«Людзі цягнуцца да сваёй нацыі». Удзельніца пратэстаў стварыла ў Варшаве суполку для беларускіх стартапераў

Айцішніца Вераніка Ліндарэнка выехала з Беларусі з палітычных прычынаў. Цяпер яна жыве і працуе ў Варшаве. Увесну Вераніка стварыла тэлеграм-канал суполкі беларускіх стартапэраў Ū-Hub, які сёння налічвае амаль паўтысячы ўдзельнікаў.Ужо некалькі месяцаў суполка арганізоўвае сустрэчы, дзе людзі дзеляцца ідэямі, знаходзяць новыя знаёмствы, працу і супрацоўнікаў у сваю каманду. Падрабязней пра суполку Вераніка расказала «Свабодзе».

1be90000_0aff_0242_a8e1_08d9c145354f_w650_r0_s.jpg

«Заставацца ў краіне было небяспечна»

Вераніка Ліндарэнка, як і тысячы беларусаў, цяпер у прымусовай эміграцыі. Дзяўчына пакінула Беларусь праз некалькі дзён пасля вызвалення са следчага ізалятару. Туды яна трапіла летась у верасні за ўдзел у акцыі падтрымкі салігорскага страйкама.

Адразу Вераніка з хлопцам вырашылі проста паехаць адпачыць на два тыдні ва Украіну, аднак у выніку на радзіму яны ўжо больш не вярнуліся.

«Мы паглядзелі на тое, што адбываецца, сітуацыя толькі пагаршалася: мяне выклікалі ў РАУС, пачалі правяраць індывідуальнае прадпрымальніцтва. Ды і хлопец таксама ўдзельнічаў у акцыях. Значыць, заставацца ў краіне было небяспечна для нас абаіх», — тлумачыць Вераніка.

Потым пара пераехала ў Польшчу. Такое рашэнне яны прынялі пасля таго, як даведаліся аб праграме польскага ўрада Poland.Business Harbour, створаную для падтрымкі беларускіх праграмістаў і прадпрымальнікаў у IT-сферы.

Менавіта з гэтым звязная праца Веранікі. З 2012 года Вераніка Ліндарэнка была маркетолагам у некалькіх IT-кампаніях.

Да рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніцтва яна працавала ў кампаніі OneSoil, пасля звальнення з якой у 2020 годзе пачала займацца кансультацыямі для стартапаў.

«Я разумела, што ў гэтым я эксперт і змагу дапамагчы іншым, плюс такі спецыяліст патрабаваўся на рынку, і я вырашыла паспрабаваць. Таксама троху яшчэ ўдзельнічала ў іншых стартапах і распрацоўвала для іх маркетынгавыя стратэгіі. Таму і адкрыла ІП, бо хацела, каб усе было афіцыйна», — расказвае суразмоўца.

Паралельна Вераніка займалася ўласным праектам SwaPlants — аплікацыяй для абмену хатнімі раслінамі і інфармацыяй аб іх доглядзе.

«Паколькі я працавала раней у стартапе, я ведала, як прасоўваць гэтыя аплікацыі. І тэма, звязаная з раслінамі, мне самой была цікавая», — кажа Вераніка.

Для працы над праектам яна змагла сабраць каманду беларусаў, разам з якой потым узяла ўдзел у некалькіх хакатонах, дзе SwaPlants аказаўся ў ліку пераможцаў.

«Спачатку ў нас быў фокус на экалогіі і на тым, каб людзі сустракаліся пасля ковіду і зноў пачыналі сябраваць. Пазней з SwaPlants мы трапілі ў польскую акселерацыйную праграму (pre-acceleration program) пры падтрымцы Google. І ўжо там зразумелі, што трэба шмат чаго мяняць, каб гэта быў сапраўдны бізнес, а не некамерцыйны праект. Засталася толькі тэма — расліны, а ў астатнім трэба было рабіць pivot (змена курсу руху стартапу з мэтай тэставання новага кірунку развіцця), які б заняў 2-3 месяцы».

Вераніка вырашала паставіць праект на паўзу, каб захаваць сілы і фінансава ўладкавацца ў новай краіне.

На той момант яна яшчэ працавала ў фрылансе, а таксама стварыла тэлеграм-канал суполкі беларускіх стартапераў.

«Я была ў стрэсе, у стане, калі выходзіш з зоны камфорту і можаш шмат чаго зрабіць»

«Я не планавала рабіць суполкі, калі толькі прыехала ў Варшаву, бо хацела вывучыць мову і арганізаваць неяк сваё жыццё, — кажа суразмоўца, — Але склалася так, што знаёмы хлопец-стартапер, з якім разам раней працавалі, аднойчы сказаў: «Ты ж умееш рабіць гэтыя суполкі! Ну давай!» (у Беларусі Вераніка мела такі досвед, бо рабіла лекцыі аб маркетынгу ў стартапах). Здаецца, я была ў моцным стрэсе, у стане, калі выходзіш з зоны камфорту і можаш шмат чаго зрабіць, таму і пагадзілася».

Спачатку Вераніка спыталася ва ўдзельнікаў тэлеграм-чату Poland.Business Harbour (PBH), ці шмат сярод іх зацікаўленых ва ўзнікненні такой суполкі. Адказы былі розныя, але большасць выказалася станоўча. Упершыню ўжывую ўдзельнікі суполкі сустрэліся ў траўні гэтага года.

«Я вельмі хвалявалася, як усе адбудзецца, таму што ніколі не бачыла гэтых людзей. Але сустрэча была вельмі цёплая: мы сядзелі разам за агульным сталом, павесілі наш бел-чырвона-белы сцяг. Нават прыехала Наста Хаменкова з Іmaguru, не ведаю, знарок ці проста так. Усе былі настроены на сяброўства, хацелі абмяркоўваць ідэі, пітчылі (рабілі кароткія прэзентацыі праектаў, бізнес-ідэй)», — успамінае Вераніка Ліндарэнка.

«Нават беларусы пыталіся: А хто за гэта плаціць?»

Пазнаёміўшыся з аўдыторыяй, Вераніка праз нейкі час пачала ставіць для суполкі больш канкрэтныя мэты. Просты абмен ідэямі паступова ператварыўся ў адукацыю.

«Мы прыдумалі назву, было сапраўднае галасаванне і вырашылі пакінуць Ū-Hub. Лагатып нам зрабіў удзельнік суполкі, — кажа Вераніка. — Аднак проста гутарыць не так цікава, як рабіць нэтворкінг (стварэнне і развіццё сеткі карысных знаёмстваў) пасля лекцый, каб людзям было што абмеркаваць».

Паколькі ў Веранікі быў досвед з арганізаваннем мітапаў (нефармальных збораў спецыялістаў для абмеркавання пытанняў і перадачы ведаў) у Беларусі, яна вырашыла праводзіць іх і для суполкі.

«У новай краіне знайсці памяшканне для арганізацыі мерапрыемстваў і кантакты цяжка», — прызнаецца Вераніка.

Паводле яе, прапановаў пляцоўкі для мітапу ад розных арганізацый і кампаній паступала шмат, аднак у большасці выпадкаў гэтая паслуга была за грошы.

«Калі спачатку са мной размаўлялі нават беларусы, то яны пыталіся «А на каго ты працуеш?», «Хто за гэта ўсе плаціць?», а мне было проста цікава размаўляць з новымі людзьмі і хацелася неяк ім дапамагчы, напрыклад з працай у цікавых праектах, знаёміць стартапы з інвестарамі, акселератарамі. Проста мне задаецца, што пасля 2020 года ўсе дапамагалі адно аднаму, і немагчыма было спыніцца. І паколькі я рабіла ўсё гэта на валанцёрскіх пачатках, то шукала каворкінгі не са зніжкай нават, а бясплатна».

І ў Веранікі гэта паспяхова атрымлівалася. У выніку спатканні з суполкай праводзілі, сярод іншага, у WeWork, офісе кампаніі Connectis, Venture Cafe Warsaw (CIC), Elektrownia Powiśle, Беларускім доме і, паводле планаў, яны адбудуцца ў іншых месцах.

«15-16 снежня нас паклікаў у госці прадстаўнік мясцовай улады Лодзі. Ён зацікаўлены ў тым, каб да іх прыязджалі беларускія кампаніі. Таму мы паедзем туды, паглядзім горад, пазнаёмімся з новымі людзьмі з нашай сферы. І потым раскажам пра ўбачанае беларусам у Варшаве. Можа, хтосьці захоча распачаць свае праекты там, будзем такімі «пасламі добрай волі», — жартуе дзяўчына.

«Удзельнікі публічна не расказваюць, як ім дапамагла суполка»

Вераніка кажа, што не ўсе ўдзельнікі тэлеграм-суполкі раней былі звязаныя са стартапамі:

41% з іх робяць свой стартап;

10% працуюць у стартапе;

36% працуюць у ІТ;

10% займаюцца нетэхналагічным бізнесам;

3% — так званыя «тусоўшчыкі», якія хочуць набыць новыя знаёмствы.

Такімі атрымаліся вынікі апытання, якое Вераніка правяла нейкі час таму.

Тыя, каму дапамагла суполка, пра свае поспехі публічна пакуль не расказваюць, прызнаецца суразмоўца:

«Success cases — адзін хлопец знайшоў сабе ў каманду распрацоўшчыка і дызайнера, цяпер яны ўжо зрабілі MVP (мінімальна жыццяздольны прадукт) і тэсцяць яго. І ведаю, што адзін ці два стартапы атрымалі інвестыцыі праз інвестара, які трапіў у наш чат. Але публічна расказваць яны пра гэта не хочуць. Магчыма, не ўпэўненыя ў тым, што ўсё будзе добра, але калі б яны расказалі, гэта было б і матывацыяй для іншых».

Вераніка расказала, што ў будучыні для суполкі будзе створаны сайт:

«Гэта вельмі зручна, плюс яго можна паказаць мясцовай уладзе, аўдыторыі. Такая вітрына, пры дапамозе якой можна ўзаемадзейнічаць. Магчыма, будзе нейкі форум ці блог, інфармацыйныя старонкі і месца, дзе можна будзе напісаць, што нехта шукае працу ці супрацоўніка».

Вераніка таксама згадала, што сустрэчы з суполкай дапамагалі і ёй знайсці новыя працоўныя знаёмствы, веды і нават сяброў.

«Я спадзяюся, што мы вернемся, але ўсё роўна людзі спрабуюць асімілявацца і падчас гэтага цягнуцца да сваёй нацыі. Таму я за тое, каб людзі сустракаліся, як гэта робім мы», — кажа дзяўчына.