Каб любіць Крым, трэба ў чужых краях пабываць
У Гомелі ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.І. Герцэна 25 жніўня ў межах праекта “Жывы аўтограф” адбылося адкрыццё мастацкай выставы “Крымскія эцюды” Алега Белавусава. Вядомы гомельскай публіцы найперш як фотамастак, аўтар прадставіў увазе публікі 26 работ, на якіх адлюстраваў улюбёныя краявіды Крыма.
— Гэта працы, створаныя за 6 апошніх год. На сённяшні момант я вярнуўся да малявання, хаця разумею, што гэта ў некаторым сэнсе выклік, бо я не маю скончанай мастацкай школы, пэўнай тэхнікі ды вялікай практыкі. Выстаўляюся я таму, што маю непераадольную патрэбу ў такіх жа аматарах, як я. Трэба паглядзець, хто што робіць, хто на якім узроўні, пэўныя ідэі падглядзець. Яны часта правакуюць творцу і гледачоў на свае творчыя пошукі.
Алег Белавусаў прапануе зірнуць на паўвостраў Крым вачамі не турыста, а філосафа. "Сутнасць экспазіцыі ў тым, каб пабыць аднаму, але не ў адзіноце, а з тымі, хто жыў тут тысячы гадоў", — кажа мастак, для якога Крым не турыстычны рай, а радзіма.

— Крым — гэта для мяне ўсё, бо я там нарадзіўся. Гэта мой сэнс існавання. Шчыра кажучы, мне трэба было прайсці 6–8-гадовы шлях разрыву з паўвостравам, каб захварэць настальгіяй. Таму гэтыя словы “каб любіць Беларусь…” актуальныя і для мяне. Трэба сапраўды адчуць стан хваравітага развітання з Радзімай. Толькі тады ты зразумееш, што гэта такое для цябе.
Тут не відаць людзей, але яны тут прысутнічаюць, і Крым быў такім заўсёды. На паўвостраве перапляліся лёсы многіх народаў, дзяржаў і цэлых цывілізацый. Нездарма гэты край так любяць мастакі і літаратары: акрамя прыроднай прыгажосці, іх натхняе асаблівая атмасфера глыбіні стагоддзяў.
— Кожны камень у Крыме кажа пра сваю эпоху. Калі ты адначасова камунікуеш з артэфактамі тысячагадовай даўніны або мінулага стагоддзя, калі ты чуеш музыку Рахманінава, прыгадваеш вершы Максіма Багдановіча або Лесі Украінкі, калі ты бачыш вобразы, якія бачыў у Каровіна, прыгадваеш апісанне Чорнага мора Паўстоўскага, то, канешне, для цябе гэта сплаў усіх эпохаў і культур. Там можна нават гамераўскую Адысею ўбачыць ды адчуць.
Мне вельмі хочацца спадзявацца, што Крым у перспектыве набудзе свой статус як менавіта культурны цэнтр. Я лічу, што, пачынаючы з савецкіх часоў, ён гэты статус згубіў. Я нават скажу, што Валошын быў апошнім аскепкам гэтай культуры, што нараджалася ды вырасла на крымскай зямлі, і мне хацелася б верыць, каб гэты стан справаў змяніўся.
Выстава будзе доўжыцца да 9 верасня а наведаць яе можа любы ахвотны — уваход вольны.

Даведка:
Алег Уладзіміравіч Белавусаў нарадзіўся ў Еўпаторыі (Крым). Скончыў Маскоўскі лесатэхнічны інстытут. Пастаянна пражывае ў г. Гомелі. Захапіўся мастацтвам фатаграфіі ў школьныя гады. Першая персанальная выстава адбылася ў 1996 годзе. Працаваў у кірунку фотарэкламы, расійскіх і беларускіх СМІ. Зараз з'яўляецца фотакарэспандэнтам абласной газеты «Гомельская праўда». У якасці фотакарэспандэнта актыўна супрацоўнічае з многімі перыядычнымі выданнямі.
Як творчая натура аўтар не абмяжоўваецца фатаграфіяй і выяўленчым мастацтвам. Сярод яго захапленняў таксама тэатр і гульня на розных музычных інструментах.