Цяпер і РБК: Расійскае выданне піша, што беларускія памежнікі дапамагаюць мігрантам перайсці мяжу з ЕС

Беларускія памежнікі дапамагаюць мігрантам з Ірака і Сірыі пераадолець мяжу і трапіць у Польшчу, адкуль мігрантаў у ФРГ перавозяць спецыяльна нанятыя людзі, кошт паслуг якіх уваходзіць у кошт «міграцыйнага» тура.

original_191220211900.jpg


Пра гэта піша РБК са спасылкай на мігрантаў, якія яшчэ больш за месяц таму распавялі выданню аб прычынах міграцыі і кошце туру (2,4-5 тысяч долараў), якім усё ж такі ўдалося дабрацца да ФРГ, паведамляе АФН.

Суразмоўцаў РБК даставілі на мяжу Беларусі з Польшчай на таксі, «як раней і абяцалі ў турфірме». Сказаць, які менавіта ўчастак мяжы гэта быў, не змаглі. Адзінае, што яны ведаюць, — гэта не тое месца, дзе размяшчаўся стыхійны лагер мігрантаў.

Акрамя іх да мяжы з'ехаліся каля 60-70 чалавек, якіх яны раней не бачылі. Калі ўсе былі ў зборы, беларускія памежнікі прапусцілі іх на нейтральную паласу. Там яны правялі тры дні, хаваючыся ў лесе, пасля чаго змаглі трапіць на нейтральную паласу ўжо з польскага боку. Далей былі шэсць дзён з начлегамі ў лесе без ежы, падчас якіх яны шукалі спосаб прабрацца ў краіну. У апошні дзень усю групу «накрылі» польскія памежнікі.

«Мы ўсе кінуліся ўрассыпную, большасць злавілі. Мне і яшчэ дзевяці людзям удалося збегчы і трапіць у Польшчу. Што з іншымі? Іх дэпартавалі назад у Беларусь, дзе яны цяпер — не ведаю, у нас з імі няма кантакту», — распавёў адзін з суразмоўцаў.

Адразу трапіць у Германію ў іх не выйшла, прыйшлося яшчэ тры дні правесці ў Польшчы. Увесь гэты час яны чакалі машыну, якая адвязе іх да канчатковага пункта прызначэння.

«Кіроўцам быў паляк, мясцовы. Яго паслугі, як і паслугі ўсіх, хто дапамагаў нам у Беларусі, мы аплацілі яшчэ ў Іраку да вылету з краіны. Так што ўсё было паводле дамоўленасці», — сцвярджае суразмоўца выдання, які цяпер жыве ў міграцыйным цэнтры ў Дрэздэне.