Максім Багдановіч: 10 фактаў пра чалавека і паэта

Сёння — дзень памяці класіка беларускай літаратуры і аднаго з найвядомейшых у свеце беларускіх паэтаў Максіма Багдановіча. Прапануем вам цікавыя факты з жыцця класіка, многія з якіх вы, напэўна, не ведалі.

bagdanovich_m_2__1_.jpg


1. Паходзіў з сям’і этнографа і фалькларыста Адама Багдановіча, а прабабуля паэта Рузаля Асьмак была вядомай у сваёй вёсцы Халопенічы казачніцай. Так што можна з пэўнасцю сказаць, што літаратурны талент у нашага класіка быў у крыві. Халопеніцкія казкі, запісаныя па памяці Адамам Багдановічам, год таму пабачылі свет у выдавецтве «Янушкевіч».





2. Максім Багдановіч рана страціў маці: яна памерла ад сухотаў, калі хлопчыку было 5 гадоў. Смяротная хвароба перадалася і яму. Пасля смерці жонкі бацька Адам Багдановіч разам з дзецьмі пераехаў у Ніжні Ноўгарад, дзе ажаніўся другі раз, але і гэты шлюб скончыўся трагічна: другая жонка неўзабаве таксама памерла. Трэці раз ён пабраўся шлюбам з роднай цёткай Максіма, ад якой меў яшчэ пецярых дзяцей — натуральна, што даглядаць за старэйшымі сынамі ўжо не было як. Так што дзяцінства паэта прайшло ў адсутнасці сям’і як такой. Сябры адзначалі, што малады Багдановіч часта прыходзіў да іх у госці, як быццам шукаючы той сямейнай утульнасці, якой яму заўсёды не ставала. Часцей за ўсё падставай завітаць у госці былі кнігі, якія Максім цягаў з бацькавай бібліятэкі — у тым ліку такім шляхам папулярызуючы беларускую мову і культуру сярод сваіх рускіх сяброў.

Максім Багдановіч з маці Марыяй Апанасаўнай Багдановіч. г. Гродна. 1892 г.

Максім Багдановіч з маці Марыяй Апанасаўнай Багдановіч. г. Гродна. 1892 г.

3. Адам Багдановіч адзначаў, што рысы знешнасці Максім «падабраў» ад яго, а вось характар быў хутчэй матчын — мяккі, жаноцкі. Магчыма, дзякуючы характару і жыццёвым абставінам будучы паэт умеў знаходзіць агульную мову з самымі рознымі людзьмі. У сваіх успамінах сябры паэта адзначалі, што ён «ніколі не ўмеў гаварыць пра дробязі». Максім мог разгаварыць самотнага выкладчыка, які часта «зазіраў у бутэльку», ці, напрыклад, цяжарную жанчыну. Аднакласнік паэта ў яраслаўскай гімназіі Дыядор Дэбольскі пісаў: «В 1911-1912 году, когда я уехал в Москву, Максим продолжал бывать в нашей, той же квартире; в ней оставался отец и старший мой брат, недавно женившийся. Вот с его женой, Марией Ивановной, тогда ждавшей первого ребёнка, Максим и подружился, ... он писал: “ребёночек у М.И. обозначается очень явственно”. И вот эта беременность, вызываемое ею самочувствие, ощущения движения младенца особенно и интересовали Максима, и он выспрашивал о всём этом с таким интересом и так просто, что Маруся, мы так её звали, так же просто и отвечала, словно разговаривала с самым близким человеком».
4. Максім Багдановіч любіў дзяцей. Калі ў сям’і названага вышэй Дэбольскага нарадзілася пляменніца Вераніка, то лепшым сябрам для яе стаў ніхто іншы, як Максім. Ён пісаў ёй кранальныя дзіцячыя вершыкі, і менавіта яе імя мае знакамітая паэма Багдановіча.
5. Праз свой мяккі і сціплы характар, паводле сведчанняў сяброў, Максім Багдановіч ніколі не быў у тэатры, на канцэртах і вечарах, якія ладзіла гімназія: ён губляўся сярод незнаёмых людзей, і пра тое, каб пайсці куды-небудзь проста патанчыць, як гэта любілі яго аднакласнікі, і гаворкі не было. Нават на вуліцы ён паводзіў сябе так, быццам хацеў стаць незаўважным.


6. Паэт — гэта не толькі што і як ён піша, але яшчэ і як ён чытае. Багдановіч пачынаў чытаць вершы ў манеры, якой сёння называюць «манерай Бродскага» — працяжна, нараспеў, крыху падвываючы. Але хутка пачуў, як тое самае робіць нейкі масковец, і больш ніколі да такой практыкі не вяртаўся. Чытаў вершы пераважна на памяць.
7. Нягледзячы на тое, што яго бацька быў мовазнаўцам, сам Максім ніякіх замежных моў не вывучаў, але затое вельмі хацеў, каб у яго зборніку «Вянок» былі эпіграфы на французскай мове. Іх яму дапамагала выбіраць сястра яшчэ аднаго аднакласніка Рафаіла Какуева Варвара. Імя другой сястры Какуевай дало назву знакамітаму акравершу Багдановіча «Анна».

Ганна Рафаілаўна Какуева

Ганна Рафаілаўна Какуева

8. Вершы Максіма Багдановіча часта крытыкавалі за русізмы, а вось бацька паэта Адам Багдановіч ухваляў выкарыстанне рускіх форм сынам. Ён лічыў, што створаная тагачасная беларуская літаратурная мова павінна была абапірацца на старажытнарускую глебу — маўляў, менавіта старажытнаруская мова дапамагла рускім стварыць свой «высокі стыль». Польскі ж уплыў і выкарыстанне простай сялянскай мовы ў публічнай прасторы ён лічыў недапушчальным:
«В своё время я говорил покойному сыну: напиши им, т.е. вам, нашенивцы, — почему они не черпают от общерусского источника, древней литературы, как это делали Пушкин, Гоголь и проч. Вы этот источник проморгали, очевидно, исходя из ложного мнения, что это чуждый белорусам язык. ... Введя же в литературный оборот застенковые словечки, вы лишили себя возможности индивидуализировать деревенскую речь, т.е. создать “низкий стиль” — и теперь не различишь: кто это говорит — автор или деревенская баба из Галькоў, Баркоў и Узнацкаго?»
9. У Мінску за ўсё сваё жыццё беларускі класік правёў толькі 5 месяцаў. Будучы ўжо вельмі хворым (сухоты актыўна адбіралі жыццёвыя сілы), ён пастаянна пісаў і дапамагаў сябрам у «Беларускай хатцы». Аркадзь Смоліч, адзін з найбліжэйшых мінскіх сяброў паэта, сведчыў, што знакаміты верш «Пагоня» Багдановіч напісаў у гарачцы. Зоська Верас, якая разам са Смолічам таксама пастаянна была побач, згадвае, што Максім часта заставаўся ў «Беларускай хатцы па вечарах», нават калі тэмпература была 38-39, і пісаў.
10. За 5 мінскіх месяцаў Багдановіч ні разу не наведаў доктара. Ён прывёз лекі з сабой з Расіі і прымаў толькі іх. Пра паездку ў Крым і неабходнасць нешта рабіць з цяжкім станам здароўя з Максімам размаўляў усё той жа Аркадзь Смоліч. Зоська Верас успамінала, што ніякі збор грошай з сяброў на лячэнне Багдановічу быў немагчымы: яны лічылі гэта нетактоўным і непрымальным. У Ялту паэт паехаў з дапамогай Уладзіміра Фальскага і камітэта «Таварыства помачы ахвярам вайны». Штосьці было і з уласных грошай Максіма: ён працаваў да апошняга, нешта зарабляў, адкладваў і нічога не траціў.

Максім ехаў Крым некалькі сутак: цягнік доўга прастойваў праз занесеныя снегам шляхі, — і з-за незапланаванай затрымкі трое сутак Максім Багдановіч быў галодны (сябры сабралі яму ў дарогу толькі бутэрброды і фрукты). Ялта сустрэла паэта няветліва. Гаспадыня, у якой Багдановіч наймаў кватэру, эканоміла на паліве, і таму і без таго хвораму арганізму, відаць, такія ўмовы сталі апошняй кропляй.

Цяпер ужо вечна маладому беларускаму класіку тады было 25 гадоў.