«Гэта можа быць фатальным». Экспертка пра імавернае скасаванне паставак расійскай нафты

Расійскія нафтавыя кампаніі могуць прыпыніць пастаўкі на «Нафтан» з-за санкцый ЗША. Абмежавальныя меры непасрэдна не закранулі расійскія кампаніі, але яны занепакоеныя тым, што іх могуць пакараць, калі працягнецца супрацоўніцтва з беларускімі прадпрыемствамі.

2297197_original.jpg


Вашынгтон адклікаў дазволы на некаторыя здзелкі ЗША з дзевяццю падсанкцыйнымі беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, уключаючы завод «Нафтан» і яго ўладальніка «Белнафтахім». Што гэта азначае для Беларусі? «Наша Ніва» пацікавілася ў аглядальніцы «Белрынку» Таццяны Манёнак.

«Калі буйныя кампаніі сапраўды адмовяцца ад паставак на "Нафтан", то наступствы могуць быць фатальнымі», — адказала Манёнак.

Паводле яе слоў, «Нафтан» перапрацоўвае 9-10 мільёнаў тон нафты ў год, гэта палова нашай перапрацоўкі. Яго прадукцыя ідзе і на ўнутраны рынак, і на знешні рынак, на працу «Нафтана» завязаная работа «Паліміра» і «Магілёўхімвалакна».

«Замясціць гэтыя аб’ёмы аб'ектыўна будзе вельмі цяжка: мы бачым, з якімі цяжкасцямі адбываецца дыверсіфікацыя, невялікія партыі ідуць з Азербайджана, але калі забаяцца расіяне, то, імаверна, забаяцца пастаўляць і астатнія?» — адзначыла экспертка.

«Я думаю, што ў такім разе павялічацца пастаўкі з Расіі ў Мазыр, які не пад амерыканскімі санкцыямі. Нашы сціплыя ўласныя запасы нафты будуць перанакіраваныя з экспарту на ўнутраны рынак. Але асноўнае — будзе весціся пошук маленькіх нафтавых кампаній у Расіі са сціплымі абаротамі, якія за мяжу ў прынцыпе не пастаўляюць, таму могуць не баяцца заходніх санкцый. Але яны змогуць паставіць аб'ёмы, дастатковыя хіба што для падтрымкі цыкла вытворчасці, бо спыняць завод вельмі дорага, трэба, каб ён хоць нешта перапрацоўваў», — кажа Манёнак.

Сітуацыя, паводле яе слоў, таксама моцна пагоршыцца, калі да амерыканскіх санкцый далучацца еўрапейцы.

Варта зазначыць: сёння стала вядома, што Мазырскі НПЗ у хуткім часе часова закрыецца на планавы рамонт. Такім чынам пра павелічэнне паставак расійскай нафты ў Мазыр гаварыць таксама праблематычна.