Гандлёвы дом «На Нямізе» зачыняецца з 28 красавіка. Кажуць, ненадоўга

З 28 красавіка спыняе працу гандлёвы дом «На Нямізе», гаворыцца на сайце крамы. Адміністрацыя тлумачыць закрыццё тэхнічнымі прычынамі.

na_nemige_univermag_minsk_1.jpg


Акрамя ўнівермага перастануць працаваць крама харчовых тавараў, кафэ «Сустрэнемся на Нямізе» і крама №3 на вул. Стаханаўскай, 21-53, паведамляе REFORM.by.

Таксама не працуе інтэрнэт-крама ГД «На Нямізе».

Ва ўнівермагу прадаўцы распавялі, што крама зачыняецца не на ўвесь час, а на некалькі дзён, магчыма, дні на тры. Адна з прадавачак паведаміла, што ў гэты час будуць мяняць касы.

Але карэспандэнту «Комсомольской правды» сказалі, што прычына закрыцця — рэарганізацыя гандлёвага аб’екта і гандлёвы дом цяпер будзе належаць універмагу «Беларусь».

У адміністрацыі ўнівермага «Беларусь» TUT.BY распавялі: у мінулы чацвер была прынятая пастанова Мінгарвыканкама аб аб’яднанні двух гандлёвых прадпрыемстваў.

— ГД «На Нямізе» будзе працаваць, але яго юрыдычнай асобай стане ўнівермаг «Беларусь», — растлумачыў дырэктар універмага Мікалай Завалей. — Крама на Нямізе закрываецца часова, на пару дзён. Вырашаюцца фармальнасці: трэба выключыць юрыдычную асобу ГД «На Нямізе» з адзінага рэгістра. Потым гандлёвы дом працягне працаваць, усё будзе добра.