«Белавія» вярнула ірландскай лізінгавай кампаніі «AerCap» тры самалёты «Embraer»
Як паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на тэлеграм-канал аб авіяцыі «ОтВинта», самалёты змянілі рэгістрацыю на ірландскую, іх перагналі на захоўванне ў іспанскі аэрапорт Кастэльён-Коста Азаар.
Да гэтага паветраныя судны ад сярэдзіны кастрычніка знаходзіліся на стаянцы ў казахстанскім Нур-Султане.
Яшчэ сем самалётаў «Embraer», якія раней былі ў авіяпарку «Белавія», цяпер знаходзяцца на стаянцы ў азербайджанскім Баку.
Беларускі авіяманапаліст трапіў у пяты пакет санкцый, якія ўвёў Еўрасаюз супраць афіцыйнага Мінска. Абмежаванні закранулі ў тым ліку лізінгавыя кантракты «Белавія», у выніку чаго партнёры запатрабавалі вярнуць частку самалётаў.
Генеральны дырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец у звязку з гэтым заявіў, што ў такой сітуацыі давядзецца купіць некалькі адзінак тэхнікі ў іншых краінах, каб не быць залежнымі ад лізінгу.