Латвія забараніла перавозку грузаў беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў па сваёй чыгунцы
Латвія з 20 снежня 2021 года па 15 студзеня 2022 увяла канвенцыйную забарону на прыём да перавозкі ўсіх грузаў з усіх станцый Беларускай чыгункі ад шэрагу грузаадпраўнікаў прызначэннем на ўсе станцыі Латвійскай чыгункі на адрас усіх грузаатрымальнікаў, а таксама на транзіт па тэрыторыі краіны, паведаміў тэлеграм-канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси».

Латвія. Фота Дзіяны Серадзюк
Такім чынам, свае грузы праз Латвію не здолеюць адправіць Беларускі нафтавы гандлёвы дом, «Белнафтахім», «Белшына», «Гродна Азот» уключна з філіяй «Завод Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан», «Полацк-Шкловалакно» і «Беларуськалій».
На мінулым тыдні эстонскія СМІ заўважылі значны рост імпарту з Беларусі. Прычым асноўныя пастаўкі прыпадаюць на нафтапрадукты. Тавары ідуць праз гэтую краіну транзітам, а перавозяцца чыгункай. І гэта нягледзячы на тое, што Эстонія сама выступала за санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. МЗС краіны сказаў, што перавозка тавараў санкцый не парушае, паколькі «перавозчыкі праверылі адпаведнасць тавараў санкцыйным спісам і парушэнняў не знайшлі».
17 снежня стала вядома, што ў сувязі са скарачэннем беларускіх грузаў порт у літоўскай Клайпедзе пачаў звальняць рабочых, частка грузаў з Беларусі не прыходзіць ужо са студзеня, амаль год. Пасля скандалу з транзітам прадукцыі «Беларуськалія» старшыня праўлення «Літоўскай чыгункі» Кястуціс Шлюжас паведаміў аб звальненні кіраўніка кампаніі Мантаса Бартушкі.
«Радыё Свабода»