У Польшчы распачалі крымінальную справу ў дачыненні да дэзерціра, які ўцёк у Беларусь

Раённая пракуратура Беласток-Поўнач у Беластоку пачала расследаванне па факце дэзерцірства польскага жаўнера Эміля Чэчка ў Беларусь, піша Wyborcza.pl са спасылкай на PAP.

2693268.jpg

Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка раённай пракуратуры Варшавы Аляксандра Скшыняж. Зараз высвятляецца месцазнаходжанне падазраванага для прад'яўлення яму абвінавачанняў.

«У аддзеле па ваенных справах раённай пракуратуры Беласток-Поўнач распачатае расследаванне злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 339 КК Польшчы. Таксама была вынесена пастанова. Яна выдадзена для прад'яўлення абвінавачвання Эмілю Ч.», — распавяла яна.

Згаданы ёй артыкул абвяшчае наступнае: «Салдат, які бяжыць за мяжу або застаецца за мяжой падчас дэзерцірства, ухіляецца ад вяртання ў краіну, падлягае турэмнаму зняволенню ад аднаго года да 10 гадоў».

Нагадаем, у пятніцу 17 снежня ДПК Беларусі паведаміў аб тым, што польскі вайсковец папрасіў прытулку ў Беларусі. У інтэрв'ю беларускім прапагандыстам ён прызнаў, што дэзерціраваў з войска. Польскія СМІ паведамлялі, што беглы вайсковец быў на мінулым тыдні затрыманы за нецвярозае кіраванне, праблемы з законам у маладога чалавека пацвердзіў і міністр абароны Польшчы.

Паводле reform.by.