Над беларускай эканомікай замаячыла пагроза рэцэсіі

Беларуская эканоміка ў 2022 годзе можа сутыкнуцца з пагрозай рэцэсіі. Такое меркаванне выказаў сёння старшы навуковы супрацоўнік «BEROC» Дзмітрый Крук падчас прэзентацыі «Маніторынгу эканомікі Беларусі».

magaz_2_1536x1024.jpg


Паводле яго слоў, у другой палове года ў беларускай эканоміцы сталі заўважнымі прыкметы зніжэння тэмпаў росту. У трэцім квартале таксама звяртае на сябе ўвагу, што ствараецца ўсё менш і менш працоўных месцаў. Пры гэтым іх колькасць аказваецца нават меншай, чым у месяцы рэцэсіі 20215-16 гадоў, піша REFORM.by.

«У трэцім квартале мы ўступілі ў фазу запаволення росту. Негатыўны фон, пад ім я маю на ўвазе санкцыі, нявызначанасць і няўпэўненасць, якая пануе ў настроях і чаканнях хатніх гаспадарак і фірм. У сувязі з гэтым, на мой погляд, сцэнар рэцэсійны ў 2022 годзе я не назаву як пераважны па верагоднасці, але ён крыху больш верагодны, чым сцэнар балансавання росту паблізу нуля і тым больш далейшага падтрымання павышанага росту на ўзроўні 2% і вышэй», — сказаў Дзмітрый Крук.

Нагадаем, афіцыйна сацыяльна-эканамічным прагнозам на 2022 год устаноўлены тэмпы росту ВУП у 2,9%, пры тым рэспубліканскі бюджэт вярстаўся, зыходзячы з росту ў 0,7%. Еўразійскі банк развіцця ацаніў рост беларускай эканомікі на 2022 год менавіта ў 0,7%, МВФ — у 0,5%, а Сусветны банк чакае падзення на 2,2%.

У рамках праекта «Маніторынг эканомікі Беларусі» «BEROC» сёння прадставіў вынікі апытанняў спажыўцоў і бізнесу.

Апытанне насельніцтва праводзілася анлайн сярод гарадскога насельніцтва ва ўзросце 18-64 года. Як адзначыла акадэмічная дырэктарка «BEROC» Кацярына Барнукова, 38% рэспандэнтаў адказалі, што адчуваюць падзенне даходаў у апошні час. Гэта значна менш, чым давалі вынікі аналагічных апытанняў праведзеных у мінулым годзе ў рамках праекта «Кавіданоміка». Важнай асаблівасцю сённяшняй сітуацыі таксама з'яўляецца тое, што ў якасці прычын падзення даходаў рэспандэнты часта называюць рост цэн і змяненне курсаў валют. Калі ачысціць вынікі ад гэтых прычын, то з падзеннем даходаў сутыкаюцца ўжо 28%.

«Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў за апошнія два гады. Гэта добра адлюстроўвае бягучую, дастаткова шчасную сітуацыю ў эканоміцы.... Рост цэн адыгрывае значную ролю ў тым, як людзі ўспрымаюць дынаміку сваіх даходаў. Прычыны змены даходаў сталі больш “нармальнымі” ў параўнанні з маем-чэрвенем 2020 года, калі многія рэспандэнты гаварылі, што іх адправілі ў адпачынак, скарацілі колькасць працоўных гадзін», — пракаментавала Кацярына Барнукова.

Зніжэнне даходаў мацней за ўсё адчуваюць людзі з нізкімі даходамі, ІП і самазанятыя, а таксама работнікі галіны будаўніцтва.

Частка рэспандэнтаў лічыць зніжэнне даходаў часовай з'явай і не мяняе спажывецкія паводзіны. Такі варыянт адказу выбралі 16% рэспандэнтаў. Трывожным Кацярына Барнукова лічыць тое, што 36,4% рэспандэнтаў адказалі, што пачалі эканоміць на ежы. Таксама беларусы адмаўляюцца ад буйных пакупак і забаў, імкнучыся знізіць выдаткі. Часцей за ўсё пра эканомію на прадуктах харчавання кажуць пенсіянеры, жыхары невялікіх гарадоў і людзі з прыбыткам да 500 рублёў у месяц.

Усяго 3,3% рэспандэнтаў паведамілі, што страцілі працу. Пры гэтым 20,4% заявілі, што без працы засталіся іх знаёмыя.

Даследчыкі таксама вызначылі індэкс спажывецкай упэўненасці. Ён разлічваецца на падставе пяці пытанняў, якія ўключаюць у сябе звесткі пра тое, як рэспандэнты ацэньваюць эканамічную сітуацыю ў краіне і сваёй сям'і, а таксама перспектывы яе змены.

«Мы бачым, што ўсе пытанні, якія звязаны з эканамічным станам краіны, у іх значна больш негатыву. Пераважная большасць рэспандэнтаў кажа, што эканамічная сітуацыя ў краіне пагоршылася, альбо хутчэй пагоршылася», — адзначыла Кацярына Барнукова.

Паводле яе слоў, гэта кантрастуе з макраэканамічнымі поспехамі. Такая ацэнка можа быць звязаная з інфармацыйнай прасторай, дзе пастаянна гучыць тэма санкцый. Таксама найбольшымі песімістамі ў ацэнцы бягучай сітуацыі аказаліся прадстаўнікі IT і «сярэдняга класа» (людзі з даходамі звыш 1000 рублёў). Пры гэтым яны больш пазітыўна за іншыя групы ацэньваюць уласную будучыню.

Для ўсіх адказаў на пытанні пра будучыню характэрная высокая доля нявызначаных. 30% рэспандэнтаў не змаглі ацаніць перспектывы эканомікі, а 19% — сваёй сям'і.

Інфаграфіка: «BEROC»

Інфаграфіка: «BEROC»


«Што тычыцца чаканняў ад будучыні ў перспектыве шасці месяцаў, то тут мы таксама выходзім на нейтральную траекторыю. У сярэднім па малых прадпрыемствах рэспандэнты не чакаюць ніякіх прарываў і ніякіх сур'ёзных пагаршэнняў», — адзначыў старшы навуковы супрацоўнік «BEROC» Леў Львоўскі.

Сярод прадпрыемстваў ёсць таксама свае аптымісты і песімісты. Найлепшыя ацэнкі бягучага становішча і перспектыў атрымалі ад прадстаўнікоў прамысловасці, якая стала галоўным бенефіцыярам «экспартнага цуду». Значна больш песімізму адчувае МСБ, які працуе ў будаўніцтве. Гандаль досыць пазітыўна ацэньвае бягучую сітуацыю, але яго насцярожвае высокая нявызначанасць у будучыні.

У бізнесе таксама моцныя інфляцыйныя чаканні.

«Цэны, як і на ўзроўні хатніх гаспадарак, на ўзроўні прадпрыемстваў захоўваюць высокія інфляцыйныя чаканні. Мала хто чакае моцнага павелічэння цаны. Пры тым вялікая частка чакае некаторага павелічэння цэн», — дадаў Леў Львоўскі.

Бізнес па-ранейшаму ацэньвае рызыкі працы ў Беларусі як высокія, хоць гэтая ацэнка і пачала мякчэць — у параўнанні з папярэднімі апытаннямі.