Палітвязень Мікола Статкевіч: «У самыя страшныя часы трэба бачыць нагоды для радасці»

Палітвязень Мікола Статкевіч распавёў «Свабодзе» пра добрае, што было ў 2021 годзе: «Вельмі парадавала салідарнасць беларусаў, якая адчуваецца і тут».

pra_a.karalja_wspaminae_m.statkevich_1.jpg

— Год быў страшны ва ўсіх адносінах — звесткі аб смерцях сяброў, арыштах, эміграцыі. Але і ў самыя страшныя часы трэба бачыць нагоды для радасці, бо пачуццё радасці — гэта каштоўны рэсурс, які надае сілаў і энергіі. На свабодзе такія нагоды знайсці лягчэй — адна прырода можа прынесці безліч радасных імгненняў. Тут жа толькі паспрабуй напісаць каму-небудзь пра свае радасці ў гэтай бетоннай скрынцы, як іх паспрабуюць у цябе забраць. Таму шчырым да канца не буду і пра ўсё не скажу :-). Толькі пра тое, што вельмі парадавала салідарнасць беларусаў, якая адчуваецца і тут.

Найперш, пра лісты падтрымкі. Большасць лістоў не даходзіць, як і маіх адказаў на тыя, што дайшлі. Але людзі працягваюць пісаць, збіраюцца разам, размяркоўваюць адрасы палітвязняў, каб падтрымаць усіх. Дзякуй вам, сябры!

Парадавала гэтым разам прынцыповая пазіцыя Захаду да Беларусі. З апошніх выпадкаў — рэакцыя канцлера Нямеччыны Олафа Шольца і партыі «зялёных» на вядомыя тэлефанаванні.

Не буду хаваць, яшчэ радуе катастрафічнае падзенне інтэлектуальнага ўзроўню сістэмы, што выразна відно па яе дзеяннях. Значыць, разумныя адтуль сыходзяць :-).

Мікола Статкевіч — палітык, палітвязень, асуджаны 14 снежня на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму.