Як у Беларусь караюць за лайкі, каментары і анлайн-актыўнасць. Хронікі рэпрэсій 12 снежня
Пяць гадоў пасля пратэстаў 2020-га беларускія ўлады ўсё больш выкарыстоўваюць лічбавыя інструменты для пераследу грамадзян, сведчыць даследаванне, якое правялі Dissidentby і Human Constanta. Анлайн-актыўнасць стала падставай для тысяч крымінальных і адміністрацыйных спраў — ад каментару да ўдзелу ў анлайн-праекце.

Пяць гадоў пасля масавых пратэстаў 2020 года Беларусь застаецца прасторай сістэмных палітычных рэпрэсій — магчыма, адных з самых інтэнсіўных у Еўропе. Але характар гэтых рэпрэсій істотна змяніўся. Калі раней асноўным аб’ектам ціску былі ўдзельнікі вулічных дэманстрацый, то цяпер поле прымусу ўсё часцей зрушаецца ў лічбавую сферу.
Праваабарончая ініцыятыва Dissidentby і Human Constanta правялі даследаванне «Ад вуліц да экранаў: лічбавыя рэпрэсіі ў Беларусі (2020–2025)», у якім прааналізавалі трансфармацыю рэпрэсіўнай палітыкі ў Беларусі пасля 2020 года з фокусам на сістэмны пераслед за анлайн-актыўнасць.
Даследаванне паказвае, як каментары ў сацыяльных сетках, антываенныя выказванні, ахвяраванні, удзел у анлайн-ініцыятывах, адміністраванне чатаў і нават мінімальныя формы лічбавага ўзаемадзеяння выкарыстоўваюцца як падставы для крымінальных і адміністрацыйных спраў.
З 2020 года крымінальныя артыкулы, звязаныя з «абразай» і «паклёпам», сталі аднымі з самых ужываемых у рэпрэсіўнай практыцы Беларусі. Паводле даных праваабаронцаў Dissidentby, не менш як 2799 чалавек падвергліся крымінальнаму пераследу за каментары, публікацыі або паведамленні ў сацыяльных сетках. Было ўзбуджана больш за 3476 крымінальных спраў, у якіх фігуруюць абвінавачванні, звязаныя з анлайн-актыўнасцю; 2861 чалавек быў асуджаны. Акрамя таго, зафіксавана як мінімум 8687 адміністрацыйных спраў па артыкуле 19.11 КаАП Рэспублікі Беларусь, які выкарыстоўваецца для пакарання за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у інтэрнэце.
Для параўнання: у Расіі зафіксавана каля 1100 антываенных крымінальных спраў і больш за 200 пераследаў за выказванні ў інтэрнэце з лютага 2022 па снежань 2024.
Усяго не менш як 3476 чалавек былі асуджаныя па крымінальных справах за дзеянні, звязаныя з анлайн-актыўнасцю, з якіх у 2799 чалавек фігуравалі абвінавачванні, звязаныя з выказваннем меркавання ў сацыяльных сетках, а ў 997 — актыўнасць і ўдзел у лічбавых ініцыятывах.
Азнаёміцца з даследаваннем цалкам можна тут.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 7 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы сямі чалавек: Замяцін Іван, Ісаеў Уладзімір, Валыхін Яўген, Махнач Аляксандр, Цвікевіч Сяргей, Бакіноўскі Ілля, Гусейнаў Раман.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1398 чалавек, з іх 660 — беларусы.
Журналіста і блогера Валера Руселіка зноў шукалі ў Старых Дарогах
Пра чарговы візіт сілавікоў да сваякоў у Беларусі Валер Руселік распавёў на сваёй старонцы ў Facebook:
«На пытанне: “Дык а ў чым справа-та? Што ён там ужо нарабіў?” — пачалі распавядаць пра тое, што вось я стварыў групу “daroha” і там клевяшчу на ўласьць. Ну што ж, відаць, усё-ткі натхніць мяне “родина” на тое, каб я перарваў паўзу й сапраўды троху па ёй зноўку праехаўся».
Візіт, паводле слоў Руселіка, быў непрацяглы: цешчу проста апыталі пад пратакол. Пытанні былі стандартныя — дзе ён знаходзіцца, дзе працуе, ці не плануе вярнуцца ў Беларусь, піша БАЖ.
Некалькі апошніх гадоў Валер жыве за мяжой, ён вядомы як журналіст тэлеканала «Белсат» і аўтар YouTube-канала «Daroha».
За «садзейнічанне экстрэмізму» асудзілі харэографа, які выкладае танцы для людзей з інваліднасцю
У сённяшнім абнаўленні спісу «экстрэмістаў» @vitebsk_info заўважылі імя 59-гадовага мінчука Войцэха Грабіцкага.
Сям’я Грабіцкіх — выбітная пара танцавальных педагогаў і суддзяў. Войцэх — спецыяліст нацыянальнай катэгорыі, а яго жонка Валянціна — спецыялістка вышэйшай нацыянальнай катэгорыі.
Імя Войцэха часта згадваецца ў матэрыялах пра танцавальныя праекты для людзей з інваліднасцю.
Мужчыну асудзілі паводле арт. 361–4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Пракуратура знайшла на маркетплэйсе цішоткі з «экстрэмісцкай сімволікай»
Кіраўніку пляцоўкі вынеслі прадпісанне выключыць дэманстрацыю і прапанову да набыцця тавараў, якія змяшчаюць інфармацыйную прадукцыю, прызнаную экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Што менавіта было намалявана на футболках — не ўдакладняецца.
У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — праект «Кастусь»
МУС 10 снежня прыняло рашэнне аб прызнанні чарговага «экстрэмісцкага фармавання». Паводле ведамства, дачыненне да праекту маюць Рэзнічак Канстанцін і Герасіменка Аляксандр.
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 18 прозвішчаў — цяпер у ім 6084 чалавекі
12 снежня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне к экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іншага, у спіс дадалі 15 чалавек з абвінавачваннямі паводле арт. 361–4 КК.
55-гадовага жыхара Мазыра асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
Дзмітрыю Кажадубу 55 гадоў, ён родам з Мазыра. У 1994 годзе скончыў мясцовы педагагічны інстытут імя Крупскай.
Дзмітрый любіць падарожнічаць, плаваць на лодках і катацца на ровары. У анкетах на сайтах знаёмстваў адзначаў цікавасць да гістарычных фільмаў, хард-року і палітыкі. Мяркуючы па рэпостах, — фанат гуртоў Neuro Dubel і «Стары Ольса», а таксама Imagine Dragons і Coldplay.
Раней меў уласную справу: з 2013 па 2019 год быў зарэгістраваны як ІП, асноўнай дзейнасцю была здача нерухомасці, піша «Наша Ніва».
Дзмітрыя асудзілі ў Гомельскім абласным судзе паводле ч. 1 і 2 арт. 361–4 КК. Дакладны прысуд невядомы — верагодна, яму прызначылі «хімію» ці калонію.





