Топ-10 фільмаў пра музыку, як змаганьне. Да юбілею Лявона Вольскага
Любая музыка зьяўляецца актам непадпарадкаваньня. Скласьці паміж сабою ўсяго сем нотаў у бясконцых варыяцыях – справа, можа падасца, не складаная. Але кожны творца ведае, як шмат ён укладае ў акт мастацтва. Нехта, вядома, міліграм, а хтосьці, як Лявон Вольскі, якому сёньня 60 – усё сваё жыцьцё. Мы склалі аўтарскі сьпіс лепшых фільмаў пра тых, хто робіць і стварае музыку. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Харысты (Les Choristes). 2004

Французская стужка пра школу, ці нават хутчэй пра інтэрнат для небясьпечных падлеткаў. Крыстоф Барацье запрашае ў падарожжа па звычаях пасьляваеннай Францыі, дзе жорсткасьць дырэктара распадаецца на дробныя кавалкі пад уплывам ціхаха і кемлівага выкладчыка музыкі.
Фільм паказвае на працэс «прыручэньня» цяжкіх падлеткаў праз цікавую форму, якую прынес з сабою новы выкладчык. Ён стварае хор, дзе хлопчыкі так ці інакш становяцца прасякнутымі прыгажосьцю гэтага сьвету, няхай толькі і праз музыку. А гэта – ці не найлепшы лек для скалечаных душаў.
Нумар 9. Элвіс (Elvis). 2022

Новы фільм База Лурмана ўяўляе сабою цікавы падыход да паказу кар’еры караля рок-н-ролу. Гледачы становяцца сьведкамі першых музычных спробаў Элвіса і росквіту яго таленту праз вочы яго мэнэджэра, палкоўніка Тома Паркера ў выкананьні Тома Хэнкса. На думку палкоўніка, без яго не было б ніякага Прэслі. З гэтым неабходна пагадзіцца, але якім коштам было дасягнутае становішча звышчалавека ў музыцы. Чым спатрэбілася ахвяраваць, каб стаць самым крутым ў гісторыі ро-н-ролу? Як гэта прывяло да сьмерці Элвіса ва ўзросьце ўсяго 42 гадоў?
Чаго не хапіла фільму? Падбору актора на галоўную ролю. Нягледзячы на тое, што Осьцін Батлер атрымаў намінацыю за выкананьне ролі Элвіса, ён не пакідае ўражаньня электрычнага запалу, які сыходзіў ад сапраўднага караля музыкі. Нельга не адзначыць і добрае трапленьне ў ролю, але добрае не азначае выдатнае.
Чаго будзе дастаткова? Крыку прыхільніцаў на канцэртах, сутычак з палітыканамі і паліцыяй, а таксама песьняў, якія ведае кожны. Агулам стужка выглядае добра і па-майстэрску зьнятай, з пэўнымі непазьбежнымі хібамі для баёпікаў. Таму ў бліжэйшы вольны вечар запрашаем вас на прагляд.
Нумар 8. Апантанасьць (Whiplash). 2013

Прыгатуйце вашыя вушы да апантанага грукату бубнача. Заведзена ўжо так, што роля барабанаў у гуртах зводзіцца да апошняга нумара, да месца за франтмэнам і гітарыстамі. Нават Рынга Стар у свой час атрымаў такую характарыстыку ад BBC: найменьш таленавіты з усіх бітлоў.
Рэжысэр Дэміэн Шазэл стварыў унікальную стужку пра звычайнага бубнача, які толькі марыць трапіць у склад аркестра знакамітага дэрыжора. Чалавек з адной палачкай выяўляецца апантаным музыкай, перфэкцыянізмам і ў пэўнай ступені садызмам. Чалавек з двума палачкамі бярэ пастанову вытрымаць жорсткі падыход і не прапусьць свой шанец.
Грыміць грымотамі гэты фільм. Грызе пагрозьліва старонкі з нотамі і жыцьцё.
Нумар 7. Тар (Tár). 2022

Фантастычная Кейт Бланшэт выконвае ролю звышпасьпяховай дырэжоркі Бэрлінскага аркестру з прозьвішчам Тар. Яе жыцьцё і кар’ера складваюцца больш чым удала, дадаць здаецца мала што і можна. Яна можа абіраць новых музыкаў у свой аркестар, ставіць умовы донарам, бо яна – супер зорка, да таго ж жанчына, якая сама прабіла шлях на вышыню сапраўднай музыкі.
І тут мы сутыкаемся з сытуацыяй, калі цень абвінавачваньня, яшчэ толькі вуснага, без доказаў, проста чутак, пра яе недобрасумленныя паводзіны сярод калегаў прыводзяць да фактычнага адштурхоўваньня яе з кар’еры. Дзякуй Богу, што стваральнікі фільма не пабаяліся зрабіць галоўную гераіню менавіта жанчынай. Амаль увесь час стужкі камэра сфакусаваная на кейт Бланшэт, што б яна ні рабіла: ці то размаўляла, ці тое ела, ці тое дырэжавала. Мы нібы ўвесь час сочым за яе рухамі, учынкамі, і высьвятляецца, што менавіта гэта робіць невядомы нам чалавек праз свой смартфон.
Сьмелыя заявы ў стужцы супраць папулярнага і распаўсюджанага зараз эфэкту «заўжды пакрыўджаных». Галоўная гераіня вэрбальна ставіць на месца чорнаскурага вучня, які адмаўляецца выконваць творы Баха, бо той быў белым цысгендарным мужчынам.
Мы на свае вочы ўбачым увесь той жах, зь якім сутыкаюцца абвінавачаныя (і як жа часта цалкам безпадстаўна) у непрыстойных паводзінах. Маніпуляцыя фактамі, лёгкі мантаж – і абвінавачваньне гатовае. А грамадзтва зь яшчэ большай лёгкасьцю кэнсіліць па першым званку.
Нумар 6. Амадэй (Amadeus). 1984

Цэлых восем статуэтак прэміі Оскар забрала гэтая карціна Мілаша Формана. Пераносімся на некалькі стагодзьдзяў назад – у часы росквіту клясычнай музыкі. Са школьных урокаў магло скласьціся ўражаньне, што кампазытары, якія стваралі музыку ў той час – былі людзьмі, якія выклікаюць пазяханьне ў наш час: ні драйву, ні экспрэсіі. Калі вы крыху падзяляеце такую думку – фільм цалкам зруйнуе падобныя ідэі.
Гледачы стануць сьведкамі інтрыгаў і закуліснай барацьбы пры двары аўстрыйскім імператары Юзафе ІІ. Антоніа Сальеры займае шыкоўную пасаду дзяржаўнага кампазытара, але ў адзін дзень зьяўляецца нікому невядомы Моцарт. Прыгожыя строі канца XVIII ст. і жорсткая зайздрасьць.
А пасьля прагляду раім наведаць ці паслухаць якую-небудзь оперу.
Нумар 5. Дэні Колінз (Danny Collins). 2014

Пасьля бурлівага папярэдняга фільма трапляем у больш спакойны рытм гэтага. У галоўнай ролі тут Аль Пачына, які грае ўжо сталага чалавека, які быў у свой час знакамітым, меў посьпех у чартах і ў кабетаў, але гэта ўсё справа далёкай мінуўшчыны. Гісторыя апавядае пра тое, як усё магло быць інакш, калі б…
У дадзеным выпадку, калі б герой фільма атрымаў ліст, які быў яму адрасаваны цэлых 34 гады таму, не ў наш час, а тады, на вышыні яго славы, шмат што склалася інакш. Даўні ліст напісаў сам Джон Ленан, у якім захапляўся музыкай Дэні Колінза і даваў парады і прапановы.
Тым ня меньш сучасны Дэні вырашае, што гэта знак, і новыя пакаленьні слухачоў мусяць даведацца аб ім.
Нумар 4. The Doors (The Doors). 1991

Гісторыя легендарнага каліфарнійскага гурта, у першую чаргу іх вакаліста – Джыма Морысана. Сьпявак пахаваны ў Парыжы на самых знакамітых могілках Пэр-Лашэз, ён памёр у 27 гадоў, і трапіў, адным з першых, у так званы «клюб 27». Гэта спіс з музыкаў, чыё жыцьцё не пераадолела гэтай зачараванай лічбы.
Вэл Кілмэр у ролі Джыма Морысана выглядае звыш упэўнена. І вонкава і экспрэсіўна. Олівэр Стоўн зьняў фільм пра дзікія і новыя 60-я. Наркотыкі, рок-н-рол, і, як здаецца, вечная слава. Мы ўбачым супярэчлівыя і складаныя адносіны ў гурце, калі клявішнік і галоўны кампазытар Рэй Манзарэк канфліктуе з вакалістам Морысанам празь яго вечны алкагалізм і наркатычны транс.
Мы сутыкнемся з нізкімі паводзінамі агентаў і музычных лэйблаў да удзельнікаў гурта. І што ж стала прычынай сьмерці Джыма Морысана? Убачым у гэтай захапляльнай стужцы. Light My Fire.
Нумар 3. Гісторыя Глена Мілера (The Glenn Miller Story). 1954

Дамо яшчэ крыху джазу ў нашым рэйтынгу. Джэймс Сьцюарт у ролі знакамітага музыкі, які амаль усё жыцьцё шукаў адрознае, сваё, фірмовае гучаньне. І ўрэшце знайшоў. Вы дакладна падчас прагляду некалькі разоў падумаеце: – а вось гэтую мэлёдыю я ведаю, і гэтую, няўжо і гэтую ён прыдумаў?
Натхняльная і пранікнёная гісторыя Глена Мілера – чалавека, у якога амаль ніхто ня верыў, апроч самога сябе. Верагодна, кожны музыка і ў Беларусі зараз можа задаць сабе пытаньне, ці не марна ён спрабуе скласьці ноты ў чароўную пасьлядоўнасьць, ці спатрэбіцца гэта камусьці?
Энтані Ман паставіў стужку зь відавочнай любоўю да Глена.
Нумар 2. Птушка (Bird). 1988

Фільм Клінта Іствуда пра музыку атрымаў узнагароду амэрыканскай кінаакадэміі за лепшы гук – чым не дадатковая нагода, каб вы паглядзелі гэты шыкоўны фільм.
Рэжысэр – вядомы аматар джазу, і гісторыя ў яго працы апавядае пра Чарлі Паркера – суперзорку, якая надзвычай рана згасла навечна. Джаз. За яго ў краіне саветаў можна было прысесьці, а ў краіне разьвітага капіталізму можна было зьехаць з глузду ад папулярнасьці, якая на цябе звалілася.
Патушыце сьвятло, адкаркуйце брэндзі і насаладжвайцеся гульнёй Форэста Уітакэра ў гэтым фільме. Не зьдзіўляйцеся, калі пасьля пажадаецца набыць саксафон.
Нумар 1. Тая, што таньчыць у цемры (Dancer in the Dark). 2000

Гэта вельмі эмацыйны фільм, які спалучае характэрны рэжысэрскі рэалізм Ларса фон Трыера з фантастычнымі элемэнтамі клясычных мюзіклаў. Ці чулі вы музыку завадзкіх трубаў і гаек, альбо як мэлядычна едзе таварны цягнік? У галоўнай гераіні ў выкананьні Б’ёрк атрымліваецца адчуць нават самы лёгкі дотык навакольнай шэрай рэчаіснасьці і пераўтварыць яго ў музыку свайго сэрца.
Б’ёрк, якая за сваю ролю была прызнаная ў Канах таксама і лепшай акторкай, пасьля выйсьця фільму заявіла, што ніколі не будзе здымацца ў фон Трыера: настолькі ён жорсткі і пэдантычны чалавек.
Стужка распавядае пра Сэльму, чэшскую эмігрантку і самотную маці ў Амэрыцы, якая паступова губляе зрок праз генэтычнае захворваньне. Каб адкласьці грошы на апэрацыю сыну, яна безупынна працуе і ўяўляе, што жыве ў мюзікле, якія так любіла глядзець у дзяцінстве, дзе ўсе радасныя, шчасьлівыя і здаровыя.
Б’ёрк стварыла і запісала ўвесь саўндтрэк да гэтай стужкі. Глядзець яе прыйдзецца з пачкам насовак побач. Ларс фон Трыер умее трапіць у самы-самы шчымлівы кавалачак сэрца.
Прыемнага прагляду!