«Я мог застацца без рукі». Мінскі рабочы пра катаванні ў пастарунку (фота, відэа)

Рабочы Аляксандр Ласіца трапіў у лякарню пасля пастарунка: рука параненая гумовай куляй, нага — аскепкам шкла. На Акрэсціна яму не рабілі перавязкі, рука пачала гнаіцца, каб не лякарня, мог бы застацца без рукі.

2020_08_14_aljaksandr_lasica_fota_a._ljaszkevicz_015_logo.jpg

Фота Алены Ляшкевіч


Аляксандру 36 гадоў. Ён працуе на дзяржаўным прадпрыемстве “Белсельэлектрасецьстрой” у Мінску. Арганізацыя займаецца пракладкай кабеляў. Вытворчая база і інтэрнат знаходзяцца недалёка ад метро “Пушкінская”, дзе адбыліся жорсткія сутычкі пратэстоўцаў з сілавікамі і загінуў Аляксандр Тарайкоўскі. Пачуўшы ўвечары 10 жніўня сігналы машын і выгукі, Аляксандр Ласіца з калегамі выйшлі паглядзець, што адбываецца. Яны доўга стаялі на вуліцы.

— Памятаю, нейкія хлопцы ішлі ад вуліцы Альшэўскага ў бок метро. Яны туды прайшлі, а хвілін праз 30—40 народ ужо бег у супрацьлеглы бок, таму што пачаліся выбухі. Я пайшоў бліжэй да метро, каб пагялядзець, што там адбываецца, — расказвае Аляксандр.

На “Пушкінскай” мужчына пабачыў кардон АМАПу, які перакрыў дарогу, а таксама аўтобусы і вайсковую тэхніку. АМАП пачаў рухацца на народ:

— Я ступіў на бардзюр, псля на дарогу. У мяне на майцы адразу загарэліся чырвоныя кропкі і ад мяне людзі пачалі разбягацца ў розныя бакі: хто падаць, хто на карачках упаўзаць. Я адразу не зразумеў што гэта, думаў, нехта так лазерам свеціць. А гэта, аказалася, АМАП лазернымі прыцэламі цэліцца ў людзей, якія выйшлі. У некаторых на гэтай жа зброі працавалі яркія ліхтарыкі.  

Аляксандр адышоў з праезджай часткі і схаваўся за апору. Пабачыў дзвюх дзяўчат, якія сфатаграфаваліся са сцягам з Пагоняй. Аляксандр выйшаў зноў на дарогу, падышоў да дзяўчат, спадзяючыся ўгаварыць іх адысці і не паддавацца на првакацыі. Мужчына падняў рукі, каб паказаць АМАП, што ён без зброі. Тады паляцелі светлашумавыя гранаты. Аляксандрбыў аглушаны і дасюль не чуе на адно вуха. У яго анямела рука, аказалася, што трапіла гумовая куля. Ён пайшоў у бок прыпынка, народ яго адцягнуў з праезджай часткі, валанцёр з валізай медыкаментаў аказаў першую дапамогу, выняў кулю. Выклікалі хуткую. Аказалася, што ў назе мужчыны — аскепак шкла.

Фота Аляксандра Ласіцы

Фота Аляксандра Ласіцы



На наступны дзень, 11 жніўня, Аляксандр адкрыў бальнічны і каля 18 гадзін выправіўся ў аптэку па прапісаныя лекі. Па дарозе ён падняў з зямлі згублены кімсьці белы бранзалет і трымаў яго ў руках. На метро “Пушкінская” пабачыў АМАП у поўнай экіпіроўцы і вырашыў пацікавіцца, ці бяспечна спускацца ў падземны пераход: “Павітаўся, паспеў толькі сказаць “Прабачце” і быў схоплены. Пачуў фразу “Гэта наш кліент!” Можа, праз бранзалет. Я не супраціўляўся. Мяне прынеслі да аўтазака і закінулі на тых, хто сядзелі на падлозе. Пакуль аўтазак ехаў у РАУС, дваім чалавекам стала блага, іх “выгружалі”. Толькі куды — я не ведаю. Аднаму стала кепска з сэрцам ад спёкі, ён заторгаўся, нешта кшталту эпілепсіі, не кантраляваў сябе. Яго проста за рукі, за ногі — і пацягнулі АМАП-аўцы па нас, хто ляжалі. Выцягнулі з аўтазака, пакінулі, ці што. Прывезлі ў Цэнтральны РАУС, прымусілі легчы на асфальт тварам уніз і гадзіны 3-4 ляжаць. З некаторых здымалі адзенне, аблівалі вадой і людзей, і адзенне, якое ляжала кучай. Потым спыталі, каму халодна, можаце надзець сваё адзенне.

Чуў моцныя ўдары, кагосьці білі. Да мяне падышоў супрацоўнік АМАП, спытаў:

— Хочаш пабачыць зоркі?

— Не.

— А ў космас злётаць?

— Не, не хачу.

Ён ударыў мяне палкай па галаве.  Пасля Аляксандра ўдарылі па нырцы. Ён скруціўся ад болю і атрымаў нагой пад дых. Затрыманыя праляжалі на жываце, пакуль на досвітку іх не сталі выклікаць у РАУС падпісваць пратаколы. “Мне напісалі, што рухаўся па праспекце Пушкіна з натоўпам народу і скандаваў “Жыве Беларусь” і “Гандзьба́” (рэд.: “Га́ньба”, але Аляксандр нават не ведае слова, якое нібыта скандаваў, як запісана ў пратаколе). Мужчына спрабаваў давесці, што не згодны з пратаколам, але яго не сталі слухаць.

Аляксандр чуў, як хлопец крычаў, што яму 14 гадоў, але ў яго знайшлі малаток і ліхтарык, білі вельмі моцна.

Людзі стаялі ў некалькі шэрагаў: “Іх прывозілі і прывозілі… Наш аўтазак, яшчэ два… У Цэнтральным РАУС білі яшчэ больш-менш лаяльна. На Акрэсціна, калі вылазілі з аўтазака, нас прагналі праз калідор сілавікоў з дубінкамі, праз які трэба было бегчы. Пакуль прабягаеш гэты калідор — па табе праходзіцца некалькі дубінак. Некаторыя гублялі абутак. Хто падаў — тых піналі, білі дубінкамі. Прыбягалі ў дворык — і там яшчэ атрымлівалі. Прыкладна з гадзіны дня 12 жніўня да 8—9 ранку 13 жніўня мы правялі на дворыку Акрэсціна. Нас было каля 50 чалавек, некаторыя напаўраспранутыя. Спалі проста на бетоне, падклаўшы пустую бутэльку пад галаву. Астатнія дамовіліся сесці шчыльна: адзін сядае да сцяны, рассоўвае ногі, наступны ўпіраецца яму спінай на грудзі. Я так сеў, адчуўшы з усіх бакоў цяпло, — і вырубіўся імгненна”.

Толькі 13 жніўня, праз паўтара дні пасля затрымання і дзве ночы без нармальнага сну, Аляксандра завялі ў камеру. Удзень частку сукамернікаў вывезлі ў Жодзіна. Аляксандра зноў вывелі ў двор. АМАП-аўцы паводзілі сябе заўважна мякчэй. “Там было нейкае начальства. А шараговыя супрацоўнікі — хто ў міліцэйскай форме, хто ў чорнай АМАПаўскай, хто ў форме супрацоўнікаў СІЗОу. Яшчэ былі людзі ў форме без апазнавальных знакаў, толькі нейкі трохкутнік вуглом уніз і нумарацыя ў ім. Было шмат народу, але з арыштаваных ужо так не здзекваліся: не прымушалі бегаць, апусціўшы галаву, пінка не давалі, дубінкамі не білі. Што мяне ўразіла, у іх на Акрэсціна нейкая такая несабранасць: кагосьці завозілі саджалі, кагосьці адпускалі ў лякарню. І вось яны ходзяць потым па камерах і шукаюць чалавека. Яго та фармальна прывезлі, а фактычна ён там адсутнічае і куды падзеўся — ніхто не ведае”.

Фота Аляксандра Ласіцы

Фота Аляксандра Ласіцы

Увесь гэты час Аляксандру не рабілі неабходных перавязак, не давалі лекаў. Рана на руцэ пачала гнаіцца. “У мяне дзірка ў цягліцы. Яе трэба штодня апрацоўваць і мяняць тампон, які там знаходзіцца.Мог бы руку згубіць, — кажа мужчына. — Добра, прыехалі медыкі аглядаць зняволеных, і мяне адправілі ў лякарню. Аднаго хлопца пры мне забіралі медыкі — ён хадзіць не мог. У яго вушы былі распухлыя і фіялетавыя. Твар разбіты, рукі, ногі фіялетавыя. Супрацоўнік Ахрэсціна сказаў лекару: “А, гэта ён ад нас чатыры разы збягаў, чатыры разы падаў на дошкі”. Хіба можа чалавек так упасці?

На Ахрэсціна сказалі: “Палечышся — прыязджай па рэчы”. Я адсядзеў, атрымліваецца, 3 дні з 14. Могуць зноў мяне туды закінуць. Могуць скласці новы пратакол. Там усё фабрыкуецца, ува ўсіх як пад капірку пратаколы аднолькавы”.

Відэа Алены Ляшкевіч