Брат і сябар загінулага палітвязня Вітольда Ашурка тэрмінова з'ехалі з Беларусі

Актывісты з Бярозаўкі Андрэй Ашурак і Сяргей Пантус пакінулі Беларусь. Вядома, што яны даведаліся, што іх плануюць пасадзіць на вялікі тэрмін, паведамляе «Свабода».

885c69a5_c8ea_4465_a998_fe4b35923708_cx0_cy12_cw0_w1023_r1_s.jpeg

«Нам паступіла інфармацыя, што не важна якім чынам, не важна за што, але мы павінныя сесці надоўга», — каментуе Сяргей Пантус.

Напярэдадні 15 снежня да жыхароў Лідчыны сталі прыходзіць сілавікі ў межах крымінальнай справы, якую завялі неўзабаве пасля прысуду Вітольду Ашурку, за тое, што людзі выгукнулі ў залі «Ганьба» (артыкул 339 КК Беларусі; «Хуліганства»).

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што тыя, хто раней праходзіў па справе сведкамі, стаў падазраваным. Брат Вітольда Андрэй Ашурак (на фота) праходзіў па гэтай справе сведкам. Да яго дадому таксама напярэдадні прыходзіла міліцыя.

Актывісты з Бярозаўкі змагаліся за вырашэнне экалагічных праблем у рэгіёне. Яны ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі Вітольда Ашурка на парламенцкіх выбарах. Усталёўвалі крыжы і помнікі паўстанцам Кастуся Каліноўскага.

Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах сёлета ў маі. Пасля пратэстаў 2020 году яго асудзілі на 5 год калоніі. У Бярозаўцы засталася 83-гадовая маці Вітольда і Андрэя Ашуркаў Алена Міронаўна.