Ялта Максіма Багдановіча

Пасля анексіі Крыму для культурнага падарожніка сталі недаступнымі мясціны на паўвыспе, звязаныя з жыццём і смерцю Максіма Багдановіча. Ялта — куротны горад на паўднёвым узбярэжжы Крыма, месца смерці і пахавання Максіма Багдановіча.

 



Фотаздымкі старых раёнаў Ялты з забудовай канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, зробленыя ў снежні 2010 года — да анексіі Крыму.  

У 1917 годзе ў люты-траўні — адбываецца апошняе падарожжа Максіма Багдановіча ў Крым. Ялта, дом №8 па вул. Мікалаеўскай.

Адам Багдановіч, бацька паэта, так распавядаў пра апошняе жытло паэта:

— Пакой быў даволі вялікі, светлы, меў выгляд на мора, на другім паверсе, з асобнай лесвіцай і абсалютна ізаляваны: хоць крычы, хоць грукачы — ніхто не пачуе (гаспадыня жыла ўнізе) і не дапаможа. Найлепшае месца, каб паміраць у адзіноце.

У апошнія дні Максім Багдановіч пераглядаў вершы са зборніка “Вянок”, працаваў над новым беларускім лемантаром, які так і не выйшаў. Менавіта ў Ялце напісаны верш, які лічыцца апошнім вершам Максіма Багдановіча “У краіне светлай…”.

Максім Багдановіч памёр ад сухотаў удалечыні ад Радзімы — у Ялце. З абставінамі смерці і месцам пахавання паэта звязаны таямніцы, як і з усім нядоўгім жыццём паэта. Пахаваны паэт быў паводле праваслаўнага абраду з удзелам святара і псаломшчыка — пра гэта сведчыць знойдзеная ў 1990 годзе супрацоўніцай ялцінскага гісторыка-літаратурнага музея З. Лівіцкай метрычная кніга сабора Аляксандра Неўскага з запісам пра смерць Максіма Багдановіча (муляж кнігі да рамонту і знішчэння экспазіцыі быў выстаўлены ў пятай зале Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Менску).

У “Матэрыялах да біяграфіі Максіма” (1923 г.) бацька паэта, Адам Багдановіч, пісаў так:

Памёр ён 25(12) мая 1917 года, але я паведамленне пра гэта атрымаў на 4-ы дзень пасля яго смерці. Ён не даў гаспадыні майго адрасу, не жадаючы мяне трывожыць. Пасля яго смерці яна знайшла мой яраслаўскі адрас і тэлеграфавала па гэтым адрасе, а пакуль прыйшла тэлеграма з Яраслаўля (бацька паэта знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў Сімферопалі — аўт.), быў ужо чацвёрты дзень. Я адразу на аўтамабілі накіраваўся ў Ялту. Але ён быў ужо пахаваны. Пахавалі яго на Ялцінскіх могілках, што недалёка ад Мікалаеўскай вуліцы ў накірунку гор, на самым ускрайку могілак ля дарогі з супрацьлеглага мору боку, г. зн. з боку гор. У галаве пастаўлены белы крыж з надпісам на бляшанай таблічцы яго імя (студэнт Максім Адамавіч Багдановіч) і калі ён памёр. У дзвюх сажанях па прамой лініі ад галавы пахаваны студэнт Карысан. Паведамляю, як некаторую прыкмету.

Але ў той жа час бацька паэта адзначаў:

Месца абрана надзвычай няўдала: ліўні і патокі з крутога схілу лёгка маглі размыць магілу. Я наняў вартаўніка, каб магілу ўмацаваць і ўпарадкаваць, пакінуў грошы гаспадыні, каб пасадзіць кіпарысы і куст ружаў, прасіў сачыць за гэтым двух знаёмых, у тым ліку і дачку майго саслужыўцы, асабістую знаёмую Максіма, але ці зроблена гэта — не ведаю. Праз некалькі дзён я паехаў з Крыму. Двойчы я пісаў з Яраслаўля знаёмым, але не атрымаў адказу: вядома, як дзейнічала ў гэты час пошта, ды і людзям было не да чужых магіл”.

Пэўны час магілай Максіма Багдановіча ніхто асабліва не цікавіўся. А ў 1924 годзе Інбелкульт накіраваў у Ялту трох маладых паэтаў: Уладзіміра Дубоўку, Анатоля Ажгірэя і Андрэя Александровіча, якія мусілі адшукаць магілу Багдановіча, каб да 10-х угодкаў смерці ўстанавіць на ёй помнік. Працэс пошукаў апісаны Дубоўкам у артыкуле “На Багдановічавай магіле” (часопіс “Узвышша”, № 2, 1927).

Паводле ўспамінаў Уладзіміра Дубоўкі, на гарадскія ялцінскія могілкі яны трапілі 18 жніўня 1924 года: “Зацікавілі вартаўніковых сыноў, якія ўзяліся дапамагаць шуканню. Прыйшлі на другі дзень, 19 жніўня. Хлапчукі прынеслі нам таблічку з жалобным надпісам, але крыжа няма… Аказалася, хлапчукі адрывалі таблічкі ад крыжоў і коўзаліся на іх з каменнай гары, па адхону гары. Ці варта вінаваціць іх? Гэта было адзінай забавай іх. Не пакрыўдзіўся б на іх і нябожчык, які меў такое замілаванне да маладога жыцця.

Знаходзім магілу, пра якую казаў Я. Дыла (верагодна, магіла студэнта Карысана — аўт.). Але навокал яе таксама магілы з паламанымі крыжамі. Урэшце, падабраўшы з зямлі планку, праверыўшы самыя дробныя дэталі, спыніліся ля шуканага. У правільнасці не магло быць ніякага сумліву.

У тым жа часе далі тэлеграму ў Менск, каб прыслалі грошы на пастаноўку помніка. Гэты помнік стаўляў ужо Цішка Гартны паводле свайго праекту, бо мы павінны былі ехаць дахаты. Перад ад’ездам сфатаграфавалі магілу, каб пасля не прыйшлося шукаць нанова. Таблічка ад магілы з жалобным надпісам і негатывы фатаграфіі перададзены намі Інстытуту Беларускай культуры”.

20-я гады мінулага стагоддзя былі эпохай атэізму, таму стары крыж на ялцінскай магіле быў знішчаны, а на ягоным месцы з’явіўся помнік з шэра-брунатнага вапняку з чырвонай зоркай, які і стаяў да 2003 года.

А ў 2003 годзе на магіле паэта быў устаноўлены помнік скульптараў — бацькі і сына Льва і Сяргея Гумілеўскіх.

Да таго, як экспазіцыя музея Максіма Багдановча ў Менску была знішчаная, пра Ялту распавядае пятая — апошняя зала музею Максіма Багдановіча ў Мінску, экспазіцыя гэтай залы мае назву “Няздзейсненыя задумы і смерць”. У гэтай зале быў гадзіннік паэта, які адлічыў апошнія хвіліны яго жыцця. Ліст Адама Багдановіча да сына Льва, дзе ён паведамляе пра смерць Максіма, і муляж царкоўнай кнігі ялцінскай царквы Аляксандра Неўскага з запісам пра смерць Максіма Багдановіча.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя