Пяць сцэнараў ЕС: якой будзе рэакцыя, калі РФ нападзе на Украіну

На саміце ЕС аднагалосна прыгразілі РФ магутнымі санкцыямі ў выпадку далейшай агрэсіі супраць Украіны. Але якімі яны будуць, агучваць не сталі, выказваючы спадзяванне, што да гэтага справа ўсё ж не дойдзе.

Канцлер Германіі Олаф Шольц і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон на прэс-канферэнцыі пасля саміта ЕС

Канцлер Германіі Олаф Шольц і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон на прэс-канферэнцыі пасля саміта ЕС

Ужо некалькі тыдняў кіраўнікі краін Захаду не стамляюцца перасцерагаць Расію ад эскалацыі канфлікту з Украінай. Калі Расія пойдзе на ваенныя дзеянні, ёй давядзецца заплаціць высокую цану, дадаюць яны. Зрэшты, які можа быць гэты кошт, яны не гавораць. На саміце ЕС (афіцыйна саміце Савета ЕС) 16 снежня ў Бруселі гэта стала ці не самай галоўнай тэмай.

ЕС: Расія павінна знізіць напружанасць ля межаў Украіны

На абмеркаванне Украіны і Расіі, а таксама Беларусі, лідарам краін ЕС спатрэбілася каля дзвюх гадзін. Менавіта на гэтую сесію прэзідэнтаў і прэм'ераў папрасілі пакінуць іх тэлефоны па-за залай для пасяджэнняў — каб гарантаваць канфідэнцыйнасць абмеркавання асабліва далікатнай тэмы.
У выніку лідары краін ЕС узгаднілі сумесную заяву. "Еўрапейская рада падкрэслівае тэрміновую неабходнасць Расіі зменшыць напружанасць, створаную нарошчваннем войскаў ля яе межаў з Украінай і агрэсіўнай рыторыкай", — адзначаецца ў заяве саміту. Лідары ЕС пацвердзілі поўную падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
"Адказам на любую далейшую ваенную агрэсію супраць Украіны стануць буйнамаштабныя наступствы і суровая цана, якая ўключае абмежавальныя меры, скаардынаваныя з партнёрамі", — перасцерагае камюніке. У той жа час Еўрасавет выказаўся ў падтрымку дыпламатычных намаганняў, у прыватнасці, у "нармандскім фармаце", з мэтай поўнай імплементацыі мінскіх пагадненняў.

Ці ўвядзе Еўрасаюз санкцыі ў дачыненні да Расіі?

Больш у камюніке ў адносінах да Украіны і Расіі нічога не ўтрымліваецца. І тым не менш над гэтым кароткім тэкстам у ЕС працавалі не адзін дзень. Што ж ён азначае?
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі днём раней падчас саміту "Усходняга партнёрства" ў Бруселі заклікаў сваіх калег па ЕС увесці санкцыі да магчымай эскалацыі з боку Расіі. На яго думку, менавіта меры на апярэджанне патрэбны для прадухілення расійскай агрэсіі.
Камюніке ж саміту ЕС адназначна дае зразумець, што санкцый на апярэджанне не будзе. Дакумент выразна паказвае, што цяпер Еўрасаюз засяродзіцца на дыпламатыі, а санкцыі ўвядуць толькі ў адказ на далейшую агрэсію.
І нават прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, які з'яўляецца прыхільнікам жорсткай палітыкі ў дачыненні да Расіі, не пагадзіўся з Зяленскім, што санкцыі постфактум будуць неэфектыўнымі. "Гэтыя санкцыі павінны ўтрымаць Расію ад уварвання або любога іншага віду агрэсіі супраць Украіны. Я думаю, гэта добры інструмент, моцны палітычны сігнал Расіі", — адзначыў ён і выказаў надзею, што гэтага сігналу, пададзенага ЕС і іншымі краінамі, у тым ліку ЗША, будзе дастаткова для стрымлівання РФ.

Якія санкцыі ЕС гатовы ўвесці ў дачыненні да РФ за агрэсію супраць Украіны?

Ніводны з палітыкаў на саміце Еўрасаюза не раскрыў магчымых мер супраць Расіі. "Наша пазіцыя — даць магутны сігнал, але не расказваць, якой менавіта будзе рэакцыя. Не раскрываць, што мы будзем рабіць, — гэта частка стратэгіі", — адзначыла высокапастаўленая крыніца DW у структурах ЕС.
Зрэшты, рыхтаваць канкрэтныя захады і не было задачай саміту ЕС. Дзеля гэтага існуе Еўракамісія. І яна яшчэ раней падрыхтавала пяць сцэнарыяў з магчымымі санкцыямі ў дачыненні да Расіі — такое заданне ёй даў Еўрасавет яшчэ ў чэрвені. Паколькі сітуацыя мяняецца, то, паводле слоў старшыні Еўракамісіі Уршулі фон дэр Ляйен, узнікла неабходнасць каардынаваць магчымыя меры з іншымі краінамі, у прыватнасці, ЗША. "Гэта працэс, які працягваецца... Мы хочам добрых адносін з Масквой, але на выпадак далейшай агрэсіі мы падрыхтаваны", — запэўніла яна.
Чаму магчымыя варыянты не будуць публікавацца? Дыпламат адной з дзяржаў ЕС адказвае: "Калі мы хочам дээскалацыі, то гэта будзе няправільным сігналам". А брусельскі чыноўнік тлумачыць, што калі ЕС назаве канкрэтныя варыянты рэакцыі за пэўныя дзеянні, то не толькі звяжа сабе рукі, але і можа справакаваць Расію.

Ці ёсць у ЕС адзінства наконт рэакцыі на дзеянні Расіі?

На днях выданне Bloomberg напісала аб рознагалоссях унутры Еўрасаюза наконт увядзення санкцый у выпадку агрэсіі з боку РФ. Перад пачаткам саміту ЕС і прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў аб наяўнасці разыходжанняў наконт санкцый "з некаторымі краінамі Заходняй Еўропы".
Зрэшты, заява Маравецкага — гэта пацверджанне агульнавядомага факту таго, што ў Заходняй Еўропе вызнаюць менш жорсткі падыход да санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да РФ, чым у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Але па пытанні гатоўнасці да жорсткай рэакцыі ў выпадку агрэсіі з боку Расіі ўсе крыніцы DW сярод дыпламатаў і чыноўнікаў ЕС запэўніваюць у адзінстве ўнутры Еўразвяза.
У рыторыцы розных краін ЕС сапраўды ёсць адрозненні. Так, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, выступаючы па выніках саміту, не паўтарыў пагрозу санкцыяў. Замест гэтага ён казаў аб пошуку палітычнага рашэння з дапамогай дыялогу і аб дапамозе Украіне. А вось новы канцлер Германіі Олаф Шольц, які даваў прэс-канферэнцыю ўдваіх з Макронам, перасцярогу ў адрас Расіі паўтарыў. Паводле яго слоў, тым, хто спрабуе змяніць межы ў Еўропе, "павінна быць зразумела, што ім трэба чакаць адпаведнай рэакцыі". І ў гэтым, удакладніў Шольц, аднагалосныя ўсе лідары ЕС, і ён з Макронам асабліва.
Па словах дыпламата адной з краін Еўрасаюза, з прычыны нарошчвання Расіяй войскаў у межаў Украіны ў ЕС нават скараціліся разыходжанні ў поглядах на РФ. "Я ўпэўнены на 100% — калі Расія пераступіць рысу, якую мы правялі, то ўсе будуць гатовы ўвесці санкцыі, прычым санкцыі, ад якіх будзе вельмі балюча, у прыватнасці і нам. Таму што калі санкцыі не шкодзяць табе, то гэта не сапраўдныя санкцыі", — адзначыла крыніца. Дзе праходзіць гэтая рыса? Гэтага ў Еўрасаюзе таксама не збіраюцца гаварыць па стратэгічных меркаваннях.