Ці з'явіцца ядзерная зброя ў Беларусі? Крэмль пакуль не вырашыў
У выпадку размяшчэння ўзбраенняў НАТА каля расійскіх межаў Крэмль разглядае самыя розныя варыянты магчымых крокаў у адказ. Пра гэта заявіў журналістам у панядзелак прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, адказваючы на пытанне аб магчымасці размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі.
«Ні для каго не сакрэт, што, безумоўна, размяшчэнне розных відаў узбраенняў [НАТА] ля нашых межаў, якія могуць уяўляць для нас небяспеку, запатрабуе прыняцця адпаведных крокаў з тым, каб збалансаваць сітуацыю. Тут магчымы самыя розныя варыянты», — цытуе прадстаўніка Крамля ТАСС.
Раней міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што краіна гатова размясціць у сябе ядзерную зброю пры пагрозе з боку НАТА. Аляксандр Лукашэнка да гэтага адзначаў, што Мінск прапануе Маскве прыняць такія меры, калі Паўночнаатлантычны альянс размесціць ядзерную зброю ў Польшчы.
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заклікаў НАТА пачаць прадметныя перамовы з мэтай прадастаўлення Расіі надзейных і доўгатэрміновых гарантый бяспекі.
У той жа час палітолаг Павел Усаў мяркуе, што расійскія войскі і ядзерная зброя ў нашай краіне з'явяцца.
«Масква выставіла ЗША і Захаду геапалітычны ультыматум. Захад павінен забяспечыць Расіі гарантыі бяспекі. Калі праз 26 дзён патрабаванні не будуць выкананы, Масква гатова да ваенна-тэхнічнага і ваеннага адказу. Адзін з такіх адказаў мае на ўвазе размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі (афіцыйна).
Псіхалагічна Пуцін падвёў рысу, калі Захад не прагнецца, яму давядзецца выканаць пагрозу ў любым фармаце, каб не паказаць, што ён слабак. Да вайны з Захадам, вядома, не дойдзе, а вось расійскія войскі і ядзерная зброя ў нашай краіне з'явяцца», — напісаў Усаў.