У BELPOL патлумачылі, ці ўдзельнічаў расійскі АМАП у здушэнні беларускіх пратэстаў
Былы баец сіл спецыяльных аперацый Беларусі Максім Зязюльчык, які ваяваў у расійскай, трапіў ва ўкраінскі палон і быў асуджаны на 10 гадоў за найміцтва, даў інтэрв'ю ўкраінскаму блогеру Уладзіміру Золкіну. У ім беларус распавёў пра пратэсты жніўня 2020 года. Паводле яго, удзел у разгоне мірных дэманстрацый у Беларусі прымаў расійскі АМАП. Але ці сапраўды гэта так? Выданне «Люстэрка» звярнулася з гэтым пытаннем да ініцыятывы былых сілавікоў BELPOL.
У інтэрв'ю ўкраінскаму блогеру Максім Зязюльчык распавядае
пра ўдзел расійскага АМАПу ў
разгонах мірных пратэстаў без падрабязнасцяў. Ён не паказвае ні канкрэтныя
даты, ні абставіны, не называе ні прозвішчаў, ні пазыўных расійскіх сілавікоў. Ён кажа толькі, што расійскім амапаўцам выдавалі форму
беларускіх калегаў, а «адзінае, чым яны адрозніваліся, гэта берцы». Аднак з
інтэрв'ю незразумела, адкуль у Зязюльчыка інфармацыя пра тое, што расійскія сілавікі апраналі форму
беларускіх. Ці бачыў ён гэты працэс самі ці ж яму хтосьці пра гэта распавёў?
Прадстаўнік BELPOL, былы оперупаўнаважаны крымінальнага
вышуку Уладзімір Жыгар, адзначае, што такая розніца ў абутку некаторых
удзельнікаў разгонаў мірных дэманстрацый у Беларусі ў 2020 годзе наўрад ці можа
сведчыць аб датычнасці да іх расійскіх
сілавікоў.
— Абмундзіраванне
ў так званых праваахоўных органах Беларусі вельмі разнастайнае і няма ніякага
сэнсу прывязвацца да абутку ў гэтым пытанні, — тлумачыць суразмоўца выдання. — Не выключана, што тыя
ці іншыя падраздзяленні маглі самі сабе купляць частку абмундзіравання,
зыходзячы выключна з выгоды. Таксама ў спецыялізаваных крамах (такіх як «Шчыт» у Мінску) прадаецца
абутак вытворчасці РФ.
Між тым, паводле слоў Жыгара, BELPOL вядома, што ў 2020-м у разгоне мірных дэманстрацый удзельнічалі не толькі супрацоўнікаў унутраных спраў, але і вайскоўцы.
— Гэта былі ўнутраныя войскі, вайскова-дэсантныя войскі, а таксама сілы спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусь, — тлумачыць Уладзімір.
Таксама прадстаўнік BELPOL мяркуе, што расказаць пра расійскіх амапаўцаў Зязюльчык мог з-за свайго палону.
— Ён мог казаць тое, што ад яго хочуць пачуць, тым самым
перакладаючы віну на рускіх і здымаючы яе з беларускіх «праваахоўнікаў», —
заключае ён.