымусілі яго абараняцца, бо, нягледзячы на жорсткія разгоны, масавыя арышты і катаванні, у грамадзянах абудзіўся дэмакратычны патэнцыял. Тым не менш, да пачатку 2021 года, нягледзячы на супраціў, які працягваецца, Лукашэнка заставаўся ва ўладзе, а за пратэсты, маштаб якіх зменшыўся, працягвалі затрымліваць. Палітычныя правы і грамадзянскія свабоды яшчэ больш абмяжоўваюцца, дэмакратыя застаецца далёкай марай», — гаворыцца ў дакладзе.

Аўтары даклада адзначаюць, што выбары прэзідэнцкіх выбараў былі сфальсіфікаваныя, выбарчая кампанія праходзіла з парушэннямі, кандыдаты затрымліваліся, у дзень галасавання назіраліся адключэнні Інтэрнэту, мірныя пратэсты жорстка душыліся. Пасля выбараў улады затрымалі членаў Каардынацыйнай рады, дзясяткі актывістаў былі вымушаныя з'ехаць з краіны. Таксама аўтары нагадваюць, што Лукашэнка называў эпідэмію каронавірусу псіхозам і не прымаў меры па стрымліванні распаўсюджвання захворвання.