Выязныя суды і прысуды за «экстрэмізм». Хронікі рэпрэсій 11 снежня

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіўныя практыкі: у Камянецкім раёне прайшоў выязны суд па прызнанні інтэрнэт-старонак «экстрэмісцкімі», блогерку з Лунінца і супрацоўніка «Амкадора» асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму», а Следчы камітэт адмовіўся выдаць Паўлу Латушку копію прысуду.

1_1097_1.png

У Камянецкім раёне адбыўся адкрыты выязны суд па прызнанні старонак у інтэрнэце «экстрэмісцкімі»

Пра гэта адсправаздачылася мясцовая раёнка, заўважыла Вясна.

Сцвярджаецца, што падчас маніторынгу «ўстаноўлены два інтэрнэт-сайты, Тэлеграм-канал, чатыры інтэрнэт-старонкі ў сацыяльных сетках "УКантакце", "Instagram", "Facebook", "TikTok", на якіх на сістэмнай аснове размяшчаліся публікацыі, што змяшчалі незарэгістраваную БЧБ-сімволіку, якую ў гады ВАВ выкарыстоўвалі паліцаі і падраздзяленні, што служылі нацысцкай Германіі; матэрыялы, якія дыскрэдытуюць канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь; дэманстравалася дзейнасць актывістаў пратэснага руху 2020 года; размяшчаліся публікацыі з інтэрнэт-рэсурсаў, раней прызнаных экстрэмісцкімі — «TUT.BY», «Медыязона Беларусь», «NEXTA»».

Судовыя пасяджэнні праходзілі 9 і 10 снежня ў будынку ЖКГ і прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Камянецкім раёне.

Прысуды за «садзейнічанне экстрэмізму»: тыкток-блогерка з Лунінца і менеджар з холдынгу «Амкадор»

Алене Хартановіч — 52 гады, жыве ў Лунінцы, працуе прадавачкай у краме «Белвест».

У сацсетках яна стала сапраўднай мясцовай зоркай дзякуючы шматгадовай валанцёрскай дапамозе бяздомным жывёлам. Яе тыкток-акаўнт мае амаль 24 тысячы падпісчыкаў. У роліках — сотні гісторый выратавання і лячэння катоў і сабак. У агульнай складанасці відэа сабралі амаль мільён лайкаў і больш за 10 мільёнаў праглядаў, піша «Наша Ніва».

Невядома, калі Алену затрымалі. Але нядаўна Брэсцкі абласны суд прызнаў яе вінаватай паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Імаверна, ёй прызначылі «хатнюю хімію». Таксама яе ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў» МУС.

Барыс Хусаінаў, 31 год, выпускнік Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці (спецыяльнасць «камерцыйная дзейнасць»), працаваў намеснікам начальніка аддзела ў кампаніі «Амкадор-Спецсэрвіс», якая ўваходзіць у склад нацыяналізаванага цяпер холдынга «Амкадор». Падрабязнасці прыводзіць «Наша Ніва».

У снежні 2025 года прысуд Хусаінаву набыў моц. Яго прызналі вінаватым паводле тых жа частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК. Імаверна, прызначана «хатняя хімія».

Вязні беларускіх калоній могуць застацца без званкоў — «Белтэлекам» рыхтуе новаўвядзенні

Раней паведамлялася, што ў гомельскай жаночай калоніі забаранілі паслугу «Віртуальная карта». Цяпер стала вядома, што са студзеня «Белтэлекам» цалкам ліквідуе ўсе картачныя рахункі.

Таксафонную сувязь сёння выкарыстоўваюць пераважна калоніі, СІЗА, турмы і частка медустаноў. Замест картак з'явіцца нейкая «Wi-Fi карта», але нават спецыялісты прадпрыемства не разумеюць, як яна будзе працаваць, піша @MAYDAYMog.

Паводле паведамлення, Дэпартамент выканання пакаранняў МУС не ў курсе новаўвядзенняў і, відаць, не ў кантакце з кіраўніцтвам «Белтэлекама».

Следчы камітэт Беларусі адмовіўся выдаць Паўлу Латушку копію прысуду

Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік НАУ Павел Латушка 6 кастрычніка накіраваў у Следчы камітэт чарговы запыт з патрабаваннем выдаць копію прысуду па «справе Каардынацыйнай рады».

Нагадаем: Латушка быў завочна прызнаны вінаватым «у здзяйсненні шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці» і 6 сакавіка 2023 года прысуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама быў арыштаваны ягоны дом у Ждановічах.

Нягледзячы на тое, што прысуд вынесены больш за паўтара года таму, яго копія дагэтуль не выдадзена. Паводле Латушкі, гэта супярэчыць артыкулу 367 КПК, які абавязвае ўручыць копію судовага рашэння не пазней чым праз пяць сутак пасля абвяшчэння.

У адказ на новы зварот Следчы камітэт паведаміў, што перанакіраваў запыт у Менскі гарадскі суд і сам не мае намера выдаваць копію прысуду, піша reform.news.

 У лісце за подпісам начальніка следчага ўпраўлення па Мінску Любанскага адзначаецца, што далейшыя падобныя заявы будуць пакінутыя без разгляду, а перапіска — спынена.

Раней такую ж пазіцыю агучваў і Мінскі гарадскі суд. Запыты Латушкі да дзяржаўнага адваката і ў Мінскую гарадскую калегію адвакатаў таксама засталіся без адказу.

Паводле палітыка, гэта фактычна сведчыць аб утойванні судовага рашэння і абмежаванні грамадзянскага права на доступ да працэсуальнай інфармацыі, што выключае магчымасць абскарджання прысуду.

Таксама Латушка нагадаў у сваіх зваротах, што паводле артыкула 409 КК адказнасць за захаванасць арыштаванай маёмасці нясе орган, які ажыццявіў арышт. Але запыты пра тое, якія меры былі прынятыя, засталіся без адказу.