Новыя санкцыі супраць Беларусі ўвяла Швейцарыя
Швейцарыя пашырыла санкцыі супраць Беларусі. Абмежавальныя меры за міграцыйны крызіс закрануць шэраг чыноўнікаў, а таксама авіякампанію «Белавія», прадпрыемствы «Гродна Азот» і «Беларуснафта», паведамляе korrespondent.net.
Улады Швейцарыі ўвялі санкцыі супраць шэрагу арганізацый і фізічных асоб Беларусі. У санкцыйным спісе аказалася і авіякампанія «Белавія», пра што сведчаць даныя, апублікаваныя Дзяржаўным сакратарыятам краіны па эканоміцы (SECO).
«Міністэрства эканомікі, адукацыі і навукі Швейцарыі ўнесла змены ў дадаткі 7 і 8 да пастановы аб мерах у дачыненні да Беларусі ад 17 снежня 2021 года. Сямнаццаць фізічных асоб і адзінаццаць кампаній і арганізацый былі нядаўна ўключаныя ў дадатак 7», — гаворыцца ў паведамленні ведамства. Абмежаванні ўступяць у сілу 20 снежня ў 18.00.
У прыватнасці, санкцыі ўведзеныя супраць прэс-сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза, кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Анатоля Лапо, авіякампаніі “Белавія”, прадпрыемстваў “Гродна Азот” і “Беларуснафта”, а таксама Сірыйскай авіякампаніі Cham Wings.
Абмежавальныя меры Швейцарыя ўвяла ўслед за аналагічным рашэннем Еўрасаюза. У санкцыйным спісе ЕС фігуравалі 17 фізічных асоб (у асноўным гэта суддзі і супрацоўнікі памежных службаў Беларусі), а таксама 11 арганізацый, сярод якіх і “Белавія”.
Пашыраныя 15 лістапада крытэрыі санкцыйнага рэжыму ЕС па Беларусі дазволілі дадаваць у спісы тых, каго Брусель палічыў датычнымі да міграцыйнага крызісу ля беларускіх межаў.