На запраўках знікне бензін, а цэны рэзка пойдуць уверх?
Расія можа перакрыць пастаўкі нафты праз санкцыі ЗША. Якая верагоднасць таго, што ўжо праз пару дзён (з 1 траўня) цэннікі на АЗС стануць перапісваць далёка не на адну капейку раз на тыдзень, а паліва знікне?
![paliva__belnaftahim__fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1.jpg paliva__belnaftahim__fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1.jpg](/img/v1/images/paliva__belnaftahim__fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На гэтыя пытанні спецыяльна для Myfin.by адказаў старшы аналітык кампаніі «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.
Што адбылося?
Паводле паведамлення з чатырох розных крыніц, агенцтва «Reuters» распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан», які належыць «Белнафтахіму», можа застацца без расійскай нафты праз уведзеныя санкцыі ЗША супраць дзяржпрадпрыемстваў. Паводле гэтых патрабаванняў, да 3 чэрвеня ўсе ўзаемаадносіны з дзяржпрадпрыемствамі з санкцыйнага спісу павінны быць спыненыя.
Крыніцы ў нафтавых расійскіх кампаніях заявілі, што 5,5 млн. барэляў нафты, якія пастаўляліся на «Нафтан» штомесяц, будуць перанакіраваныя ў марскія парты для экспарту.
Раней канцэрн «Белнафтахім» назваў рашэнне па аднаўленні санкцый у дачыненні да прадпрыемства «беспадстаўным і бесперспектыўным». І ў распаўсюджанай прэс-службай заяве дадаў, што галіна «працягне працу па захаванні вытворчасці і максімальным забеспячэнні ўнутранага рынку прадукцыяй».
Ці так гэта — пацікавіліся Myfin.by у Вадзіма Іосуба.
Панікаваць пакуль рана
— Пакуль я не стаў бы адназначна гаварыць пра тое, што праз некалькі дзён «Нафтан» пазбавіцца расійскай нафты. Пра гэта заявіў толькі «Reuters», спасылаючыся на свае расійскія крыніцы. Пакуль пацверджання — афіцыйнага ці з іншых крыніц — я не бачыў. Таму казаць пра гэта як пра факт — складана.
З таго, што я прачытаў у матэрыяле «Reuters», магу зрабіць выснову, што юрысты расійскіх нафтавых кампаній цяпер старанна вывучаюць варыянты ўвядзення другасных санкцый з боку ЗША. Бо менавіта яны, а не прамыя санкцыі на 9 беларускіх прадпрыемстваў, з'яўляюцца галоўнай пагрозай як для іх, так і для беларускай эканомікі.
І пакуль канчатковага меркавання — ці стануць пастаўкі ў Беларусь падставай для ўвядзення санкцый супраць іх, у РФ не вынеслі, — кожная кампанія вывучае праблему і шукае рашэнне самастойна, як мне здаецца.
Другасныя санкцыі небяспечныя і іншым кампаніям
— Ці не дае гэта падставу думаць, што і «Гродна Азот» не зможа свае ўгнаенні прадаваць — ні на еўрапейскі, ні на расійскі рынак?
— З інфармацыі ў матэрыяле «Reuters» зразумела, што цэнтралізаванага рашэння расійскага ўрада наконт забароны супрацоўніцтва з кампаніямі, якія трапілі ў амерыканскі санкцыйны спіс, у РФ не прынята.
І тэарэтычна, калі кампаніі прымаюць рашэнні індывідуальна, хтосьці можа адмовіцца пастаўляць сваю прадукцыю ці купляць яе на «Гродна Азоце».
І калі высветліцца, што рызыка ўвядзення другасных санкцый высокая, то і іншыя расійскія кампаніі (не кажучы пра еўрапейскія) разарвуць свае адносіны з беларускімі прадпрыемствамі, якія трапілі ў санкцыйны спіс.
Але, зноў жа, адно супрацоўніцтва не роўнае іншаму супрацоўніцтвуу. Пад рызыку трапляюць разлікі ў доларах праз карэспандэнцкія рахункі амерыканскіх банкаў. Яны будуць празрыстыя для ўлад ЗША. Калі ў нейкіх кампаній з санкцыйнага спісу разлікі з контрагентамі з РФ ідуць у расійскіх рублях ці еўра, то такое супрацоўніцтва, хутчэй за ўсё, працягнецца. Амерыканскія санкцыі на такога кшталту сувязі і такога кшталту разлікі ніяк не паўплываюць.
Усё ўпіраецца ў валюту разліку — контрагентам не хочацца весці разлікі ў доларах. Для ўсіх іншых відаў разліку рызыкі гэта не стварае. Так што яны могуць перайсці на разлікі ў расійскіх рублях ці еўра — каб пазбегнуць рызыкі ўвядзення другасных санкцый.
Ці знікне бензін?
— Якая верагоднасць таго, што ўжо ў траўні беларусы могуць застацца без бензіну або атрымаць рэзкі рост цэн на яго?
— Складанае пытанне. Пакуль не вазьмуся прагназаваць развіццё падзей. Пры ўзнікненні праблем з пастаўкамі нафты на «Нафтан» будзе закрывацца ўнутраны рынак, — можна ўспомніць хоць бы сітуацыю гадавой даўніны, калі РФ «перакрыла трубу» без усялякай сувязі з санкцыямі, па сваёй ініцыятыве. Тады ў студзені-лютым нашы НПЗ не атрымлівалі нафты ад буйных расійскіх пастаўшчыкоў — толькі кампаніі Гуцэрыева пастаўлялі сціплыя аб'ёмы. Акрамя таго, выкарыстоўваліся нейкія запасы і была арганізаваная пастаўка «альтэрнатыўнай» нафты — таксама ў сціплых аб'ёмах.
Але гэта не прывяло да знікнення бензіну на запраўках і рэзкага росту цэн на яго — ён быў у традыцыйным рэжыме «па адной капейцы».
А тады сітуацыя з пастаўкамі была горшай, чым будзе цяпер, калі ўступяць абмежаванні паставак на адзін НПЗ з двух.
— Але ў траўні Мазырскі НПЗ планава зачыніцца на рамонт…
— Калі «Нафтан» застанецца без нафты, то МНПЗ давядзецца працаваць за дваіх — у гэтым выпадку рамонт перанясуць. Таму што больш няма каму будзе забяспечваць палівам унутраны рынак. Пра выкананне экспартных кантрактаў казаць у гэтай сітуацыі складана.
Але я не ведаю дэталей — адна справа, калі гаворка ідзе пра які-небудзь прафілактычны рамонт на Мазырскім НПЗ, іншая — пра патэнцыйна аварыйную сітуацыю ў выпадку, калі рамонт не будзе праведзены.
Ацэньваючы сітуацыю цяпер, з наяўнай інфармацыі я магу зрабіць выснову, што перспектыў узнікнення вострага дэфіцыту паліва ў бліжэйшыя месяцы няма. Пра гэта кажа досвед першага квартала мінулага года.
Паводле myfin.by.
Пераклад НЧ