«Не прэзідэнт чагосьці там памілаваў людзей. У тэрарыста выкупілі закладнікаў»
Безумоўна, навіны ўчора былі радасныя. Аднак 123 вызваленыя — гэта нават не дзясятая частка тых, хто бязвінна застаецца за кратамі. Не выйшаў Андрэй Пачобут, у закладніках застаецца Дзяніс Івашын, не дачакаліся мы на волі Валянціна Стэфановіча, і шмат-шмат іншых. За радасцю ад падзеі мы не павінны забываць пра тое, што нічога яшчэ не скончылася, піша аўтар каналу «Палітанелогія».

Падобна, амерыканцы «развялі» нашу ўладычыцу марскую. Навіны добрыя. Людзі, якія гады прасядзелі ні за што, — больш не сядзяць ні за што. Такая вось прымітыўная аналітыка. А яшчэ «Незыгарь» напісаў, цытую: «Беларусь стала на крок далей ад РФ». Моцней, мабыць, і не скажаш. Эйфарыя зразумелая, але ў такія моманты, мне здаецца, трэба ўсё ж такі звярацца з рэальнасцю.
Зняцце санкцый яму не надта дапаможа. Не таму нават, што засталася яшчэ Еўропа, а Еўропа з ім гаварыць не вельмі хоча. Давядзецца так ці інакш у нейкі момант. Кан'юнктура прымусіць. З пункту гледжання эканомікі праблема ўсё ж у іншай плашчыні: за пяць гадоў «гісторык сваёй хваробы і крыху фатограф» нарабіў столькі, што ратаваць там па большасці ўжо няма чаго.
Залежнасць ад Масквы вызначаецца тым, што каля 70% тавараабароту цяпер завязана на іх. Гэтага не адкруціць. Цяпер, прынамсі. Залежнасць ад Крамля звязана з тым, што ў канцы лютага 2022 года расійскія войскі, топчучы, так бы мовіць, нашу радзіму, рванулі на Кіеў. І гэта не трэба забываць. Гэта нельга забываць.
Труп з Краснай плошчы — ну, саламянае пудзіла сіфілітыка Ульянава — пісаў у свой час пра крок наперад і два крокі назад. У нас сітуацыя больш смешная: мы доўга і ўпарта ішлі назад, а цяпер зрабілі крок наперад. Пастаіць, пакурыць, аддыхаецца — і зноў пойдзе назад.
Санкцыі — і тады было ясна — цалкам дзіравыя. Хай і ўдарылі па сістэме, але асноўны ўдар быў усё ж у рубрыцы friendly fire. ІПэшнікаў ён амаль грохнуў — ад злосці, ад помсты. МЗС кіруе бясслоўная істота — муж былой жонкі Латушкі. У АП — безлікі, на словах круты. Качанава маячыць. Сілавікі падмялі пад сябе ўсе практычна працэсы. Як з гэтым?
Хай людзі выходзяць — усе, а не 123 чалавекі. Усе, таму што ўнушальная лічба 123 — гэта нават не дзясятая частка. Ён адпускаў не людзей, а імёны. Але трэба памятаць, колькі там іх, безыменных, якія селі за допіс у інстаграме. Тыя, хто прамільгнулі ў спісах «Вясны» і зніклі, сціраемыя гучнымі імёнамі як бы асноўных.
Няма асноўных і другарадных. І таму я рады, што выйшлі сёння ўсе тыя, хто выйшаў. І, на жаль, горка і будзе горка — таму што іх там яшчэ вельмі шмат. Таму што затрымліваць не перасталі. Набяруць — месца знойдзецца. Ён жа ў нас уладальнік платоў з непрапрацаванай траўмай 2020 года.
Эйфарыя ёсць і ў яго. БелТА піша, маўляў, «Лукашэнку перадалі асабістае пасланне ад Дональда і Меланіі Трамп». На восьмым дзясятку «дасведчанага кіраўніка» і «моцнага гаспадарніка», уладальніка самай моцнай рукі на дзікім захадзе, развялі за аўтограф. Памілаваў? Скажыце, калі ласка, як можна памілаваць закладніка?
А галоўнае менавіта гэта. Не прэзідэнт чагосьці там памілаваў людзей. У тэрарыста выкупілі закладнікаў. Але хіба перастаў ён быць тэрарыстам пасля гэтага? Не, застаўся ім, толькі злёгку прахутаўся. Мы з канца дзевяностых ведаем, што гэта за чалавек. Наколькі ён жорсткі, грубы, дурны і хітры.
Так ці інакш, з канца гэтых дзевяностых мы — хто як — спрабавалі і будзем працягваць змагацца. Толькі трэба не забываць. Не забываць, што навіны сёння выдатныя, а жыццё наша — дзякуй аматару цялятаў — так сабе. Многіх забілі. Гэта не сталінскія, на шчасце, маштабы — пашанцавала нам, што драбнеюць тыраны. Але многіх забілі. І заб'юць яшчэ. Выпадкова, наўмысна, проста з цягам часу, там жа турмы — канцлагер, а не Швецыя. Банальнасці.
І ўсё, што я напісаў вышэй — банальнасці. Будзем іх прытрымлівацца, а тое няроўны час, дэмсілы перагрызуцца паміж сабой за дасягненне. Я дзесьці бачыў, што Маша Калеснікава ўжо наўрад ці зможа іграць. Ці то яна пісала ў нейкім лісце, ці то сястра яе казала. Спадзяюся, што зможа. А калі не? Нельга адрэзаць скульптару рукі.
Але парадуемся сёння — сёння можна. А заўтра трэба вяртацца ў чортаву рэальнасць, якая так сабе, калі шчыра.