Дамаўляцца прыйдзецца: Кітай і ЗША разам супраць Лукашэнкі

Вызваленне беларускіх палітвязняў разам з дзеяннямі беларускіх уладаў выклікае вельмі станоўчыя эмоцыі. Пры гэтым мы пачынаем назіраць чаканую карціну, як некаторыя «пераабуваюцца» літаральна ў працэсе, і нават ганарацца тым, што шукаюць дыялогу.

cihi_supraciu_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas3_logo.jpg

Нельга не радавацца таму, што на гэтым тыдні на волю выйшла яшчэ частка палітычных зняволеных. Больш за тое, мяркуючы з настрою Лукашэнкі, выходзіць яны будуць дастаткова рэгулярна. Пра гэта паведаміў ён сам, выступаючы перад беларускімі ідэолагамі.

Прывядзём яго адказ на пытанне Азаронка: «Чаму я вось так спакойна іду, адпускаю, іншае? Мы ведаем, чым дыхае кожны. Там больш за палову сядзельцаў, якія па суду там сядзяць — яны зразумелі, чаго гэта каштавала і асуджаюць тых хто... "А, збеглі, нас кінулі?" І сваякі мне ж пішуць кожны дзень ліст. Яны не маюць і не будуць мець да гэтага ніякага дачынення. Так, мы будзем вызваляць гэтых людзей паступова, спакойна.

Першае — калі Іван Міхайлавіч [Эйсмант] у камісіі там са сваімі прыме такое рашэнне. Вы бачыце, што я ўвесь час, нават [нягледзячы на тое, што] я магу прыняць рашэнне: "Ідзіце ў камісію, вы іх лепш ведаеце". А раптам Муковозчик ўбачыць, што там гэта сволач сволаччу? І ён жа пра гэта скажа. Ну ... мы адступім і скажам "не". Як па гэтым Пачобуце і іншым», — заявіў Лукашэнка.

Безумоўна, тут Лукашэнка, як заўсёды, выдае жаданае за сапраўднае. Ужо некалькі разоў ягонае «мы ведаем, чым дыхае кожны» абарочвалася сведчаннем, што ані чорта ён не ведае. Апошні раз ён «ведаў, чым дыхае» Мікалай Статкевіч — і ў выніку Статкевіча давялося вяртаць у турму, як калісьці Марыю Калеснікаву, якая на мяжы парвала пашпарт.

І з нагоды «збеглі, нас кінулі» — таксама стратэгія не працуе. Надзеі Лукашэнкі на раскол у апазіцыі шляхам выпуску дастаткова знакавых палітычных зняволеных — ад Кастусёва да Ціханоўскага, — ні разу не спрацоўвалі, і з вялікай верагоднасцю не спрацуюць і цяпер. Проста таму, што сам жа Лукашэнка, «выпіхваючы» гэтых палітвязняў за мяжу, ставіць іх у адзін шэраг з тымі, хто «збеглі, нас кінулі».

Ёсць такі анекдот пра тое, што «У савецкі час у розных анкетах было пытанне: "Ці ёсць сваякі за мяжой?" А цяпер мы і ёсць гэтыя самыя "сваякі за мяжой"». Таму спадзявацца ўнесці раскол у апазіцыі, уключаючы новых членаў у «збеглых» (дарэчы, ці могуць лічыцца «збеглымі» прымусова дэпартаваныя? Не кажучы ўжо пра тое, што ў даным выпадку прымусовая дэпартацыя можа разглядацца як злачынства супраць чалавецтва), не даводзіцца.

Такая ў Лукашэнкі дылема: і пакінуць у краіне гэтых людзей небяспечна для ягонага рэжыму, і выслаць іх — асаблівай карысці няма. І таму, у адсутнасць выніку даводзіцца гэты вынік прыдумаць і, як звычайна, трошкі схлусіць.

А калі чалавек хлусіць, ён трохі гаворыць пра тое, што ў яго ў думках, што яго турбуе. Лукашэнка —таксама чалавек, і нездарма згадаў Анджэя Пачобута, якому ён нібыта скажа «не».

Таму і ёсць спадзеў ўбачыць Пачобута на волі ў якойсьці наступнай пачцы памілаваных палітзняволеных. Бо Польшча, у адказ на атаку яе тэрыторыю расійскімі дронамі, цалкам закрыла мяжу з Беларуссю. Як вынік, на мяжы здарыўся транспартны калапс, асабліва непрыемны для тавараў з Кітая. 

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што мяжа будзе адкрытая напрыклад тады, калі ля яе перастануць «гойсаць ватагі псеўдабежанцаў, якія падганяюцца Лукашэнкам». І Кітай нават пагаварыў з Польшчай з гэтай нагоды.

Міністр замежных спраў Кітая Ван І тэрмінова прыляцеў у Варшаву 15 верасня, піша польская рэдакцыя Newsweek, дзе абмеркаваў з польскім калегам закрыццё ўсіх пераходаў на польска-беларускай мяжы, у тым ліку чыгуначнага тэрмінала ў Малашэвічах — адным з ключавых пунктаў кітайскага транзіту ў ЕС. 

Паводле інфармацыі крыніц Newsweek, Ван І даў зразумець Сікорскаму, што ўлады Кітая «правядуць шчырую размову з Лукашэнкам» адносна сітуацыі.

І вось тут нельга забываць пра тое, што першыя памежныя пераходы з Польшчай пачалі закрывацца пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі Пачобута. Цалкам верагодна, што Кітай запатрабуе не толькі спынення «мігранцкага крызісу», але і вызвалення Пачобута. І прыйдзецца выпусціць яго, замаскіраваўшы гэта выпускам яшчэ нейкай групы палітвязняў.

Дзіўная справа: ЗША і Кітай аб'ядноўваюцца у пытанні вызвалення беларускіх палітвязняў. Фактычна, «сябруюць супраць Лукашэнкі» — кожны са сваімі мэтамі і метадамі, але… Можа быць, на гэтай глебе яны нават пасябруюць?

У любым разе, выпускаючы палітвязняў Лукашэнка так ці інакш змушае грамадства задумацца пра тое, ці справядліва былі пасаджаныя гэтыя людзі. Што іх дзеянні — зусім не «экстрэмізм», а ўсяго толькі іншы пункт гледжання. Што яны не нясуць пагрозы грамадству, і іх можна вызваляць. І падобныя думкі ўжо закрадваюцца ў нечыя галовы.

Адзін з галоўных прапагандыстаў рэжыму, супрацоўнік АНТ Ігар Тур прызнаўся, што як мінімум 18 актывістаў дэмакратычнага руху вядуць з ім асабістую камунікацыю і «выказваюць жаданне дыялогу». Пра гэта ён напісаў у тэлеграм-чаце «Толькі рэфарматары і рэфарматары».

Рэсурс прызнаны ўладамі ў Мінску «экстрэмісцкім», але Тур піша ў ім пад нікам San Sanhych і асабліва не хавае сваёй асобы. «18 чалавек з гэтага чата са мной на сувязі ў асабістых і выказваюць жаданне дыялогу», — прагаварыўся ён у адным з каментароў.

Але насамрэч —было б чым хваліцца. Ад самага пачатку дэмакратычныя сілы толькі і рабілі, што «выказвалі жаданне дыялогу». Нават Каардынацыйную Раду, чальцоў якой Лукашэнка саджае за «спробу захопу ўлады», стварылі менавіта з той самай мэтай — з мэтай дыялогу. І Святлана Ціханоўская, і Павел Латушка, і ўсе астатнія неаднаразова прапаноўвалі дыялог для таго, каб вывесці Беларусь з палітычнага крызісу, у якім краіна знаходзіцца ўжо пяць гадоў. Таму ў «выказванні жадання дыялогу» няма ніякай сенсацыі.

Вось толькі для дыялогу патрэбныя двое. І будзе вельмі пацешна, калі Лукашэнка ці яго функцыянеры раптам пагодзяцца на гэты дыялог.

А рана ці позна зрабіць гэта прыйдзецца. Дзядулю ўжо 71 год, дый сам ён прызнаўся, што шукае на пасаду прэзідэнта кагосьці іншага... А калі не знойдзе? Прыйдзецца ж дамаўляцца.