«Імагуру»: 58% беларускіх стартапаў з'ехалі з краіны, чвэрць з іх не плануюць вяртацца
Апошні год быў складаным для большасці стартапаў. Мінск больш не з'яўляецца тэрытарыяльным цэнтрам экасістэмы. Як змянілася беларуская экасістэма стартапаў пасля жніўня 2020 года, высвятляла «Заўтра тваёй краіны».

Цяпер каманды працуюць аддалена і размеркавана, адзначаецца ў даследаванні стану стартап-экасістэмы Беларусі, праведзенай групай кампаній «Belbiz» — супольнасцю «Імагуру».
Даследаванне заснавана на даных апытання, праведзенага з траўня па жнівень 2021 года. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 220 стартапаў.
Для большасці стартапаў гэты год быў перыядам сур'ёзных змен, звязаных з рэлакацыяй, перафарматаваннем сваёй працы, стварэннем новых кампаній за мяжой, прыцягненнем інвестыцый ад замежных інвестараў, год адаптацыі да новага ладу жыцця ў новых экасістэмах, адаптацыі да крызісу і спроб знізіць негатыўныя наступствы крызісу на бізнес — як эканамічныя, так і псіхалагічныя ў працы каманд.
«Усе дасягненні апошніх гадоў цалкам нівеляваныя», — канстатуюць даследчыкі. Яны лічаць, што палітычны крызіс у Беларусі негатыўна паўплываў на працу пераважнай большасці стартапаў.
Сярод найбольш частых наступстваў палітычнага крызісу стартапы, якія ўжо адчулі яго ўплыў, адзначаюць рэлакацыю бізнесу (52%), змяненне планаў і дадатковыя выдаткі (45%), пагаршэнне доступу да знешняга фінансавання (32%), пагрозы развіццю бізнесу (28,5%), зніжэнне эфектыўнасці працы каманды (27%).
«Крызіс негатыўна адбіўся ў эканамічным плане на ўсім бізнесе, незалежна ад таго, ці прыняла кампанія рашэнне аб рэлакацыі», — падкрэсліваецца ў даследаванні.
Паводле звестак апытання, 58% беларускіх стартапаў з'ехалі з Беларусі і толькі 4% адзначылі, што «не бачаць прычын для пераезду, бо іх усё задавальняе ў Беларусі».
Чвэрць усіх беларускіх заснавальнікаў не плануюць вяртацца ў Беларусь. Для астатніх асноўнай умовай вяртання ў Беларусь з'яўляюцца дэмакратычныя перамены.
Кожны трэці стартап падняў інвестыцыі ў крызісны перыяд.
Большасць беларускіх стартапаў маюць кампаніі за мяжой.
70% стартапаў лічаць, што наступствы палітычнага крызісу працягнуцца і пасля 2023 года.
Большасць стартапаў будуюць свае планы па-за Беларуссю, плануюць падымаць інвестыцыі ў замежных фондаў (толькі 3% фондаў плануюць прыцягваць грошы ў беларускіх інвестараў у наступным годзе), лічаць важным развіваць беларускую сістэму за мяжой і анлайн, а таксама гатовыя дапамагаць праектам салідарнасці з Беларуссю.
Большасць беларускіх стартапаў (70,5%) працуюць на рынку менш за тры гады. Пры гэтым кожная трэцяя кампанія — кампанія, старэйшая за тры гады. Гэта сведчыць пра пэўную сталасць рынку.
41,5% кампаній прадставілі прадукт на рынак і маюць кліентаў. Траціна ўсіх кампаній (31%) маюць працоўны прататып і каманду з адпаведнымі тэхнічнымі і маркетынгавымі кампетэнцыямі, а таксама ментарскую падтрымку. Амаль 20% усіх бізнесаў знаходзяцца на стадыі росту і пашырэння.
Стартапы з прыбыткам больш за 1 мільён долараў у месяц, што знаходзяцца на стадыі пашырэння і росту і працуюць на рынку больш за 3 гады, — 89% з іх пакінулі Беларусь.