Апеляцыі, новыя прысуды і канфіскацыі. Хронікі рэпрэсій 16 снежня

Пакуль у Беларусі застаюцца тысячы палітвязняў, рэпрэсіўная машына працягвае працу ў «штодзённым рэжыме»: суды разглядаюць апеляцыі па завочных прысудах, палітвязням дадаюць новыя тэрміны ў турмах, іх маёмасць выстаўляюць на таргі, а «экстрэмісцкія спісы» папаўняюцца новымі назвамі.

1_1097_1.png

У Мінску разглядзелі апеляцыю на завочны прысуд па справе фондаў BYSOL і BY_Help

Паведамляецца, што «судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда вызначыла прысуд Гомельскага абласнога суда ад 25 жніўня ў дачыненні да Лапко Аляксандра Мікалаевіча пакінуць без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення».

Нагадаем, летам Гомельскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу паводле абвінавачвання супрацоўнікаў фондаў BYSOL і BY_Help Андрэя Стрыжака, Аляксея Лявончыка, Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапко, Аляксандры Жук і Аляксандра Падгорнага. Іх асудзілі завочна.

Іх прызналі вінаватымі і па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакарання прызначыў: Стрыжаку і Лявончыку па 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ліхачэўскаму, Кузьмянкову, Лапко і Падгорнаму па 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Жук — 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Палітзняволенага Яўгена Рубашку асудзілі ў турме яшчэ да года калоніі

Палітзняволенага анархіста Яўгена Рубашку ў жодзінскай турме № 8 асудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі). Яму прызначылі яшчэ год зняволення да пяці прызначаных раней. Гэта адбылося дзявятага кастрычніка, паведамляе @belarus_abc.

Паведамляецца, што за два гады знаходжання ў жодзінскай турме палітвязень падвяргаўся спагнанням 33 разы. Большасць з іх тычыліся адмовы рабіць ранішнюю зарадку або сну ў дзённы час. У якасці пакарання 11 разоў яго змяшчалі ў штрафны ізалятар, дзе ён агулам правёў 125 дзён за два гады.

Двойчы яго пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, астатні час ён атрымліваў вымовы, паведамляюць яго паплечнікі.

На таргі выставілі маёмасць яшчэ аднаго палітвязня

З малатка прадаюць аўтамабіль Volvo S80 1999 года, які, верагодна, належыць палітвязню Паўлу Вабішчэвічу.

Кошт стартуе ад 8800 рублёў. Таргі прызначаны на 30 снежня, піша «Люстэрка».

Уладальнік машыны — Вабішчэвіч Павел Уладзіміравіч. Гэта поўны цёзка палітвязня Паўла Вабішчэвіча, якога абвінавацілі ў здзяйсненні «шэрагу асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку супраць дзяржавы і грамадскай бяспекі», а КДБ называў «памагатым Службы бяспекі Украіны». Мужчыну асудзілі да 23 гадоў пазбаўлення волі.

Таленавітага праграміста асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Раману Басалаю 43 гады. Ён выпускнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта: у 2004 годзе скончыў электратэхнічны факультэт з чырвоным дыпломам, пасля чаго вучыўся ў аспірантуры.

Раман — чалавек навукі. За ягонымі плячыма перамогі ў алімпіядах у фізіцы і матэматыцы, навуковыя публікацыі і чатыры заяўкі на патэнты. У яго рознабаковыя інтарэсы: ад ігры на барабанах да радыёэлектронікі. Мае жонку і непаўналетнюю дачку.

Доўгі час мужчына працаваў інжынерам-праекціроўшчыкам сетак, а са снежня 2023 года ўладкаваўся распрацоўшчыкам у кампанію Passat Innovations. Там ён займаўся стварэннем драйвераў для чыпаў, распрацоўкай інтэлектуальных крыніц бесперабойнага сілкавання і сістэм галасавой сувязі, піша «Наша Ніва».

Рамана затрымалі ў красавіку. Мінскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Верагодна, яму прызначылі пазбаўленне волі.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі:

Telegram-канал «ZOŁAK»;

Instagram старонкі «politicalprisonersbelarus», «mnbelarus», «mn_vilnia»;

Старонкі ў Facebook «Беларусы Страсбурга», «Беларусы в Лодзи / Bialorusini w Lodzkim»;

Старонка ва «Укантакце» «Бинокль. Журнал о Бресте»;

YouTube-каналы «ИНФОVESTI», «ЗЕРКАЛО», «Грошi»;

Сайт і старонкі ў сацсетках арганізацыі «ForumCiv»;

Старонкі ў «Аднакласніках «Радыё Свабода», «валентина наумова»;

TikTok-старонкі «belarus_1», «belarussapraudny», «svoj.tutejsy», «syn.taho.kraju», «alex.yuruts».