Беларуска, што ўцякла ад пераследу: Нам усім трэба было цікавіцца палітыкай
Палітычны пераслед з боку КДБ і эміграцыя — яшчэ зусім нядаўна Надзея (імя гераіні зменена) нават не ўяўляла, што яе лёс павернецца такім чынам. Яна ніколі не цікавілася палітыкай, але праз стрымы Сяргея Ціханоўскага даведалася пра тое, што адбываецца ў краіне і не змагла вытрываць несправядлівасць. Жанчына, якая цяпер вымушана жыве ў Батумі, падзялілася з «Новым Часам» сваёй гісторыяй.
«Праўладны назіральнік казаў, што прагаласуе за Ціханоўскую»
— Усё пачалося з таго, што сын падарыў мне айфон і падпісаў мяне на YouTube, — распавядае Надзея. — І выпадкова я паглядзела стрым Сяргея Ціханоўскага, калі ён ездзіў у Добруш і яму там дулю паказалі. Мяне гэта вельмі зацікавіла, я на яго падпісалася і стала глядзець яго стрымы.
Да гэтага, прызнаецца Надзея, яна нічым не цікавілася, бо клопату ў жыцці і так хапала: праца, мама і брат з інваліднасцю. І хоць сын час ад часу распавядаў пра тое, што адбываецца, насамрэч Надзея не асабліва слухала.
— Я была прадпрымальнікам, працавала сама на сябе, някепска зарабляла і не цікавілася падзеямі ў краіне. Але калі я паглядзела стрымы Ціханоўскага, дзе ён сустракаўся з людзьмі, якія распавядалі пра несправядлівасць, паказваў разбурэнні — для мяне было дзіка, што такое ў краіне адбываецца.
Дзякуючы стрымам Ціханоўскага Надзея даведалася пра Паўла Спірына, Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча. Жанчына падпісалася на іх старонкі ў сеціве — «зацягнула».
— Дзеці ў мяне падраслі, нарадзіўся ўнук. І калі я ўсё гэта бачыла, мяне больш за ўсё хвалявала, што мой унук вырасце і можа сутыкнуцца з усёй гэтай несправядлівасцю. Мне хацелася неяк перашкодзіць гэтаму.
Тады, гаворыць Надзея, яна яшчэ верыла, што ў краіне ёсць закон. Калі пачалася перадвыбарчая кампанія, яна запісалася ў назіральнікі. Па яе словах, 6 жніўня падчас датэрміновага галасавання на яе ўчастку ў пратаколе запісалі на 200 чалавек больш, чым прыйшло насамрэч.
— Калі я падыйшла да старшыні камісіі і зрабіла яму вусную заўвагу, што ў яго няправільныя падлікі, ён сказаў, што такога не можа быць. Тады я сказала, што мы рыхтуем скаргу і будзем звяртацца ў пракуратуру. Відаць, ён спужаўся, таму што праз 10 хвілін падыйшоў да мяне і папрасіў прабачэння. На той момант я ўжо пазнаёмілася з праўладнымі назіральнікамі, і яны нават пакінулі мне свае тэлефоны і сказалі, што пацвердзяць мае лічбы. Але ў выніку іх запалохалі звальненнем і пазбаўленнем службовага жылля. Адзін з іх вельмі доўга прасіў прабачэння, казаў, што 9 чысла сам прыйдзе і прагаласуе за Ціханоўскую, але ён адзін працуе, у яго маці, жонка ў дэкрэце і маленькае дзіця.
«Была гатовая ісці ў першых шэрагах і пратэставаць»
Надзея гаворыць, што самым жахлівым для яе стаў вечар 9 жніўня, карціна якога да сяе пары стаіць у яе перад вачыма.
— Калі ў 8 гадзін у нас перад носам зачынілі дзверы і мы не маглі зайсці на ўчастак, каб назіраць за падлікам галасоў, мы выйшлі на вуліцу. Да школы пад’ехалі два аўтобусы і бусік. З яго вылецелі амапаўцы ў чорнай форме. Спачатку яны падыйшлі да нас і сталі крычаць, што выбары скончаныя і мы павінны пакінуць тэрыторыю школы. Мы сказалі, што акрэдытаваныя назіральнікі і маем права тут знаходзіцца. Можа, яны падумалі, што мы праўладныя назіральнікі, таму нас не кранулі.
Тады сілавікі пабеглі да людзей, якія прыйшлі, каб даведацца пра вынікі галасавання. Пад пагрозамі некаторыя сталі разыходзіцца, а да тых, хто не хацеў сыходзіць, прымянялі сілу.
— Аднаго хлопца пачалі збіваць, а потым за рукі і за ногі пацягнулі ў бус. Так затрымалі каля 10 чалавек. Аднаго хлопца затрымалі разам з бацькам, якому было за 70. У бацькі на Акрэсціна здарыўся мікраінсульт. Іх, 17 чалавек, трымалі ў 2-меснай камеры, збівалі, не давалі ні піць, ні есці, і толькі на чацвёрты дзень ім кінулі паўбохана хлеба. Распавядалі яшчэ пра аднаго хлопца, якога затрымалі на стэле. Яму ў нагу трапіў аскепак, яна моцна распухла, ён не мог нават хадзіць у туалет — яго насілі. І калі сказалі, што яму кепска і ў яго тэмпература, уварваўся амапавец і са словамі «Каму тут патрэбная дапамога?» пачаў яго збіваць дубінкай.
Сама Надзея, да 11 вечара так і не дачакаўшыся выніковага пратаколу, пайшла дамоў. У той вечар яна плакала і распавядала брату пра тое, як ні ў чым не вінаватых людзей хапалі і збівалі проста так. Пасля такога, казала жанчына, яна гатовая ісці ў першых шэрагах і пратэставаць.
У тую ноч ёй пазваніла дачка, якая была на стэле, і распавяла, як да пратэстоўцаў пад’ехала машына «Хуткай дапамогі», адтуль выскачылі амапаўцы і сталі хапаць людзей.
— На наступны дзень мы паехалі на Пушкінскую. Усё было прыгожа, людзі танчылі, крычалі «Сыходзь!», сігналілі машыны. Мы не хацелі ваяваць, хаця былі маладыя хлопцы, якія перакрывалі дарогу кветнікамі. Потым усе сталі ўцякаць, і калі мы беглі, у нас з-пад ног выскоквалі аскепкі — па нас стралялі святлашумавымі гранатамі. Нейкі мужчына заклікаў 100 добраахвотнікаў, каб адбівацца, а я палічыла яго правакатарам і крычала, каб ён перастаў заклікаць, бо ў нас мірны пратэст. Цяпер не ведаю, ці правільна я рабіла.
Узгадвае Надзея, як сустрэлі тады некалькіх хлопцаў, якія распавялі, што сілавікі забілі чалавека — пэўна, яны казалі пра Аляксандра Тарайкоўскага. Яны хацелі яму дапамагчы, але іх адагналі. Яшчэ аднаму хлопцу адарвала ступню.
Пасля гэтага Надзея стала хадзіць на ўсе маршы пратэсту, удзельнічала ў дваровых чаяваннях, распаўсюджвала «Честную газету», клеіла налепкі.
Ударылі, пагражалі пасадзіць на дубінку
У першы раз супрацоўнікі КДБ прыйшлі да яе гэтым летам.
— Было каля 10 гадзін раніцы. Іх было 7 чалавек, у цывільным. Яны правялі ў мяне ператрус па артыкуле аб тэрарызме ў сувязі з намерам падарваць вузел сувязі ў Вілейцы, я праходзіла як сведка.
Пры ператрусе ў жанчыны забралі два бел-чырвона-белых сцяга, два парасоны, якія адразу зламалі, і тыя самыя газеты, якія яна распаўсюджвала.
Другі візіт сілавікоў да Надзеі быў больш жорсткім. Гэта адбылося пасля трагедыі, падчас якой загінулі праграміст Андрэй Зельцэр і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Да жанчыны сярод ночы ўварваліся ўзброеныя сілавікі па падазрэнні ў тым, што яна паставіла тры плюсы пад каментаром у адным з тэлеграм-каналаў: «У нас у краіне няма сілавых структур, а ёсць толькі бандыты».
— Гэтым разам да мяне прыехалі 15 чалавек спецназа КДБ, яны стаялі і ў пад’ездзе. У іх была нават раздрукоўка гэтага каментара. Была першая гадзіна ночы, муж пайшоў адчыняць. Яны былі ў форме, са шчытамі з падсветкай, з аўтаматамі. Уламіліся і сталі крычаць «Усім на падлогу!». Павалілі брата і мужа, брату ўдарылі нагой па твары, мужу зламалі рэбры. Каля кожнага стаяў чалавек з аўтаматам, і яшчэ васьмёра былі ў цывільным.
У кватэры пачалі рабіць ператрус, выкідаючы ўсё з шафаў, і запатрабавалі, каб прыехала дачка Надзеі. Запытваліся і пра сына, але Надзея сказала, што не падтрымлівае з ім адносіны. Яго да гэтага таксама двойчы затрымлівалі, адзін раз нават зламалі скулу.
— Калі мне далі прачытаць пратакол, я спытала, чаму яны прыйшлі да мяне, а не прыходзяць да тых, хто сфальсіфікаваў выбары. Мне сказалі чытаць далей, а адзін з сілавікоў ударыў мяне па шчацэ і па галаве і стаў пагражаць. Я спытала, ці ён гэтак жа размаўляе са сваёй маці. На што другі адказаў: «А якая ты маці, што нават не ведаеш, дзе твой сын?».
Потым Надзеі загадалі зняць залатыя ўпрыгажэнні, выцягнуць шнуркі з абутку і апрануцца — сказалі, што павязуць на Акрэсціна. Але замест ізалятара на Акрэсціна жанчыну прывезлі ў КДБ.
— Я сказала супрацоўнікам у цывільным, што толькі што іх супрацоўнік мяне некалькі разоў ударыў, запалохваў і пагражаў пасадзіць на дубінку. Але яны зрабілі выгляд, што гэта так і трэба.
Надзею завялі ў будынак, і яна ўбачыла на тумбачцы партрэт загінулага ў перастрэлцы супрацоўніка і гваздзікі каля яго. Ёй паказалі, маўляў, вось, паглядзі. Але Надзея толькі спытала: «А хто гэта такі?».
Жанчына ўзгадвае, што ёй вельмі хацелася піць, і ёй давалі ваду, папярэджваючы, што на Акрэсціна папіць не ўдасца. Потым яе дапытвалі, пагражалі выклікаць на допыты ўсіх яе родных, пакуль яна не прызнаецца ў тым, што гэта яна пакінула плюсы пад каментаром.
— Мяне дапытвалі да чатырох гадзін раніцы, але я ні ў чым не прызналася. Мне далі пачытаць 130 артыкул Крымінальнага кодэкса аб распальванні нянавісці, потым склалі на мяне пратакол. Я яго прачытала, а потым адзін са следчых сказаў, што прапусціў літару ў прозвішчы і хоча выправіць. У выніку ён перадрукаваў гэтыя тры лісты, і гэты экземпляр я ўжо не прачытала, але распісалася.
Надзеі сказалі, што яна смяялася з таго, што забілі супрацоўніка КДБ. Але жанчына гаворыць, што яна не магла з такога смяяцца.
Жанчыну ўсё ж не павезлі на Акрэсціна, а адпусцілі. Яна дайшла пешшу да ГУМа, убачыла таксі і папрасіла кіроўцу адвезці яе дадому, пакінуўшы яму ў заклад свой пашпарт — грошай у яе не было. Дома муж заплаціў за таксі.
«Сорамна перад дзецьмі і ўнукамі»
— Спаць у тую ноч я ўжо не магла, напілася валяр’янкі, а раніцай патэлефанавала сяброўкам, і яны сказалі, што мне трэба тэрмінова з’язджаць. Я хутка сабрала рэчы, паехала да сяброўкі і ўзяла квіток на бліжэйшы самалёт у Батумі.
У Мінску ў Надзеі засталіся маці, брат, муж і дачка. Сын са сваёй сям’ёй з’ехаў у Аўстрыю. Жанчына гаворыць, што ёй вельмі цяжка ў чужой краіне. Яна два месяцы не магла знайсці працу, але потым здолела ўладкавацца памочнікам выхавацеля ў дзіцячым садку. Дзяцей яна вельмі любіць, але заробку ў 400 лары (каля 330 беларускіх рублёў) не хапае нават, каб аплаціць арэнду кватэры. На шчасце, побач ёсць людзі, якія падтрымліваюць у цяжкую хвіліну.
Нават на адлегласці Надзея не перастае адчуваць страх ад таго, што адбываецца на радзіме. І шкадуе толькі аб адным:
— Я лічу, што нам усім трэба было цікавіцца палітыкай. Шкадую, што мы не ведалі ўсяго, што адбывалася з 1996 года, калі разагналі парламент, калі забілі Захаранку. Чым дольш мы маўчалі, тым больш людзей цярпела і тым больш стала завязаных у гэтай хунце. Хочацца папрасіць прабачэння ў моладзі за тое, што яны пакутуюць праз нашу абыякавасць. Сорамна перад дзецьмі і ўнукамі, — не стрымлівае слёз жанчына.
Хоць яна памятае падзеі 25-гадовай даўніны, чамусьці тады ёй было ўсё роўна, які герб і сцяг у нашай краіны і што ўвогуле адбываецца.
— Шчыра кажучы, мне і да 2020 года было ўсё роўна, які сцяг. Толькі калі на аўтазаках з’явіліся чырвона-зялёныя сцягі, у мяне пачалося іх адрынанне, бо для мяне гэта была асацыяцыя з фашызмам. Аднойчы мы нават ішлі на марш са знаёмым, былым палкоўнікам, і я казала, што мне ўсё роўна, а ён тлумачыў, што не, сцяг — гэта вельмі важна. Цяпер, канечне, бел-чырвона-белы сцяг для мяне — гэта сцяг дабрыні, справядлівасці, чагосьці цудоўнага.
Надзея перакананая, што і цяпер нельга маўчаць. Таму далучаецца да акцый салідарнасці з Беларуссю, якія адбываюцца ў Батумі.
— Я рукі апускаць не збіраюся, буду працягваць змагацца і расказваць пра Беларусь. А тым людзям, якія кажуць, што не цікавяцца палітыкай, хочацца сказаць, што нават калі гэта не закране іх, калі-небудзь гэта закране іх дзяцей і ўнукаў, і яны будуць праз гэта пакутаваць.