Падрыхтуйцеся, зараз стане сумна

Замена «філасофскага парахода» на «журналісцкі самалёт» не сведчыць пра змяненне прыроды палітычных рэжымаў у Саюзнай дзяржаве.

oberburgermeister_haken.jpg


Як чалавек, які больш за дзесяць гадоў спецыялізуецца на цывілізацыйным аналізе, я прызвычаіўся, што большасць маіх апанентаў эмацыйна рэагуюць на выснову наконт прыналежнасці Беларусі да расійскай цывілізацыі.
На рацыянальным узроўні аргументаваных пярэчанняў мне так і не давялося пачуць. На пытанне пра тое, калі не да расійскай, то да якой цывілізацыі належыць цяпер Беларусь, адказу, як правіла, не гучала. Максімум, на што здольныя былі спаслацца апаненты, — гэта згадаць Вялікае Княства Літоўскае.
Безумоўна, у слаўныя часы да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) тэрыторыя сучаснай Беларусі была часткай заходне-хрысціянскай цывілізацыі. Але ключавое слова тут — БЫЛА.
Чаму я ўжываю дзеяслоў «быць» у мінулым часе — тэма для асобнай гутаркі. Цяпер жа мяне цікавіць сучаснасць. Яна бесперапынна генеруе падзеі, якія сведчаць пра блізкасць дзвюх культур і, як следства, двух палітычных рэжымаў.
Нобелеўская прамова галоўнага рэдактара «Новай газеты» Дзмітрыя Муратава, з якой ён выступіў 10 снежня на цырымоніі ўручэння прэміі ў ратушы Осла, — яркі прыклад такой блізкасці. Усім сваім чытачам рэкамендую знайсці і прачытаць яе ў інтэрнэце, бо фармат майго опуса істотна абмяжоўвае магчымасць цытавання. Але я паспрабую выбраць самыя важныя фрагменты.
«Раніцай 8 кастрычніка мне патэлефанавала мама. Спытала, што новенькага.— Ды вось, — кажу, — мама, атрымалі Нобелеўскую прэмію…— Гэта добра. А што яшчэ новенькага?...Зараз, мама, я ўсё табе раскажу».
«Я ўпэўнены, што свабода перакананняў, разам з іншымі грамадзянскімі свабодамі, з’яўляецца асновай прагрэсу».
Амерыканцы з НДА тлусцеюць. А мы?
Слова «прагрэс» папулярнае ў асяродку «залатых пёраў» беларускай журналістыкі. Яны знаходзяць яго паўсюль: у рэалізацыі праграмы мэтавага ўстойлівага развіцця, у АПК, у экспарце прадукцыі ў краіны далёкага замежжа.
Тройчы меў рацыю французскі сацыёлаг П’ер Бурдзье, які вымяраў кампетэнцыю тонкасцю ўспрымання. Чаго-чаго, а ў тонкасці ўспрымання «залатым пёрам» не адмовіш.
Дый як не заўважыць наш прагрэс, калі яго бачаць нават тыя, хто гатовы дорага заплаціць, каб яго не заўважаць? Беларусь па індэксе развіцця моладзі займае 51-е месца са 180 краін, а па індэксе прагрэсу моладзі — 52-е месца сярод 150 дзяржаў.
«Узнікла ілюзія, — кажа з гэтай нагоды Муратаў, — што можна дасягнуць прагрэсу тэхналогіямі і гвалтам, а не выкананнем правоў і свабод чалавека».
У заходне-хрысціянскай цывілізацыі наяўнасць шчыльнай сеткі НДА з’яўляецца абавязковай умовай устойлівага эканамічнага росту. Тым, хто сумняваецца, рэкамендую звярнуцца да бестселера нобелеўскага лаўрэата Дугласа Норта і яго калег Джона Уолеса і Бары Вайнгаста «Гвалт і сацыяльныя парадкі» (кнігу можна знайсці ў інтэрнэце). На старонцы 50 чытаем: у 2000 годзе ў ЗША «на кожныя 160 жыхароў гэтай краіны прыходзіцца па меншай меры 1 фармальная некамерцыйная арганізацыя».
Амерыканцы, нібы персанаж з байкі «Свіння і дуб» з НДА тлусцеюць. А мы? Падрыхтуйцеся, зараз стане сумна: «Выяўлена выразная заканамернасць: рост колькасці некамерцыйных арганізацый — гэта маркер падрыхтоўкі каляровых рэвалюцый. Пад выглядам дабрачыннасці, сацыяльна значных праектаў яны адпрацоўваюць чужую палітычную замову».
Наш прагрэс, наша развіццё — гэта, калі карыстацца тэрміналогіяй Леніна, савецкая ўлада (акцэнт на слове «ўлада») плюс электрыфікацыя і іншыя тэхнічныя прыбамбасы. Іх прагрэс — гэта фарміраванне аўтаномнай, максімальна незалежнай ад шчадротаў дзяржавы асобы. Што тычыцца прыбамбасаў, то яны з’яўляюцца ўсяго толькі следствам наяўнасці крытычнай масы асобаў.

Новая сацыяльная група — збеглыя

З тым, што рост колькасці некамерцыйных арганізацый з’яўляецца маркерам падрыхтоўкі каляровых рэвалюцый, варта пагадзіцца, але з адной папраўкай. Каляровыя, як і ўсе іншыя рэвалюцыі, узнікаюць не ў выніку мэтанакіраваных намаганняў апанентаў улады, а з’яўляюцца следствам няздольнасці ўлады адказваць на сучасныя выклікі.
«Няма чалавека — няма праблемы». Гэтую фразу прыпісваюць Іосіфу Сталіну, хоць на самай справе яе прыдумаў савецкі пісьменнік Анатоль Рыбакоў. Але хто б яе ні прыдумаў, у межах Саюзнай дзяржавы (зрэшты, як і ў межах СССР) яе не варта разглядаць у якасці фігуры маўлення. Перад намі «адлітае ў граніце» (аўтарства фразеалагізму належыць расійскаму палітыку Дзмітрыю Мядзведзеву) кіраўніцтва да дзеяння.
Падмацую сказанае чарговай цытатай з Нобелеўскай прамовы: «У наступным годзе будзе 100 гадоў, як 29 верасня з Санкт-Пецярбурга адышоў у Германію, у порт Штэтэн, “філасофскі параход” — чарговы рэйс, на якім бальшавікі выгналі з Расіі амаль 300 найбольш слынных прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты. На параходзе Oberburgermaister Haken адправілі ў выгнанне будучага вынаходніка верталётаў Сікорскага, стваральніка тэлебачання Зварыкіна, філосафаў Франка, Ільіна, Піцірыма Сарокіна. Найбуйнейшы мысляр Мікалай Бярдзяеў таксама быў там. Як і ўсім, яму дазволілі ўзяць піжаму, дзве кашулі, дзве пары шкарпэтак і зімовае паліто. Так Радзіма развіталася са сваімі вялікімі грамадзянамі: рэчы пакідайце, а мазгі можаце забіраць з сабой.
З журналістамі і праваабаронцамі сёння карціна паўтараецца».
Цяпер замест «філасофскага парахода» ляціць «журналісцкі самалёт».
2020 год сфарміраваў у Беларусі новую сацыяльную групу — збеглыя. Колькі сярод іх будучых беларускіх Сікорскіх, Зварыкіных і Бярдзяевых — ніхто сёння сказаць не зможа. Але ў тым, што яны сярод збеглых ёсць, — сумнявацца не даводзіцца.
У сталінскія гады кандыдаты ў збеглыя працавалі ў шарашках. Іх інтэлектуальных намаганняў хапала на тое, каб запазычаныя на Захадзе тэхнічныя распрацоўкі асвойвала савецкая прамысловасць.
Часы змяніліся. Узровень складанасці не толькі ваенных, але і масавых вырабаў сёння такі, што не можа быць узноўлены ў рамках культуры, з якой ляцяць «журналісцкія самалёты».
Просты прыклад. Для атрымання апошніх марак мабільных тэлефонаў у Амерыку і Карэю засылаць шцірліцаў не абавязкова. Што перашкаджае вырабляць іх аналагі? Адсутнасць найвышэйшага ўказання? Аднак такое даўно маецца. У 2004 годзе Мінпрам на яго аператыўна адрэагаваў і адрапартаваў пра гатоўнасць прыступіць да вытворчасці ў Маладзечне («Спадарожнік») і ў Барані («Лес»).
Ну што ж, усё яшчэ чакаем…