Дасье ў карыкатурах: 40 гадоў ваеннаму становішчу ў Польшчы

На мінулым тыдні Польшча адзначыла важны ў сваёй гісторыі юбілей — 40 гадоў увядзення ваеннага становішча. А вось як рэагавалі на яго тагачасныя мастакі.


Такім чынам, 13 снежня 1981 года генерал арміі Войцэх Ярузэльскі — першы сакратар ЦК ПАРП (Польская аб'яднаная рабочая партыя), міністр нацыянальнай абароны, праінфармаваў «грамадзянак і грамадзян» аб увядзенні ваеннага становішча ў Польскай Народнай Рэспубліцы і забароне прафсаюзу «Салідарнасць». Сцэна тэлевізійнага выступу генерала назаўжды ўвайшла ў гісторыю. Яе спрабавалі адлюстраваць нават з дапамогай канструктара Lego.

1_511.jpg

Пераварот паставіў камуністычных ідэолагаў у складанае становішча. Па-першае, касцяк прафсаюза «Салідарнасць» складалі працоўныя — перадавы клас паводле ідэалогіі марксізму-ленінізму. Па-другое, пасля легалізацыі самой «Салідарнасці» ў яе ўвайшло каля мільёна польскіх камуністаў, што складала прыкладна траціну ад усяго складу кіруючай партыі. Нарэшце, прафсаюз паспеў прыняць праграму вельмі левага характару. Іранізуючы над сітуацыяй, адзін з брытанскіх мастакоў прыдумаў карыкатуру. На малюнку Ярузэльскі пытаецца ў Валенсы, адкуль ён узяў такія антырэвалюцыйныя ідэі як, напрыклад, «працоўны кантроль»?

2_472.jpg


Акрамя таго, умяшанне вайскоўцаў у палітыку шмат каму тады нагадала нядаўні путч у Чылі. Нядзіўна, што адзін з нямецкіх мастакоў адлюстраваў Піначэта і Ярузэльскага, якія вітаюць адзін аднаго як калегі.

3_422.png


Многія за мяжой лічылі, што Ярузэльскі дзейнічаў па інструкцыях Крамля. На адной з французскіх карыкатур польскага лідара выявілі на павадку ў Брэжнева. Цікава, што пазней стаў папулярны тэзіс, што пераварот, наадварот, прадухіліў інтэрвенцыю войскаў Варшаўскага блока. Наконт гэтай версіі гісторыкі спрачаюцца дагэтуль.

4_394.jpg


Рэагавалі графікі і на жорсткасць вайскоўцаў, якія пасля абвяшчэння ваеннага становішча арыштавалі каля 10 тысяч чалавек і з выкарыстаннем зброі падаўлялі спробы супраціву. Былі і забітыя. «Салідарнасць» вымушана была пайсці ў падполле, што праілюстраваў адзін з мастакоў.

5_364.jpg

Ваеннае становішча працягнулася да 22 ліпеня 1983 года. Сілавое падаўленне апазіцыі, перш за ўсё прафсаюза «Салідарнасць», дазволіла часова стабілізаваць рэжым. Аднак толькі часова. Пераважная большасць грамадства ўспрымала ўладу вайскоўцаў як анамалію. Усё гэта ў поўнай меры адбілася на падзеях канца 1980-х, калі новы ўздым страйкавага руху прымусіў улады да перамоваў і пачатку дэмакратызацыі. Легалізацыя «Салідарнасці» аднаму з мастакоў нагадала сцэну ў кабінеце акуліста. Валенса вучыць Ярузэльскага чытаць слова «Салідарнасць».

6_253.jpg


Застаецца дадаць, што 13 снежня 1981-га да гэтага часу застаецца часткай не толькі гістарычнай, але і палітычнай позвы ў Польшчы. Палітыкі з розных лагераў атакуюць адзін аднаго, успамінаючы розныя аспекты часоў ваеннага становішча. Так, кансерватары нагадваюць лібералам дамову з Ярузэльскім. Яна, з аднаго боку, запускала працэс дэмакратызацыі, але з другога боку, надавала ўсім лідарам хунты прававы імунітэт.Лібералам і левым палякам аўтарытарныя ўчынкі цяперашняга кансерватыўнага ўрада нагадваюць брутальныя дзеянні вайскоўцаў у 1981-м. Напрыклад, часопіс Nie на днях стылізаваў прэзідэнта Анджэя Дуду пад Войцэха Ярузэльскага.

7_174.jpg