Топ-10 фільмаў Мэта Дэймана: да 55-годзьдзя актора
На гэтым тыдні актор справіў ужо салідны юбілей. Незвычайны факт пра Мэта Дэймана: нягледзячы на неаднаразовыя акторскія намінацыі на «Оскар», якія адну за адной ён не выйграваў, статуэтка ўсё ж маецца ў яго хатнім убранстве. У 1998 годзе Дэйман перамог у намінацыі за лепшы сцэнар! Мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак актора. Прыемнага прагляду!

Мэт Дэйман
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Заражэньне (Contagion). 2011

Стужка Стывена Содэрбэрга выйшла амаль 15 гадоў таму, але атрымала другую маладосьць разам з распаўсюдам новага вірусу, што зьявіўся ў кітайскім Ухані. Вельмі моцныя перакліканьні з рэальнасьцю знайшлі аматары кіно і канспіралёгій. Бліскучы акторскі склад, якому пазайдросьцяць безьліч фільмаў, якія выходзяць на экраны.
У 2020 годзе Джуд Лоў, адзін з актораў распавядаў, як яшчэ падчас здымкаў група навукоўцаў, якія супрацоўнічалі з рэжысэрам і сцэнарыстам, папярэджвалі ўсіх, што аналягічны вірус, пандэмія, абавязкова ў хуткім часе абрынуцца на жыхароў Зямлі. Каб злавіць флэшбэкі, і даведацца як справіцца з вірусам (альбо вірус справіцца з людзьмі) – пачынайце прагляд. Ажно дрыжыкі прабіваюць, на колькі стваральнікі былі блізкія да таго, што адбудзецца неўзабаве.
Нумар 9. Таленавіты містэр Рыплі (The Talented Mr. Ripley). 1999

Гэтую стужку любяць мільёны людзей, і ёсьць, вядома за што. Але перадусім жадалася б параіць таксама зьвярнуць увагу на арыгінал 1960 года, які зьняў Рэнэ Клеман. У той стужцы зьняліся Алэн Дэлон і Мары Лафарэ.
У амэрыканскай жа вэрсіі, што пабачыла сьвет праз 4 дзесяцігодзьдзі Энтані Мінгела зьняў суперзорак тагачаснага кіно: Мэт Дэйман, Джуд Лоў, Гвінэт Пэлтроў, Філіп Сэймур Хофман і вялікая Кейт Бланшэт. Дэтэктыўна-захапляльная гісторыя, якая зьвязвае Злучаныя Штаты, Італію, каханьне, здраду і імкненьне да нутранай свабоды. Больш складана атрымліваецца, калі за гэтае імкненьне трэба адплаціць забойствам.
Нумар 8. Марсіянін (The Martian). 2015

Грандыёзная стужка Рыдлі Скота перамагла на прэміі Залаты Глёбус у намінацыі лепшы фільм (камедыя альбо мюзікл). Гэта, верагодна, самае дзіўнае ўзнагароджаньне, бо ні камедыяй, ні тым больш мюзіклам гэты фільм не зьяўляецца.
Мэт Дэйман і Джэсіка Чэстэйн выконваюць галоўныя ролі ў гэтай карціне. Як чалавека, які ваяваў у Аўганістане называюць аўганцам, так і героя Мэта Дэймана, які быў у складзе экспедыцыі на Марс называюць марсіянінам. Праблема толькі ў тым, што праз няшчасны выпадак яго пакідаюць на чырвонай плянэце.
Спробы выжыць аднаму і праца па яго верагодным вяртаньні – зьяўляюцца асноўным сюжэтам стужкі. Бывае сумна, калі маці забывае сваё дзіцё ў краме, яшчэ больш сумна, калі чалавека забываюць на іншай плянэце.
Нумар 7. Форд супраць Ферары (Ford vs Ferrari). 2019

Падрыхтуйцеся да рыку рухавікоў сярэдзіны стагодзьдзя. Увесь час прагляду вы будзеце крыху прагаломшаныя гукамі, якія суправаджаюць аўтагонкі. Для звычайных людзей гэта парушэньне іх асабістай цішыні, але для ўдзельнікаў гран-пры гэта і ёсьць жыцьцё. Нават музыка, калі дазволіце так параўнаць. У цэнтры фільма – змаганьне двух буйных аўтавытворцаў, як зразумела з назвы – «Форд» і «Ферары».
Але не было б змаганьня, калі напачатку 1960-х амаль збанкрутаваны канцэрн «Ферары» не адмовіўся прадацца амэрыканскаму «Форду». Адносіны італьянцаў да ЗША добра вядомыя: не падыходзьце лепш. Таму і ўгода сарвалася, а «Форд» вырашыў адпомсьціць італьянцам на іх улюбёным полі: у аўтагонках. Яны паспрабавалі стварыць машыну, якая б здолела супрацьстаяць легендарнай «Ферары» на гонцы «24 гадзіны Ле-Ман». Крысьціян Бэйл і Мэт Дэйман бліскуча выканалі ролі пілотаў.
Нумар 6. Нескароны (Invictus). 2009

Спартовая драма, якую зьняў Клінт Іствуд. У галоўнай ролі ён зьняў аднаго з улюбёных сваіх актораў (акрамя сябе) — Моргана Фрымана, у іншай істотнай ролі — Мэт Дэйман. Яны абодва атрымалі намінацыі ў амерыканскай кінаакадэміі за гэтыя працы. Гісторыя адбываецца ў Паўднёвай Афрыцы, у 1995 годзе, калі на чале краіны знаходзіцца былы палітвязень Нэльсан Мандэла. Краіна застаецца жорстка падзеленай, па-першае, паміж прыхільнікамі былога рэжыму «апартэіду», калі ўся ўлада належала белай меншасьці, а чорныя разглядаліся як рабы без рабства, а па-другое — гэтыя самыя чорныя, якім карцела разабрацца з былымі панамі. Што рабіць з гэтым?
Было вырашана правесьці кубак сьвету па рэгбі ў гэтай афрыканскай краіне.
Клінт Іствуд не быў фанатам рэгбі, але пры падрыхтоўцы да здымкаў ён гадзінамі па начах у Паўднёвай Афрыцы глядзеў гульні, а потым абмяркоўваў іх. Праз пэўны час гульня захапіла і яго. Па сюжэце фільма Нэльсан Мандэла шукае падтрымкі ў капітана рэгбійнай каманды, якая гістарычна складалася зь белых і выступала для белых, каб яна паспрабавала выйграць кубак сьвету дзеля ўсіх паўднёваафрыканцаў. Вострыя канфлікты і спартовае змаганьне вам гарантаванае.
Нумар 5. Опэнгэймэр (Oppenheimer). 2023

Трохгадзінная драма Крыстафэра Нолана знайшла мільёны сэрцаў, якія трымцелі ад дзеяньня на экране.
Біяграфія стваральніка атамнай бомбы не магла выклікаць падвышаную цікавасьць у наш час, калі тэрарысты з Крамля шантажуюць сьвет выкарыстаньнем той самай бомбы. У час стварэньня гэтай зброі, а менавіта напрыканцы Другой сусьветнай вайны, заходнія дэмакратыі ясна разумелі небясьпеку і варожую сутнасьць «сытуацыйнага хаўрусьніка» ў барацьбе з немцамі, які сядзеў у тым жа Крамлі. Таму цалкам дарэчнае зьяўленьне стужкі Нолана менавіта ў гэты час.
Кіліян Мёрфі ў ролі знакамітага навукоўца, акрамя якаснай акторскай працы, стаў вядомым як герой незьлічонай колькасьці мэмаў. Няпростая, не самая цікавая і захапляльная і доўгая гісторыя пайшла ў народы, што варта адзначыць як магічную здольнасьць Крыстафэра Нолана ствараць захапляльнае кіно.
Нумар 4. Інтэрстэлар (Interstellar). 2014

Крыстафэр Нолан ў чарговы раз вырашыў стварыць і паглыбіць глядачоў у дзівосны клубок пераблытаных сусьветаў. Адзін дзень далёка па-за межамі Зямлі можа цягнуцца доўгія гады на нашай плянэце. Што калі адсюль трапіць за сьветлавыя гады туды, і заблытацца ў вяртаньні. Што будзе, калі твая справа займала імгненьне, а на Зямлі за гэты час прайшло ўсё жыцьцё?
Ці можна паспрабаваць перайначыць прастору і час? Ці можна вярнуцца назад, але як бы наперад? Фантастычны фільм з фантастычным акторскім складам. Вас будуць заблытваць і разблытваць Мэцью МакКонахі, Джэсіка Чэстэйн, Эн Хэтуэй і, вядома ж, Мэт Дэйман.
Нумар 3. Добры пастыр (The Good Shepherd). 2006

Рэдкая зьява ў сусьветным кіно – калі ў ролі рэжысэра выступіў вялікі Робэрт Дэ Ніра. Ён жа выканаў адну з галоўных роляў, але асноўнымі акторскім зоркамі тут выступілі Анджэліна Джалі і Мэт Дэйман. Стужка расьцягнулася амаль на тры гадзіны і ў плаўным тэмпе распавядае захаплльную гісторыю аб стваральніку ЦРУ.
Дэ Ніра прапануе гледачам змрочны погляд на асабістыя ахвяры і маральныя неадназначнасьці, уласьцівыя сьвету выведкі. Калі ты ідзеш у агенты – ты ўцякаеш ад усяго астатняга, як бы не стараўся пераканаць самога сябе ў адваротным.
Тэмп стужкі адмыслова не хуткі, што дазваляе адчуць дэталі, паўцені і непрамоўленыя сэнсы.
Нумар 2. Выратаваньне шарагоўца Раяна (Saving Private Ryan). 1998

Гісторыя, якую немагчыма ўявіць з боку расейскіх агрэсараў у сёньняшняй вайне. Дзеяньне стужкі Стывена Спілбэрга адбываецца падчас уварваньня ў Нармандыю і апавядае пра групу амэрыканскіх вайскоўцаў, якія ідуць у тыл ворага, каб вярнуць парашутыста, некалькі братоў якога ўжо былі забітыя на той дзікай вайне. У фільме зьнялася мноства цудоўных актораў, перадусім Том Хэнкс. Мэт Дэйман таксама на месцы, больш за тое, ён і ёсьць той самы Раян.
Чаму варта паглядзець гэтае кіно? Дадатковы адказ даюць сапраўдныя вэтэраны Другой сусьветнай. Вядомыя шматлікія факты, калі цэлыя арганізацыі былых франтавікоў складалі падзякі рэжысэру, бо карціна рэальна і праўдзіва перадавала тое, што адбывалася непасрэдна ў баявых дзеяньнях. Вайна не бывае прыгожай.
Нумар 1. Адступнікі (The Departed). 2006

У фільме Марціна Скарсэзэ паветра напоўненае адрэналінам і старымі крыўдамі. Стужка зьяўляецца крымінальным трылерам з адбіткам вельмі трагічнай трагедыі. Вялікі майстар стварыў лябірынт у стылі «котак і мышак», дзе мышы носяць паліцэйскія значкі, а коткі праводзяць шэрыя справы.
Мэт Дэйман і Леанарда Дзі Капрыё круцяцца вакол аднаго, як два спадарожнікі, якіх цягне адна і тая ж цёмная гравітацыя. Адзін – амбіцыйны паліцэйскі, які насамрэч зьяўляецца «кротам», другі – пакутлівы бандыт, які насамрэч зьяўляецца паліцэйскім. Напружаньне палягае ў тым, што застанецца ад кожнага зь іх, калі яны сутыкнуцца адно з адным.
Бліскучая невялікая роля Джэка Нікалсана ў якасці вялікага боса злачыннай групоўкі толькі дадае балаў гэтаму шэдэўру ХХІ стагодзьдзя.
Прыемнага прагляду!