Расійская армія ў 2025 годзе ва Украіне страціла больш асабовага складу, чым мабілізавала

Страты Расіі ў вайне з Украінай несупастаўныя з яе «поспехамі». А значыць, гэтыя «поспехі» трэба «намаляваць», чым і займаюцца расійскія генералы. Аднак адмовіцца ад вайны Пуцін не можа, і таму — зноў, — выдумляе нейкія эксцэсы, якія б далі яму магчымасць працягваць ваяваць. Ідуць 1406-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: GettyImages

Фота: GettyImages

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне  зафіксавана 151 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ з ранішняй зводцы 30 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 43 штурмы расіян у раёнах Панкаўкі, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Мірнаграду, Новаэканамічнага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 25 атак у раёнах Салодкага, Гуляйполя і Белагор’я.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Пляшчыеўкі, Яблонаўкі, Русінага Яру і ў бок Канстанцінаўкі і Сафіеўкі.

На Аляксандраўскім кірунку расяне здзейснілі 13 атак у раёнах Тоўстага, Аляксандраграду, Вербава і Рыбнага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія войскі адбілі 12 атак паблізу Ваўчанскіх Хутароў, Ваўчанска, Старыцы, Прыліпкі.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 10 разоўкаля Калодзежаў, Зарэчнага і ў бок Ямпаля.

* * *

Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў інтэрв'ю «24 каналу» заявіў, што расійскія войскі кантралююць прыкладна палову Пакроўска Данецкай вобласці.

«Праціўнік не да канца дасягнуў мэты. Ён кантралюе прыкладна палову горада. Але ён не можа проста так спакойна заходзіць у горад, бо ўсе подступы да яго знаходзяцца пад нашым кантролем, пад кантролем нашых дронаў. У нас таксама засяроджана значная колькасць сіл і сродкаў, падраздзяленняў беспілотных сіл і дронавых брыгад і палкоў, якія там вядуць абарону», — сказаў ён.

Паводле галоўнакамандуючага, РФ цяпер прымяняе амаль 50% усіх удараў КАБамі менавіта на гэтым кірунку, спрабуючы знішчыць будынкі, асабліва шматпавярхоўкі, дзе можна размяшчаць і аператараў, і выкарыстоўваць для вядзення агню, і размяшчаць дальнабойныя сродкі і снайпераў.

«Цяпер фактычна ўсе спробы ворага наступаць, — а ён штодня спрабуе і ў Пакроўску, і вакол, і на кірунку Грышына, і ў раёне Мірнаграда — поспехаў не маюць. Страты ёсць, а поспехаў няма», — адзначыў Галоўкам УСУ.

* * *

Расійская армія ў 2025 годзе страціла больш асабовага складу, чым мабілізавала, паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў інтэрв'ю «24 каналу».

«Мы можам канстатаваць тое, што дэкларуе сам вораг: што ён выканаў план камплектавання сваіх узброеных сіл на 100%. Паводле плана гэта была мабілізацыя 406 тысяч чалавек. У той жа час мы таксама можам канстатаваць, што яго страты склалі 410 тысяч, нават трохі больш. Калі ў першыя месяцы 2025 года мы назіралі штомесячнае павелічэнне групоўкі расійскіх войскаў прыкладна на 7–9 тысяч чалавек, то за апошнія паўгода колькасць групоўкі расіян вагаецца на ўзроўні 710–711 тысяч. Гэта сведчыць, што нават рэалізацыя ўсіх іх мабілізацыйных планаў не дае ім павялічыць колькасць войскаў», — патлумачыў генерал.

Сырскі ўдакладніў, што расіяне планавалі ў 2025 годзе сфарміраваць 14 новых дывізій. У рэальнасці ж сфарміраваць удалося толькі сем: дзве дывізіі марской пяхоты складаюцца толькі з аднаго палка. Фарміраванне астатніх сямі брыгад перанеслі на наступны год.

«Прычына ў тым, што яны былі вымушаны браць асабовы склад гэтых дывізій і камплектаваць яго ў баявыя часткі. Гэта і ёсць пацвярджэнне таго, што ў іх сапраўды праблемы з наборам людзей. Гэтаму спрыяе эфектыўнасць нашых войскаў. Апошнія лічбы сведчаць, што штодзённыя страты ворага ў сярэднім 1000–1100 чалавек», — дадаў галоўнакамандуючы УСУ.

* * *

У ноч на 30 снежня Расія атакавала Украіну балістычнымі ракетамі і беспілотнікамі. Ва ўсходніх, паўночных і паўднёвых абласцях Украіны была абвешчана паветраная трывога з-за балістычнай пагрозы.

Кіраўнік Адэскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак паведаміў пра выбухі ў горадзе і заклікаў клапаціцца пра бяспеку.

Расійская армія нанесла ўдар па Запарожжы. У выніку атакі пашкоджаны аб'ект прамысловай інфраструктуры, узнік вялікі пажар, пашкоджаны дамы, што стаяць побач. Адзін чалавек звярнуўся па дапамогу да ўрачоў, паведаміў кіраўнік Запарожскай АВА Іван Фёдараў у сваім Telegram-канале.

* * *

606336589_1224928086486934_5189036286450757594_n.jfif

* * *

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што ў ноч на панядзелак Украіна нібыта атакавала рэзідэнцыю Пуціна ў Наўгародскай вобласці (верагодна гаворка ідзе пра рэзідэнцыю ў Валдаі) з выкарыстаннем 91 ударнага БПЛА. СПА нібыта знішчыла ўсе дроны. У той жа час Лаўроў заявіў, што ў выніку атакі «перагаворная пазіцыя Расіі будзе перагледжана», аднак Расія нібыта не мае намеру выходзіць з перагаворнага працэсу з ЗША па Украіне.

Таксама, паводле яго слоў, гэтыя дзеянні не застануцца без адказу і аб'екты для ўдараў у адказ і час іх нанясення ўзброенымі сіламі Расіі вызначаны.

Варта адзначыць, што жыхары горада Валдай, побач з якім размешчана рэзідэнцыя Пуціна, паведамілі журналістам, што не чулі ніякіх прыкмет працы супрацьпаветранай абароны. Заявы аб збіцці 91 дрона таксама выклікаюць сумневы, бо, па даных Мінабароны РФ, усяго за ноч на панядзелак было знішчана 89 беспілотнікаў, з якіх над Наўгародскай вобласцю — толькі 18.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што атака на рэзідэнцыю Пуціна ў Валдаі — чарговая хлусня расіян, якім не спадабалася паспяховая сустрэча ўкраінскага і амерыканскага бакоў у ЗША.

«Чарговая хлусня РФ. Зразумела, што ўчора ў нас была сустрэча з Трампам і зразумела, што для рускіх, калі ў нас з Амерыкай няма скандалу, а мы маем прагрэс, то для іх — гэта правал. Яны не хочуць заканчваць гэтую вайну. Здольныя скончыць яе толькі праз ціск на іх. Ну і шукалі, я ўпэўнены ў гэтым, прычыны... Цяпер яны гэтай заявай, што атакавана нейкая рэзідэнцыя, проста рыхтуюць, я ўпэўнены, глебу для таго, каб нанесці ўдары па сталіцы, і напэўна па дзяржаўных будынках», — сказаў Зяленскі ў каментарыі журналістам.

Зяленскі нагадаў, што РФ у верасні ўжо атакавала ракетамі будынак Кабміна ў Кіеве.

* * *

Расійскае ваеннае камандаванне значна перабольшвае поспехі на фронце ва Украіне, ствараючы скажонае ўяўленне пра рэальную сітуацыю. Як піша расійскі апазіцыйны Telegram-канал «Агентство», генералы перадаюць Пуціну інфармацыю пра нібыта дасягнутыя «поспехі», якія не маюць пацвярджэння ад незалежных аналітычных крыніц.

Начальнік Генштаба Валерый Герасімаў заявіў, што ў снежні расійскія войскі занялі больш за 700 квадратных кіламетраў, а за ўвесь год — 6,64 тыс. квадратных кіламетраў Украіны. Аднак даныя DeepState і ISW сведчаць пра значна меншыя лічбы: каля 380 квадратных кіламетраў у снежні і 4,3–4,7 тыс. квадратных кіламетраў за год.

У прыгранічных раёнах Сумскай і Харкаўскай абласцей расійскія ваенныя сцвярджаюць, што кантралююць 940 квадратных кіламетраў, тады як рэальныя разлікі ўказваюць на каля 550 квадратных кіламетраў.

У выпадку з Купянскам было заяўлена пра акружэнне ўкраінскіх сіл, аднак нават ваенныя блогеры, якія падтрымліваюць Расію, гэтыя даныя не пацвярджаюць. Згодна з картамі ISW і DeepState, горад пераважна застаецца пад кантролем УСУ, а частка тэрыторыі з'яўляецца так званай «шэрай зонай».

Што тычыцца Канстанцінаўкі, расійскае камандаванне паведамляе пра кантроль над 45% горада. Аднак ISW пацвярджае толькі невялікі ўчастак, тады як DeepState паказвае на зону баёў у паўночна-ўсходняй частцы горада.

На Запарожскім кірунку Масква заяўляе пра захоп Стэпнагорска і Лук'янаўска і прасоўванне да Запарожжа. Насамрэч удалося толькі трохі пашырыць «шэрую зону» да раёна Прыморскага, але пра поўны кантроль над населенымі пунктамі пакуль гаворка не ідзе.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што самымі складанымі пытаннямі падчас перамоў аб дасягненні міру з'яўляюцца тэрыторыі і Данбас. Ён адзначыў, што магчымы выхад Украіны з Данбаса лічыцца найгоршым сцэнарыем, які нясе сур'ёзныя рызыкі. Такую пазіцыю Зяленскі выказаў у інтэрв'ю для Fox News у аўторак, 30 снежня.

«Усе бакі павінны зразумець, што найгоршы варыянт — гэта выхад з Данбаса. Гэта вялікія рызыкі для Украіны, гэта непрымальна для Украіны, і рэферэндум не будзе станоўчым», — патлумачыў ён.

Зяленскі таксама адзначыў, што пасля заключэння мірнага пагаднення не варта праводзіць рэферэндум, загадзя ведаючы пра яго негатыўны вынік. Паводле яго, гэта быў бы бессэнсоўны крок, а сапраўдным вырашэннем праблемы павінен стаць мір, які будзе адпавядаць чаканням украінцаў.

«Менавіта таму мы павінны знайсці рэальны мір, рэальны шлях да міру, які будзе прымальны для ўкраінскай нацыі... Мы павінны гэта зрабіць. У нас няма іншага шляху. Іншы шлях — гэта працяг вайны», — рэзюмаваў кіраўнік Украіны.