Топ-10 фільмаў Клаўдыі Кардынале: памяці легенды эўрапейскага кіно

Аматары кіно ў гэты аўторак атрымалі сумную вестку: цудоўная італьянская акторка Клаўдыя Кардынале адыйшла ў лепшы сьвет ва ўзросьце 87-мі гадоў. Мы не маглі абыйсьці гэтую падзею, і склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак з удзелам таленавітай італьянкі. Прыемнага прагляду!

Клаўдыя Кардынале

Клаўдыя Кардынале

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Нафтаздабытчыцы (Les pétroleuses). 1971

les_petroleuses.webp

Фільм з удзелам Брыжыт Бардо і Клаўдыі Кардынале зьяўляецца забаўным французска-італьянскім вэстэрнам. Дзяўчыны пераўтвараюць мачызм жанру ў гульнявую пляцоўку, дзе перарабляюць разборкі ў нечаканыя сутычкі двух галоўных гераіняў.

Дзьве жанчыны змагаюцца за перспектыўнае месца, прэтэндуюць на тэрыторыю і адмаўляюцца ад наратыву пра «выключную жанчыну сярод мужчынаў». Дасьціпная камедыя, каб адарвацца ад складанасьцяў уласнага жыцьця.

Нумар 9. Нявеста Бубэ (La ragazza di Bube). 1963

la_ragazza_di_bube.avif

Стужка Луіджы Каменчыні пачынаецца там, дзе сканчваюцца шматлікія ваенныя фільмы, а менавіта, з пасьляслоўя. Гераіня Клаўдыі Кардынале закахалася ў партызана, а потым вымушана жыць з наступствамі – чакаць, вырашаць, станавіцца кімсьці. Гэтая аповесьць пра доўгі хвост агульнай гісторыі, які цягнецца за асабістым жыцьцём.

Кожнае «так», якое галоўная гераіня дае сьвету, утрымлівае маленькае, нявыказанае «не» сабе, і гледачы адчуваюць сапраўдны кошт гэтага. Гераіня разумее, што дарослае жыцьцё – гэта не пункт прызначэньня, а абавязак, які выконваецца паступова.

Нумар 8. Картуш (Cartouche). 1961

cartouche.webp

Фільм Філіпа дэ Брока спалучае двух зорак эўрапейскага кіно. Жан-Поль Бэльмандо выконвае свае наіўныя акрабатычныя трукі, а гераіня Клаўдыі Кардынале надае фільму сур'ёзнасьці і дасьціпнасьці.

Гісторыя распавядае пра Картуша, чароўнага злодзея, які перахітрыў багатых і карумпаваных. Ён узначальвае банду злачынцаў, стылёва крадзе і заваёўвае народную славу. Гледачоў чакаюць уцёкі па дахах, прыгожыя строі і італьянскае хараство Кардынале.

Нумар 7. Паненка з валізкай (La ragazza con la valigia). 1961

la_ragazza_con_la_valigia.jpg

Рэжысэр Валерыа Дзурліні падараваў Кардынале адну зь яе вызначальных роляў. Акторка грае Аіду, сьпявачку з начнога клюба, якая апынулася на ўзбочыне грамадзкай павагі і агульнага разуменьня.

Сюжэт выбадаваны вакол адносінаў жанчыны з сумнеўным бэкграўндам і мужчынам з эліты грамадзтва, які становіцца закаханым у гераіню Клаўдыі.

Кардынале спалучае надзею, стомленасьць і востры гумар у адной асобе, у адной любой хвіліне.

Нумар 6. Дзень савы (Il giorno della civetta). 1967

il_giorno_della_civetta.jpg

Фільм Даміяна Даміяні – адзін з самых раньніх і выразных поглядаў італьянскага кінематографа на паўсядзённае жыцьцё мафіі. Гледачы назіраюць збольшага за гнілатой асобных людзей, і ў меншай ступені за разбоямі, забойствамі і рэкетам. Галоўная гераіня ў выкананьні Кардынале ўціснутая ў гэтую сістэму, як частка праўды.

Жанчына, чыё гора і ўпартая годнасьць пераўтвараюцца ў гучны доказ супраць нізкага сьвету арганізаванай злачыннасьці. З аднаго боку дзейнічае прынцыповы капітан паліцыі, і з іншага – бос мафіі. На Сіцыліі лепш тройчы падумаць, чым адзін раз сказаць.

Нумар 5. Леапард (Il gattopardo). 1963

il_gattopardo_3.jpg

Стужка Лукіна Вісконці атрымала перамогу ў Канах – і ёй заслужана была прысуджаная Залатая пальмавая галіна. Партнэрамі Алэна Дэлона ў гістарычным фільме сталі Бэрт Ланкастэр і Клаўдыя Кардынале. Міжнародны акторскі склад трапляе ў італьянскую вайну за незалежнасьць, ці інакш кажучы за аб’яднаньне Італіі ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя.

Гэты працэс, сёньня лічыцца непазьбежным разьвіцьцём нацыянальных рухаў у Эўропе таго часу. Але разам з гэтым шмат для якіх краінаў, у тым ліку Сіцылійскага каралеўства, справа выглядала інакш: страта незалежнасьці і пераход пад уладу Поўначы. Гэтыя складаныя абставіны і сталі галоўным канфліктам у стужцы. Калі старэйшае пакаленьне не жадала прысягаць Гарыбальдзі, а новае не бачыла іншых магчымасьцяў.

Нумар 4. 8 з паловай (8½). 1963

8__3.jpg

Легендарны фільм Фэдэрыка Фэліні з Мастраяні Анук Эмэ і Клаўдыяй Кардынале ў галоўных ролях. Фэліні не столькі распавядае гісторыю, колькі стварае мазаіку з успамінаў, фантазій і жахаў, кожная сцэна ў стужцы перацякае ў наступную з хуткасьцю, падобнай да спробаў адмыслова не заснуць уначы. З гэтай нагоды нават ходзіць байка, што кіраўнік краіны саветаў падчас прэм'еры гэтага фільма на тамтэйшым кінафэсьце, захрап на сэансе. Гэта раззлавала рэжысэра, і той не пайшоў неўзабаве на цырымонію, дзе той самы фільм прызналі лепшым.

Але вернемся да мастацтва. Перад гледачамі насамрэч гісторыя самога Фэліні, тое, як ён яе разумее. Галоўны герой, як вы здагадаліся, знакаміты стваральнік кіно, які сутыкаецца з разнастайнымі перашкодамі. Жанчыны, натхненьне, грошы – і ўсё разам загорнутае ў фантасмагарычныя сцэны.

Нумар 3. Езус з Назарэту (Jesus of Nazareth). 1977

jesus_of_nazareth_5.jpg

Напрацягу гісторыі кіно незьлічоную колькасьць разоў, яшчэ з ХІХ стагодзьдзя пачынаючы, рабіліся спробы экранізацыі жыцьця Збаўцы Езуса Хрыста.

Былі, безумоўна, вартыя адаптацыі, былі і прахадныя карціны. Але кінаэталёнам можа служыць гэтая праца, створаная Франка Дзэфірэлі з Робэртам Паўэлам у галоўнай ролі. Адну з роляў выканала Клаўдыя Кардынале.

Больш за 6 гадзінаў у рэжысэрскай вэрсіі фільма прамільгнуць як адно імгненьне. Чыстае мастацтва паводле самай галоўнай гісторыі ў гісторыі чалавецтва.

Нумар 2. Аднойчы на Дзікім Захадзе (Once Upon a Time in the West). 1968

once_upon_a_time_in_the_west_3.jpeg

Стандартныя, палутарагадзінныя фільмы – гэта ня ў гусьце Серджыа Леонэ. Ён стварае масштабныя, эпічныя творы мастацтва, прыгатуйцеся глядзець карціну цэлы вечар – амаль тры гадзіны хараства.

Генры Фонда разам з Чарльзам Бронсанам і прыгажуняй Клаўдыяй Кардынале будуць трымаць вас у напружаньні ўвесь час. Пра тое, якім чынам рэжысэру ўдалося запрасіць суперзорку Генры Фонда ў свой фільм – ведаюць амаль усе аматары жанру вэстэрн, дазволім сабе нагадаць легендарную фразу, якую пачуў актор. «Уяві сабе: камера павольна плыве па постаці бандыта, зьнізу ўверх, да яго пісталета, які ён выхоплівае і страляе ў дзіця. Затым камера ўздымаецца да твару бандыта… і гэта Генры Фонда».

Справа тут вядома ў тым, што Фонда ўспрымаўся як станоўчы супер герой Амэрыкі, які грае ролі тых, хто спраўляецца з дрэннымі хлопцамі. Відавочна, што і самому актору гэта прыелася.

А ў цэнтры сюжэту – гераіня Клаўдыі Кардынале, забойства якой замаўляе багаты чалавек, каб захапіць яе надзел зямлі для сваіх мэтаў. Аднак у яе знаходзяцца абаронцы.

Нумар 1. Рока і яго браты (Rocco e i suoi fratelli). 1960

rocco_e_i_suoi_fratelli_1.jpg

Сямейная драма Лукіна Вісконці замацавала за Алэнам Дэлонам статус грандыёзнай зоркі французскага і агульнаэўрапейскага кіно. Не ад добрага жыцьця герой Дэлон апынаецца на баксэрскім рынгу, дзе здабывае посьпехі насуперак таму, праз што яму праходзіцца прайсьці ў звычайным жыцьці. Там, на новых для яго і ўсёй сям’і вуліцах Мілану, Рока і яго браты шукаюць сэнсы існаваньня і спрабуюць не заблытацца ў адносінах.

Шэршэ ля фам, як казалі разумныя продкі пакаленьня Дэлона. Маладая і таленавітая Ані Жырардо ставіць дагары нагамі звыклае жыцьцё перасяленцаў з сіцылійскай вёскі. Кожны зь іх імкнецца да лепшага, але не кожны здольны выжыць. Гераіня Клаўдыі Кардынале мае ўласнае значэньне на разьвіцьцё ўсёй гісторыі.

Прыемнага прагляду!