Максім Багдановіч. Вершы пра каханне

Да 130-годдзя Максіма Багдановіча мы публікуем вершы паэта пра любоў і каханне. Аўтар напісаў іх па-руску, на беларускую мову пераклаў Андрэй Хадановіч. Ён жа суправадзіў падборку сваёй прадмовай.

1babebb6e3082b7c74215afaef8a900c_xl_1.jpg


9 снежня спаўняецца 130 гадоў аднаму з самых вялікіх беларускіх паэтаў — Максіму Багдановічу (1891–1917). Геніяльна адоранаму творцу, які за сваё кароткае жыццё паспеў змяніць аблічча нашай літаратуры. Аўтару, дзякуючы якому — і ў асобе якога — беларуская лірыка зрабіла велізарны скачок у сваім развіцці, наблізіўшыся да еўрапейскіх і сусветных культурных вышынь. Неардынарнай асобе, што адкрыла для сябе (а потым і для шмат каго яшчэ) Беларусь і яе мову, большасць жыцця правёўшы далёка ад радзімы.
Багдановіч далёка не заўжды перабываў у беларускім асяроддзі і не ўсе важныя для яго чытачы — і, вядома ж, чытачкі! — разумелі беларускую. Таму не дзіва, што значная частка яго спадчыны, у тым ліку і вершаваная, пісалася і па-руску. Некаторыя з такіх вершаў — цалкам самастойныя рускамоўныя творы, некаторыя існуюць у дзвюх моўных версіях, бо аўтар перакладаў сябе з беларускай на рускую. А магчыма, часам і наадварот. Для мяне бясспрэчна, што ўсе гэтыя тэксты таксама належаць беларускай культуры. І цалкам зразумелая спакуса сучаснага паэта — паспрабаваць перакласці беларускага класіка… на беларускую мову.
Усе вершы, сабраныя ў гэтай кароткай падборцы, — пра любоў і каханне. Але не ўсе яны ў роўнай ступені могуць быць перакладзеныя без страт. Досыць згадаць чатырохрадкоўе-акраверш: беларуская адаптацыя імені «Ганна» павялічыла б твор на адзін радок, а таксама знішчыла б яго магічную здольнасць аднолькава чытацца па вертыкалі зверху ўніз і знізу ўверх з правага і левага краю тэксту. Калі ж казаць пра верш «Гарадское каханне», то сама спроба перакладаць яго выглядае небясспрэчнай: «Городская любовь» мае і беларускамоўную аўтарскую версію, якая датуецца прыкладна тым самым часам, не мае назвы і пачынаецца радком «Пад ценню цёмных ліп…», так што яго перастварэнне, змешчанае ніжэй, можна лічыць хутчэй варыяцыяй на багдановічаўскую тэму.
Ні адзін з гэтых перакладаў не заменіць арыгіналаў і не вельмі патрэбны камунікатыўна, бо ў нас цудоўна разумеюць і па-руску. Гэта хутчэй творчы эксперымент, спроба ўнесці штосьці цікавае ў беларускі паэтычны пераклад, а перадусім — прызнанне ў любові вялікаму паэту.
Так сталася, што сённяшні юбілей падвойны. Трыццаць гадоў таму ў Мінску адкрылася першая экспазіцыя ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Хай жа гэтая публікацыя будзе таксама знакам павагі і салідарнасці з людзьмі, якія ва ўсё горшых умовах працягваюць займацца добрай справай, стоячы на баку беларускай культуры.
А.Х.

Максім Багдановіч

Чацвярны акраверш

Ах, як умееце Вы, Анна,Не бачыць, беручы ў палон,Нявольніка, што не праклён,А ўдзячны вокліч шле: асанна!
1910-1913
***Суцішцеся, горкія страсці,Засні, безнадзейнае сэрца.Панура, тужліваІмчыце гады за гадамі,Панура, тужліва.Адну толькі маю надзею, —Народзіцца ў Ані дзіцёнак,Падобны да мамы,З вачыма, як цёмныя зоры:Падобны да мамы.Аддам я жыццё яму ў рукі, —І хай тады будзе, што будзе:Ці ён у ручонкахЖыццё маё зломіць, як цацку,Ці ён у ручонкахСагрэе мне хворае сэрца.
1910-1913

Гарадское каханне

У ліпавым цяні схаваўшы нашы твары,Ідзём праплёванай сцяжынкай па бульвары.Хоць недапалкі спрэс, паперкі пад нагамі,Ці ўбачу іх, калі іду пад ручку з вамі?
Праз дымчаты крышталь празрыста-цёмнай ночыСустрэчных мінакоў іначай ззяюць вочы,Рубінамі гараць у змроку папяросы,Брыльянтавым святлом блішчаць на ліпах росы.
Чароўнае красы не ўбачыць немагчыма, —Бо закаханымі на ўсё глядзіш вачыма!
1911-1912
***Забудзецца многае, Клава,Ды памяць забыцца не дасць,Што ў сэрцы кіпелі, як лава,Сумота, і сорам, і страсць.
Як ты ў цёмна-сіняй хусцінеСпявала… І доўжыцца спеў:Пакінула ўсё, не пакінеМой сон, што дасніць не паспеў.
1915

Зялёнае каханне

Гудзе ўся вуліца, каліСмяюцца гімназісткі, вольныя.Ім вецер гойдае брылі,І рвуцца з тэчак ноты школьныя.
Не пераймаюцца яны,Ці іх завуць «яшчэ зялёнымі».Як матылькі, лятуць у сны,Што хутка зробяцца бяссоннымі.
Вось, нібы чапля, след у следЗа жартаўніцаю прывабнаю,Цыбаты і прамы кадэтСпяшаецца хадой нязграбнаю.
Няхай наводмаш вецер б’еІ ходнік замяло парошаю, —Яго багіня праз яеСтупае новенькай галошаю.
Ён крочыць па яе слядах, Ад хвалявання ледзьве дыхае.А сэрца б’ецца, нібы птах, Бо ў ім гарыць надзея ціхая.
1916