Латвія не прапусціла больш за 300 тон нафтапрадуктаў з Беларусі
Латвійская мытня не прапусціла ў краіну больш за 300 тон нафтапрадуктаў з Беларусі з-за санкцый.
Санкцыі ЗША забараняюць транспарціроўку нафтапрадуктаў з Беларусі, але яны не распаўсюджваюцца на перавозкі па дамовах, заключаных да ўвядзення санкцый, піша REFORM.by са спасылкай на выданне «Skaties».
«Мы забаранілі імпарт 383 тон нафтапрадуктаў з Беларусі ў Латвіі. Фактычна мы выявілі парушэнне ўведзеных санкцый. У дадзеным выпадку нам не далі інфармацыю аб кантракце, што таксама сведчыць аб парушэнні санкцый. Нам не даказалі, што кантракт быў заключаны да 25 чэрвеня 2021 года», — заявіў Райманд Зукулс, кіраўнік мытнага ўпраўлення Службы дзяржаўных даходаў.
Зукулс адмовіўся называць кампанію, для якой прызначаўся груз, і заявіў, што нафтапрадукты вярнулі ў Беларусь.
Нагадаем, Латвія з 20 снежня 2021 года па 15 студзеня 2022 увяла канвенцыйную забарону на прыём да перавозкі ўсіх грузаў з усіх станцый беларускай чыгункі ад шэрагу грузаадпраўнікаў прызначэннем на ўсе станцыі латвійскай чыгункі на адрас усіх грузаатрымальнікаў, а таксама на транзіт па тэрыторыі краіны. Такім чынам, свае грузы праз Латвію не здолеюць адправіць «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белнафтахім», «Белшына», «Гродна Азот» уключна з філіяй «Завод Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан», «Полацк-Шкловалакно» і «Беларуськалій».