Топ-10 фільмаў з легендарнымі італьянскімі акторкамі
На гэтым тыдні народзіны спраўляла чароўная Моніка Белучы. З гэтай нагоды мы вырашылі ўзгадаць яе і некаторых іншых цудоўных і вялікіх акторак з Італіі і склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак. Прыемнага прагляду!

Моніка Белучы
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Сланечнікі (I girasoli). 1970

Адзін з шэрагу фільмаў Віторыа Дэ Сіка, у якім ён здымае як Сафі Ларэн так і Марчэла Мастраяні. Яны зноў граюць закаханую пару. І лёс склаўся так, што пачалася Другая сусьветная, і героя Мастраяні адпраўляюць замест нескладанага для італьянцаў афрыканскага фронта – на Ўсход. Неўзабаве страшэнная навіна прыходзіць да гераіні Сафі Ларэн: яе муж лічыцца зьніклым бяз зьвестак. У сьмерць каханага яна ня можа паверыць і вырашаецца на авантуру – пасьля вайны паехаць у краіну саветаў, каб адшукаць сьляды мужа.
Яе чакае шакавальная праўда. Што цікава, камуністы дазволілі здымаць Віторыа Дэ Сіка на сваёй тэрыторыі і мяркавалі ўбачыць лагодны фільм пра вайну. Але пасьля папярэдняга прагляду запатрабавалі ў рэжысэра зьмяніць некаторыя сцэны, на што той, зразумела, не пайшоў.
Насамрэч гледачы могуць убачыць не самы звыклы падыход да адлюстраваньня тае вайны – з пункту гледжаньня італьянцаў, якія змагаліся на баку нацыстаў, у тым ліку ў межах тагачаснай вязьніцы народаў. Стужка ўсё ж мае некаторы аж занадта рамантычны налёт у адносінах да міжнародных адносінаў непасрэдна пасьля вайны. Некаторыя аспекты жыцьця ў СССР выглядаюць фантастычнымі.
Нумар 9. Канклаў (Conclave). 2024

Камэральная праца Эдварда Бэргера. Яго папярэдняя стужка два гады таму заваявалі безьліч розных узнагародаў і тысячы сэрцаў ва ўсім сьвеце. Гаворка пра антываенны фільм «На заходнім фроньце бяз зьменаў». Гэтым разам нямецкі рэжысэр «пераехаў» крыху на поўдзень, у Ватыкан. Несумненна, яшчэ большую цікавасьць да фільма выклікалі падзеі пачатку года, калі Папа Францішак знаходзіўся ў складаным стане ў рымскім шпіталі, дзе неўзабаве адыйшоў да Пана.
Як вядома, адразу пасьля таго, як папярэдні Папа памірае, ці сыходзіць на пакой (што за апошнія 500 гадоў было ўсяго аднойчы – з Бэнэдыктам XVI у 2013 годзе) – распачынаецца канклаў. Гэта таямнічая і цалкам зачыненая ад лішніх вачэй працэдура выбару новага кіраўніка Каталіцкага Касьцёла, новага Папы Рымскага.
Эдвард Бэргер у прыгожым і тонкім фільме спрабуе падглядзець у Сікстынскую капэлу – бо менавіта там застаюцца замкнёнымі на ключ прыблізна 120 кардыналаў з усяго сьвету, каб абраць паміж сабою новага лідара. Стужка нашмат больш удалая, чым павярхоўны і скандальны сэрыял нядаўняга часу – «Малады Папа» з Джудам Лоў у галоўнай ролі.
Пры ўсёй павазе да спадара Джуда, выканаўца галоўнай ролі ў «Канклаве» – Ральф Файнс – належыць да вышэйшай лігі сучасных актораў. І можна нават дапусьціць, што калі б замест яго роля адыйшла некаму іншаму – стужка атрымалася б у разы горшай.
Суцэльная асалода назіраць за палітычнымі манэўрамі тых, чый галоўны абавязак – духоўныя справы ўсяго чалавецтва. У сёньняшнім сьвеце, дзе кожны другі чалавек стаў экспэртам па выбарчых калізіях там і тут, убачыць сутыкненьне кансэрватыўнага і лібэральнага крыла сярод калегіі кардыналаў – уяўляецца нам вельмі ўдалым ходам.
Афіцыйна, ніякія палітычныя аспекты не павінны ўплываць на выбар кожнага зь іх, бо ў працэсе абраньня дзейнічае Дух Сьвяты. Але неафіцыйна, вядома, усё куды больш складана. У ролі адказнай сястры пры Папскім палацы бліскучая Ізабэла Расэліні.
Фэерычная гульня Ральфа Файнса трымае на сабе ўвесь фільм. «Нашая вера — жывая менавіта таму, што яна крочыць рука аб руку з сумненьнем. Калі б была толькі ўпэўненасьць і ніякіх сумневаў, не было б ніякай таямніцы. І тады вера не спатрэбіцца. Памолімся, каб Бог даў нам Папу, які сумняецца. І няхай дасьць нам Папу, які грашыць і просіць прабачэньня і працягвае» — кажа галоўны герой «Канклаву».
Нумар 8. Незвычайны дзень (Una giornata particolare). 1977

Драма Этарэ Скола пра тыя падзеі, што балюча і траўматычна адгукаюцца і да сёньня: час славы Бэніта Мусаліні. Мы трапляем у самы звычайны дзень у Рыме перыяду фашысцкага ўрада. Ён нічым не мусіў адрозьнівацца ад папярэдніх: неабходна зварыць кавы, накарміць дзяцей, папраць вопратку, паразмаўляць з суседзямі. Але менавіта ў той дзень на сустрэчу з Дучэ прыехаў Адольф Гітлер, і па цэнтры італьянскай сталіцы мусіць адбыцца парад, куды скіроўваецца муж гераіні Сафі Ларэн.
Мы не ўбачым гэтага параду, толькі трансляцыя па радыё будзе даносіць асобныя часткі. І вось падчас гэтага адбываецца неверагодная гісторыя паміж гераем нашай падборкі і Сафі Ларэн (у які ўжо раз!).
Нумар 7. Рым, адамкнёны горад (Roma città aperta). 1945

Легендарны фільм Рабэрта Расаліні пабачыў сьвет у першую мірную восень Італіі пасьля Мусаліні. Гэтае кіно ўзрушыць вас па поўнай. Рэжысэр нібы ходзіць (ці хутчэй бегае пад кулямі) з камэрай па горадзе і здымае дакументальны фільм. Сюжэтная лінія распавядае пра лідэра супраціву, які хаваецца ад нацыстаў.
Жыхары рымскага раёна блукаюць увесь час дзеяньня. Маладыя хлопцы рызыкуюць жыцьцём, каб увайсьці ў бойку з ворагам. Іх анёл-ахоўнік - каталіцкі сьвятар, які ўсімі магчымымі, а таксама немагчымымі спосабамі спрабуе выратаваць сяброў. Але бадай што галоўная жаночая роля ў выкананьні Аны Маньяні трымае на сабе ўвесь сюжэт.
Фільм вельмі змрочны і цяжкі для ўспрыманьня праз рэалістычнасьць паказанага. Але як інакш бывае на вайне, асабліва калі змагаешся з фашызмам.
Нумар 6. Учора, сёньня, заўтра (Ieri, oggi, domani). 1963

Магію італьянскага кіно вы павінны былі ўжо вывучыць: неабходна пасадзіць Віторыа Дэ Сіка ў рэжысэрскі фатэль, а галоўныя ролі даць выконваць Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні. У гэтай стужцы яны вырашылі гэты эфект памножыць на тры. Менавіта столькі навэлаў пад адной назвай чакаюць гледачоў.
Гэта фільм-анталёгія, падзелены на тры розныя гісторыі, дзеяньне якіх адбываецца ў розных гарадах. Кожная гісторыя прадстаўляе розны аспект жаночага жыцьця ў Італіі. У першай частцы, дзеяньне якой адбываецца ў Неапалі, Сафі Ларэн грае жанчыну, чый мужчына прадае кантрабандныя цыгарэты, каб пракарміць сваю сям'ю. І калі яму пагражае турэмнае зьняволеньне, яна распрацоўвае геніяльны плян, каб пазьбегнуць турмы, застаючыся назаўсёды цяжарнай.
У другой частцы гледачы пераляцяць у Мілан, а трэцяя адбываецца ў Вечным горадзе. У кожнай зь іх Сафі Ларэн змагаецца адразу з усімі сацыяльнымі праблемамі, і выходзіць адтуль... жадалася напісаць пераможцай, але паглядзіце лепш самі. Кожны эпізод Марчэла Мастраяні спрабуе са свайго боку абставіць усё на сваю карысьць.
Нумар 5. Мама Рома (Mamma Roma). 1962

Шэдэўр, зьняты непаўторным П'ерам Паола Пазаліні, стаіць на асаблівай прыступцы італьянскага кінематографа праз шакавальны зьмест і шчымлівае адлюстраваньнем пасьляваеннага Рыма. У адрозьненьне ад рамантызаваных відаў, якія часьцей за ўсё асацыююцца з Вечным горадам, Рым Пазаліні - гэта сукупнасьць маргіналізаваных жыцьцяў і разьбітых мараў.
Вачыма Мамы Ромы, былой прастытуткі, якая шукае лепшага жыцьця для свайго сына, рэжысэр стварае гісторыю, якая ідэальна трапляе ў жанр італьянскага нэарэалізму.
Ана Маньяні выглядае да такой ступені пераканаўча, што ў пэўны момант забываеш, што глядзіш мастацкі фільм, а не дакумэнтальнае кіно. Цёмнае, непрывабнае жыцьцё рымскіх падваротняў рэзка адрозьніваецца ад цэнтральных турыстычных плошчаў.
Нумар 4. Малена (Malèna). 2000

Дзеяньне фільма з незабыўнай Монікай Белучы ў галоўнай ролі адбываецца на фоне маляўнічага сіцылійскага гарадка падчас Другой сусьветнай вайны. Музыка Эніа Марыконэ пяшчотна ўвасабляе сутнасьць галоўнай гераіні, чыя прыгажосьць не дае спакойнага жыцьця хлопчыку, які знаходзіцца на парозе мужнасьці. Пакуль Малена трывае пільныя погляды мужчынаў і пагарду жанчынаў горада, мэлёдыі Марыконэ таксама нарастаюць і заціхаюць, нібы яны жывуць марскім жыцьцём з адлівамі і прылівамі.
Джузэпэ Тарнаторэ, рэжысэр стужкі, з любоўю паказвае сваю родную Сіцылію і яе дзівосных жыхароў.
Нумар 3. Ноч (La notte). 1961

Мікеланджэла Антаніёні зьняў поўную прыгажосьці карціну. Аднак тая прыгажосьць поўная змрочнага смутку і неспасьцігальнай тугі, якая авалодвае людзьмі. Гэта на першы погляд звычайная побытавая гісторыя каханьня, драма якой зьяўляецца ў паўтанах, ціхіх шэптах і позірках, а не ў бітым посудзе ці выбітых дзьвярах.
Гісторыя заблытанага пісьменьніка з двума жанчынамі ў выкананьні Жаны Маро і Монікі Віці – зьнятая ва ўласьцівым спакойным, нават празьмерна спакойным стылі апавяданьня Мікеланджэла Антаніёні.
Якое яно, жыцьцё Італіі ў часы ўзьлёту нэарэалізму ў мастацтве?
Нумар 2. З пароды ўцекачоў (The Fugitive Kind). 1960

Сідні Люмэт вырашыў даслаць Марлона Брандо ў гэтым фільме ў знакамітую паўднёвую готыку, у рамантычную меладраму. Гэта экранізацыя знакамітай п'есы Тэнэсі Ўільямса «Арфей спускаецца».
Брандо выконвае ролю валацугі, які трапляе ў маленькі, санлівы горад Місісіпі. Галоўны герой аказваецца ўцягнутым у заблытаную сетку рэўнасьці і мясцовых інтрыгаў. Рэжысэр, як і аўтар п’есы, з захапленьнем паглыбляюцца ў дасьледваньні хваробаў сучаснага грамадзтва. Нягледзячы на тое, што стужцы больш за 60 гадоў, хваробы дагэтуль невылечныя.
Тужлівае выкананьне ролі не можа не выклікаць ахвоты глядзець сьледам новыя і новыя фільмы з удзелам Брандо і Анай Маньяні.
Нумар 1. Чачара (La ciociara). 1960

Перад намі – адна з лепшых роляў Сафі Ларэн. Рэжысэр Віторыя дэ Сіка, па словах відавочцаў, падчас здымкаў неаднаразова не мог стрымаць эмоцыі, і плакаў проста сярод здымачнай каманды. Неабходна папярэдзіць, вас чакае падобная рэакцыя на вялікі фільм.
Іншая назва карціны – Дзьве жанчыны, што падкрэсьлівае асноўнае, на чым базуецца стужка. Вайна вачыма маці і дачкі. Яны вымушаныя пакінуць Рым, і гледачы становяцца сьведкамі іх падарожжа ў невядомасьць, туды, дзе сканчваецца вайна і зьдзекі, дзе кулі саступаюць месца зялёным лугам, па якіх цячэ малако і мёд.
Выразная і эталонная гульня Сафі Ларэн прынясе эстэтычнае задавальненьне аматарам яе творчасьці.
Прыемнага прагляду!