Эксперт: пагроза спыніць пастаўкі расійскай нафты на «Нафтан» — гэта шантаж

Еўрарадыё пагутарыла з палітолагам Вольгай Харламавай пра Расію, Украіну і Беларусь.

Вольга Харламава, facebook.com

Вольга Харламава, facebook.com

Палітолаг Вольга Харламава лічыць, што пагроза спынення паставак расійскай нафты на «Нафтан» — гэта ні што іншае, як чарговая спроба расіян шантажаваць Аляксандра Лукашэнку. Санкцыі ЗША ў такім разе гэта проста фармальная падстава, каб прымусіць кіраўніка Беларусі дзейнічаць неабходным для іх чынам.
Я б назвала гэта ўвогуле сваімі словамі — гэта шантаж. Гэта проста “ці ты будзеш выконваць дамоўленасці — ці будуць такія наступствы”. Гэта не проста ціск, гэта шантаж. Гэта тое, што не пакідае іншага выйсця. Гэта тое, што ставіць у вельмі абмежаваныя ўмовы і заганяе ў кут.
Палітолаг лічыць, што шантаж адбываецца па двух напрамках.
Першы — гэта адносіны з Украінай, таму што апошні тыдзень у расійскіх сродках масавай інфармацыі вельмі шмат негатыўнай інфармацыі пра Украіну ў прывязцы да ўсёй гэтай тэмы з магчымым захопам улады і пераваротам. Аказваецца, ва ўсім гэтым мерапрыемстве павінны былі ўдзельнічаць украінскія нацыяналісты, і зброя набывалася ва Украіне. Два дні таму Салаўёў у сваёй перадачы заявіў, што Беларусь і Расія мусіць спыніць усе адносіны з нацыстскай дзяржавай Украінай.
А другая тэма, другі верагодны накірунак дамоўленасцяў, — інтэграцыя. І як мы раней размаўлялі, перш за ўсё не палітычная інтэграцыя, а эканамічная — прывязка Беларусі да Расіі. Ты я ж самыя пытанні падаткаў, пытанні валюты, якія падымаліся, але не абмяркоўваліся цяпер. Было заяўлена, што мы там увосень, магчыма, вернемся да дарожных карт і дапрацуем, і падпішам. І вось пачаўся ціск, пачаўся шантаж, каб усе ж такі ў восень было падпісана, было прадэманстравана, што гэта глыбокая інтэграцыя, яна мае месца.
У Беларусі і так нацягнутыя адносіны з Украінай. Але, на думку Харламавай, Расіі гэтага мала.
Палітычныя сувязі Украіны з Беларуссю мінімізаваныя, але эканамічныя дамоўленасці, у тым ліку і транспартыроўка нафты, — яны засталіся ў тых аб’емах і межах, як былі і раней. За выключэннем таго, што Украіна прымае пэўныя нарматыўныя захады, каб абмежаваць уваход беларускіх тавараў на ўкраінскі рынак. Але я згадвала Салаўёва і згадаю яшчэ раз. Гэта паказчык, калі Салауёў пра нешта кажа. Гэта значыць, што тэма ці трыгер важныя і крытычныя для Расіі. “А Крым чей?” — ён некалькі разоў задаваў пытанне рытарычнае, якое яго цікавіць. “А Беларусь, Лукашэнка прызнаў чый Крым?”.
Вось з аднога боку ёсць палітычныя захады, заявы, якія мелі месца і пры апошняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, калі абмяркоўвалі паводзіны Зяленскага, калі вырашылі, што ён няправільна сябе паводзіць. А з другога боку ёсць упартае непрызнанне Лукашэнка Крымам за Расіяй. Ён юліць, ён робіць усе магчымыя захады, каб не агучваць тое, што ад яго чакае Расія, — заключае эксперт.