Вызваленне палітвязняў і новыя прысуды. Хронікі рэпрэсій 15 снежня
Праваабарончая супольнасць вітае вызваленне часткі палітычных зняволеных, але лічыць гэта недастатковым. Тым часам суды працягваюць караць іншых актывістаў, прызнаваць інтэрнэт-рэсурсы «экстрэмісцкімі» і выносіць жорсткія прысуды.

«Вызваленне палітычных зняволеных – неабходны, але недастатковы крок»
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і шэраг праваабарончых арганізацый з розных краін выступілі з заявай з нагоды вызвалення палітвязняў Беларусі 13 снежня. У заяве адзначаецца, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі вызваліў больш за сто палітычных зняволеных пасля дамоўленасцяў са ЗША аб зняцці санкцый з беларускага калію.
Сярод вызваленых — вядомыя праваабаронцы і сябры арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч, а таксама ключавыя фігуры апазіцыі, такія як Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка і адвакат Максім Знак.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў і арганізацыі-падпісанты вітаюць гэтае вызваленне, якое з’яўляецца неабходным крокам, але падкрэсліваюць, што яно не з’яўляецца дастатковым, паколькі ўсе адвольна затрыманыя праваабаронцы, уключаючы былога віцэ-прэзідэнта FIDH і калегу па «Вясне» Валянціна Стэфановіча, супрацоўніцу «Вясны» Марфу Рабкову і праваабаронцу Насту Лойка, павінны быць вызваленыя неадкладна.
Суд Партызанскага раёну Мінска прызнаў «экстрэмісцкім» сайт Савета Еўропы, а праз 5 дзён перадумаў
5 снежня суд Партызанскага раёну Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт «Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый (CINGO)» — у рашэнні суда быў пазначаны афіцыйны сайт Савета Еўропы.
Аднак 10 снежня гэты ж суд адмяніў сваё рашэнне — афіцыйны сайт Савета Еўропы ўжо не прызнаны «экстрэмісцкім» у Беларусі.
Актывіста з Рэчыцы асудзілі да 10 гадоў калоніі і буйнога штрафу
У Гродзенскім абласным судзе 15 снежня вынеслі прысуд 46-гадоваму палітвязню з Рэчыцы Алеся Здаравеннава. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
У выніку мужчыну асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў (прыкладна 21 000 беларускіх рублёў).
Аляксандра затрымалі напрыканцы сакавіка на мяжы з Літвой. Спачатку ў яго знайшлі нібыта «экстрэмісцкія» матэрыялы ў тэлефоне і асудзілі да адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 КаАП. Пасля гэтага ён апынуўся ў СІЗА па крымінальным артыкуле, які праваабаронцы лічаць палітычна матываваным.
Інжынера, які запускаў трэцюю лінію мінскага метро, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Юрыю Карніцкаму 44 гады. Ён вучыўся ў Францыі і ў 2007-м скончыў Універсітэт Люм’ер Ліён 2. Сваю кар’еру будаваў у сферы высокіх тэхналогій: амаль сем гадоў працаваў інжынерам у групе кампаній STC, пасля перайшоў у Mobile Service Ltd, дзе займаўся аўдыявізуальнымі рашэннямі.
З красавіка 2021 года Юрый працаваў інжынерам у кампаніі Netland, дзе ўдзельнічаў у пусканаладачных работах складаных сістэм, у тым ліку ў запуску трэцяй лініі мінскага метро. Ён адказваў за вагоннае назіранне, аўдыёсувязь і сістэмы адзінага часу.
Юрый знікаў з сацыяльных сетак каля 10 месяцаў таму, піша «Наша Ніва». Менавіта там пазней паведамілі, што яго асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе па ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле апошніх звестак, мужчыну, імаверна, прысудзілі да «хатняй хіміі».