Палітолаг: «Расія не дазволіць, каб Беларусь пры змене ўлады магла спакойна дрэйфаваць»

Ці стане незалежная Беларусь зноў БССР? Аднак можам спакойна выйсці з Саюзнай дзяржавы, ацэньваючы гэтую дамову як тую, што не адпавядае Канстытуцыі і супярэчыць інтарэсам незалежнасці краіны.

0c0aaddc8da12b6fcad620833c213305.jpeg

— Расія ніколі не збіралася анексаваць Беларусь. Анексія азначае далучэнне чужой дзяржавы да тэрыторыі іншай дзяржавы. Такога ў планах і праектах Расіі ніколі не было, — заявіў у эфіры канала «Маланка медыя» палітолаг Павел Усаў. — Гаворка ідзе найперш пра выкарыстанне прававых метадаў пашырэння палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, вайсковай прысутнасці і кантролю за нашай краінай.

Гэта азначае вяртанне незалежнай Беларусі статусу Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі — калі атрыбуты нейкай дзяржаўнасці мелі месца, але ўсе асноўныя ключавыя рашэнні прымаліся ў Маскве.

Палітолаг лічыць, што для дасягнення поўнага кантролю над Беларуссю дастаткова рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы.

— Гэта і будзе азначаць вяртанне Беларусі ў форму «недадзяржавы», калі з'явяцца агульнаэканамічныя, палітычныя, дыпламатычныя інстытуты, агульная стратэгія, магчыма, агульная армія, агульная валюта, агульныя інстытуты дзяржаўнага кіравання. Але, па факце, па фармальных аспектах міжнароднага права гэта не з'яўляецца анексіяй. Гэта з'яўляецца працэсам інтэграцыі, — патлумачыў кіраўнік Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу (Варшава).

Тым не менш, ён дапускае — у выпадку падпісання дамовы аб Саюзнай дзяржаве — магчымасць пасля выхаду Беларусі з яе.

— У дамове аб Саюзнай дзяржаве 1999 года прапісана, што выхад любога чальца можа быць ажыццёўлены толькі праз рэферэндум. У прынцыпе, мы можам спакойна выйсці з Саюзнай дзяржавы, ацэньваючы гэтую дамову як тую, што не адпавядае Канстытуцыі і супярэчыць інтарэсам незалежнасці краіны. А супярэчнасці там відавочныя.

Пытанне ў тым, якой будзе рэакцыя Расіі. Яна, вядома ж, не дазволіць, каб Беларусь пры змене ўлады магла спакойна дрэйфаваць у тым напрамку, у якім яна захоча, і заявіць аб выхадзе з Саюзнай дзяржавы і ўсіх іншых дамоў, у тым ліку АДКБ, Еўразійскага саюза і г. д.

Неабходны сістэмны падыход з ацэнкай усіх рызык, у тым ліку эканамічных, зыходзячы з таго, што практычна ўся эканоміка Беларусі залежная ад расійскага рынку. Гэтыя рызыкі, якія Беларусь зведае, калі дыстанцуецца ад Расіі, неабходна прадугледзець.

Каб іх мінімізаваць, патрэбна тая фінансавая эканамічная «падушка», якую можа прапанаваць Захад, свайго роду «план Маршала» для Беларусі, з тым, каб пазбегнуць глыбокага сацыяльна-эканамічнага крызісу ад разрыву эканамічных адносін з Расіяй, — адзначыў Павел Усаў.

Паводле gazetaby.info