Дыялог Беларусі і Украіны па ўрэгуляванні вайны імкнецца наладзіць КДБ?
Украінскія СМІ пішуць пра заяву старшыні КДБ Беларусі Івана Церцеля, што менавіта ягоная ўстанова «спрабуе наладзіць кантакты з Украінай з мэтай садзейнічання ўрэгуляванню вайны з Расіяй». Да гэтых слоў ставяцца скептычна, таму што раней менавіта КДБ абвінавачвалі ў правакацыях супраць Украіны. Ідуць 1335-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 168 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украінгы спынілі 58 атак расіян ў раёнах Шахава, Уладзіміраўкі, Радзінскага, Новаэканамічнага, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Сухога Яру, Зверава, Котліна, Пакроўску, Удачнага, Філіі, Лісоўкі і іншых.
На Канстанцінаўскім і Аляксандраўскім кірунках расійцы здзейснілі па 24 атакі на кожным.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 13 баявых сутыкненняў.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 10 разоў штурмавалі пазіцыі УСУ паблізу Ваўчанску, Ціхага, Каменкі і ў кірунку Дзвюхрэчанскага і Балогаўкі.
* * *
Расійскім войскам не хапае беспілотнікаў на Пакроўскім кірунку, яны губляюць асабовы склад на Ліманскім кірунку, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 19 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на паўднёвы захад ад Мірнага (на паўночны ўсход ад Лімана).
Прадстаўнік 11-га армейскага корпуса (АК) Украіны падпалкоўнік Дзмітрый Запарожац паведаміў, што расійскія войскі будуюць умацаванні ў раёне Серабранскага лесу (на паўднёвы ўсход ад Лімана). Паводле яго, колькасць боесутыкненняў упала да 10 у дзень у кастрычніку, што прыкладна ўдвая менш за сярэднясутачны паказчык у верасні. Але пры гэтым страты расійскіх войскаў узраслі да 98 забітых і параненых у дзень у кастрычніку з 93 забітых і параненых у дзень у верасні.
Запарожац заявіў, што расійскае ваеннае камандаванне сцягвае пяхоту ў раёне Серабранскага лесу і плануе атакаваць Ямпаль больш буйнымі сіламі пасля таго, як тактыка адпраўкі невялікіх груп па два-тры чалавекі для атакі хвалямі не дала дастатковых вынікаў.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 18 кастрычніка, паказваюць, што ўкраінскія войскі захоўваюць пазіцыі ці нядаўна прасунуліся ў паўднёва-ўсходнім Іванаполлі (на поўдзень ад Канстанцінаўкі) — раёне, у якім расійскія крыніцы раней заяўлялі, што расійскія сілы захоўваюць прысутнасць. Таксама ўкраінскія войскі захоўваюць пазіцыі ці нядаўна прасунуліся на ўсход і на поўнач ад Уладзіміраўкі (на паўднёвы захад ад Дружкоўкі).
Расійскі ваенны блогер заявіў 18 кастрычніка, што ўкраінскія войскі прасунуліся на поўдзень ад Шахава (на ўсход ад Дабраполля).
Расійскі ваенны блогер адзначыў, што ўкраінскія войскі прасунуліся на паўночнай ускраіне Леантовічаў (на поўдзень ад Пакроўска), і працягваюць пранікаць у Зверава і Леантовічы (на поўдзень ад Пакроўска) і паскардзіўся, што расійскім сілам трэба больш беспілотнікаў на Пакроўскім кірунку.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 19 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна захапілі Палтаўку (на паўночны ўсход ад Гуляйполя), і прасунуліся на паўднёвым усходзе Прыморскага (на паўночны захад ад Арэхава).
* * *
У нядзелю ўвечары расійскія войскі нанеслі ўдар па энергетычным аб'екце на тэрыторыі Карукоўскага раёна Чарнігаўскай вобласці, 55 тысяч абанентаў засталіся без электразабеспячэння. У ноч на 20 кастрычніка расійскія войскі зноў атакавалі энергетычную інфраструктуру Чарнігаўскай вобласці — на гэты раз у Нежынскім раёне. 2700 абанентаў засталіся без электрычнасці.
«Укрзалізніца» паведамляе, што з-за абстрэлу пашкоджана чыгуначная інфраструктура на Сумскім кірунку: шэраг цягнікоў ідуць з затрымкамі.
Расія нанесла ўдар па вугальнай шахце ДТЭК у Днепрапятроўскай вобласці. Падчас атакі пад зямлёй знаходзіліся 192 работнікі. Эвакуацыя гарнякоў на паверхню працягваецца. У ДТЭК адзначылі, што гэта чацвёртая маштабная атака расійскіх войскаў на вугальныя прадпрыемствы кампаніі за апошнія два месяцы.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у размове з журналістамі на борце Air Force One адмаўляў, што прымушаў украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага пагадзіцца на перадачу Расіі ўсяго Данбаса, піша Reuters.
Як зазначае агенцтва, пятнічная сустрэча паміж Трампам і Уладзімірам Зяленскім прайшла ў напружанай атмасферы, абмеркаванне завяршылася пазіцыяй Трампа адносна «здзелкі там, дзе мы знаходзімся» — гэта значыць замарожвання фронту на цяперашніх лініях размежавання.
«Мы лічым, што яны павінны проста спыніцца на лініях, дзе яны знаходзяцца», — сказаў Трамп журналістам. У той жа час ён адмаўляў, што прапаноўваў Зяленскаму аддаць Расіі ўвесь Данбас.
«Хай ён будзе падзелены так, як ён ёсць. Ён падзелены прама цяпер. Я думаю, што 78% тэрыторыі ўжо захоплена Расіяй», — адзначыў амерыканскі прэзідэнт у адказ на пытанне карэспандэнта Reuters.
Трамп дадаў, што бакі могуць дамовіцца «пра нешта пазней», намякаючы на магчымасць будучых перамоваў.
Адрачэнне ад Данбаса для Украіны, па словах адной з крыніц Reuters, зробіць астатнюю Украіну значна больш уразлівай да далейшых расійскіх атак і будзе раўназначнае «самагубству».
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адхіліў магчымасць перадачы РФ дадатковых неакупаваных тэрыторый, а таксама заявіў пра гатоўнасць далучыцца да будучай сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна ў Будапешце. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю NBC News.
«Я згодны (з Трампам), што калі мы хочам спыніць гэтую вайну і тэрмінова перайсці да мірных перамоваў дыпламатычным шляхам, мы павінны застацца там, дзе мы ёсць, і не аддаваць Пуціну нічога дадатковага, таму што ён так хоча», — сказаў Зяленскі.
У той жа час Зяленскі пацвердзіў сваю гатоўнасць сустрэцца з Пуціным. «Як могуць быць нейкія пагадненні без нас пра нас? Калі мы сапраўды хочам справядлівага і трывалага міру, нам патрэбны абодва бакі гэтай трагедыі», — сказаў ён.
На пытанне, ці будзе ён настойваць на паездцы ў Будапешт, Зяленскі адказаў, што сказаў Трампу: «Я гатовы», і дадаў, што гатовы да любога фармату перамоваў — двухбаковага ці трохбаковага. «Яны павінны праходзіць у цішыні, не пад ракетамі і дронамі», — сказаў прэзідэнт Украіны.
* * *
Рашэнне па «Тамагаўках» для Украіны яшчэ адкрытае, паведаміў журналістам віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс.
Паводле яго слоў, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп «пачуў запыт» Украіны на ракеты «Тамагаўк», і ЗША працягваюць аналізаваць магчымасці пастаўкі гэтай зброі Кіеву. Але Дональд Трамп перш за ўсё клапоціцца пра бяспеку Амерыкі.
«Нам трэба мець крытычна важныя сістэмы ўзбраення для ўласных узброеных сіл, нашых уласных войскаў. Менавіта на гэтым сканцэнтраваны прэзідэнт», — сказаў віцэ-прэзідэнт ЗША.
* * *
У Беларусі заявілі пра імкненне наладзіць дыялог з Украінай для садзейнічання ўрэгуляванню вайны з Расіяй, піша РБК-Украіна са спасылкай на БЕЛТА.
РБК-Украіна адзначае заяву старшыні КДБ Беларусі Івана Церцеля, што менавіта яго ведамства «спрабуе наладзіць кантакты з Украінай з мэтай садзейнічання ўрэгуляванню вайны з Расіяй».
Каментары Церцеля прагучалі пасля паведамленняў, што высокапастаўлены беларускі дыпламат на мінулым тыдні праводзіў сустрэчы з еўрапейскімі партнёрамі, спрабуючы змякчыць міжнародную ізаляцыю Беларусі.
Па словах Церцеля, сустрэчы з украінскімі чыноўнікамі з'яўляюцца крытычна важнымі «для дасягнення кансэнсусу ў цяперашняй складанай сітуацыі». Церцель адзначыў, што ў Беларусі спрабуюць знайсці баланс інтарэсаў абодвух бакоў, і што «ліквідаваць гэтую сітуацыю можна толькі шляхам ціхіх перамоваў і кампрамісу».
РБК-Украіна адзначае, што Лукашэнка дазволіў Расіі выкарыстоўваць тэрыторыю краіны для пачатку часткі вайны супраць Украіны ў 2022 годзе, але беларускія ўзброеныя сілы не прымалі прамога ўдзелу ў канфлікце. У апошнія месяцы Дональд Трамп кантактаваў з Лукашэнкам, што прывяло да вызвалення больш за 50 палітычных зняволеных. А Лукашэнка заяўляў пра гатоўнасць пагутарыць з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім для садзейнічання ўрэгуляванню вайны і стабілізацыі рэгіёна.