«Бамбіць Валожын». Беларускую міліцыю пакінулі без «Skoda»
На мінулым тыдні беларускі ўрад устанавіў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі краіны «для забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў», «з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа».
Савет Міністраў забараніў увоз у Беларусь тавараў ад «Škoda», «Nivea» і «Liqui Moly». У выпадку выяўлення забароненых тавараў яны будуць падлягаць зваротнаму вывазу з тэрыторыі краіны.
Сачыць за тым, ці не ўвозяць «санкцыёнку» з Расіі, будуць мабільныя падраздзяленні, у якія могуць уваходзіць спецыялісты мытні, органаў унутраных спраў, органаў памежнай службы, Мінсельгасхарча. Пастанова ўрада не распаўсюджваецца тавары для асабістага карыстання, якія ўвозяцца грамадзянамі ў Беларусь.
UDF пацікавіўся ў экспертаў: якімі будуць наступствы контрсанкцый для спажыўцоў і беларускай эканомікі.
«Верагодны добры абмен санкцыйнымі таварамі з расіянамі»
Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук у каментары UDF адзначыў, што беларускія ўлады «паказалі сваё грэбаванне і пыху» ў дачыненні да спажыўцоў.
«Не думаю, што санкцыі, напрыклад, супраць "Nivea", якая стала народным брэндам, нейкім чынам падвысяць узровень патрыятызму або прымусяць купляць беларускія аналагі гэтых тавараў. Усе разумеюць, што гаворка ідзе не пра здароўе, не пра бяспеку, а выключна пра помсту за канкрэтныя рашэнні кампаній па адмове фінансаваць чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску», — сказаў Раманчук.
Часткова забароненыя тавары вырабляюцца ў Расіі. Ці не будзе прэтэнзій адтуль?
«Я ўжо чуў, што расіяне рыхтуюць прэтэнзіі да Беларусі. Фармальна ў Беларусі няма ніякіх падстаў для ўвядзення абмежаванняў і забарон на гандаль таварамі, вырабленымі ў Расіі. Такім чынам да прэтэнзій па тытуню і харчаванні беларускія ўлады дадаюць новыя. Яны атрымаюць шэраг новых апанентаў у Расіі, якія цалкам справядліва будуць апеляваць да структур ЕАЭС або Саюзнай дзяржавы», — мяркуе эканаміст.
Таксама ўведзеныя абмежаванні супярэчаць прынцыпам Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). «Калі беларускія ўлады хочуць увайсці ў СГА і робяць такое... Альбо крыжык здыміце, альбо майткі апраніце», — адзначыў Раманчук.
Ці спыняць кантрабанду «санкцыёнкі» з Расіі мабільныя падраздзяленні?
«Думаю, праз два-тры гады ў тых месцах, адкуль будуць прадстаўнікі дадзеных брыгад, з’явяцца катэджы. Там, дзе ёсць штучныя забароны, там квітнее кантрабанда, якая стала часткай эканамічнай культуры Беларусі. Намячаецца добры абмен санкцыйнымі таварамі: мы расіянам завозім харчаванне з краін ЕС, яны нам — кантрабанду "Nivea" і "Skoda"», — сказаў Раманчук.
«Гэта стрэл хай не ў нагу, але ў руку»
Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба ў каментары UDF адзначыў, што ўведзеныя антысанкцыі моцна не адаб’юцца на беларускім спажывецкім рынку.
«Хоць, вядома, аматары "Nivea" пакпяць, нягледзячы на наяўнасць заменнікаў. Яшчэ больш цікавая сітуацыя з аўтамабілямі. "Skoda" — папулярная ў Беларусі марка, наша міліцыя шырока закупляла гэтыя аўтамабілі. Кажуць, адмова ад імпартных тавараў — гэта стрэл сябе ў нагу. Ну, хай не ў нагу, так у руку, бо сабе ж зрабілі горш. Мне здаецца, што гэтая контрмера носіць чыста эмацыйна-псіхалагічны характар. Гэта крок у адплату», — сказаў Жаліба.
Ці спыняць кантрабанду «санкцыёнкі» з Расіі мабільныя падраздзяленні?
«З гэтай нагоды можна сказаць толькі адно: гэта рашэнне можа быць на руку некаторым расіянам. Беларусы паспяхова займаюцца рээкспартам, цяпер далі такую магчымасць і ім», — сказаў Жаліба.