ISW: Расійскія войскі не змогуць змяніць тэмпы прасоўвання ва Украіне ў 2026 годзе

Армія РФ не можа сфарміраваць стратэгічны рэзерв, і ў 2026 годзе расіяне будуць вымушаны прасоўвацца ва Украіне павольна, лічаць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Таму генералам РФ даводзіцца выдумляць фэйкі пра захопы ўкраінскіх гарадоў. Услед за Купянскам і Пакроўскам «захопленыя» Гуляйполе і Мірнаград. Ідуць 1404-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

580994058_1190331406613269_1902406819201128314_n.jpg

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 160 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 32 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага, Філіі і іншых.

На Гуляйпільскім кірунку адбылося 19 атак у раёнах Гуляйполя, Белагор’я і ў бок Дабраполля.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 18 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Пляшчыеўкі і ў бок Сафіеўкі і Сцяпанаўкі.

На Аляксандраўскім і Ліманскім кірунках зафіксавана па 16 боесутыкненняў на кожным.

* * *

Генеральны штаб УСУ заяўляе, што паведамленні РФ аб захопе Гуляйполя Запарожскай вобласці і Мірнаграда ў Данецкай вобласці не адпавядаюць рэчаіснасці.

«Вышэйшае палітычнае кіраўніцтва дзяржавы-агрэсара зноў звяртаецца да распаўсюджвання фэйкавых заяў аб "поспехах" арміі РФ на полі бою. У сапраўднасці ж паведамленні з Крамля аб захопе гарадоў Гуляйполе і Мірнаград не пацвярджаюцца фактамі.

Сітуацыя ў Гуляйполі Запарожскай вобласці складаная, але абарончая аперацыя ў населеным пункце працягваецца. Украінскія воіны працягваюць актыўныя дзеянні па знішчэнні пяхотных груп захопнікаў у горадзе.

Аператыўная абстаноўка ў Мірнаградзе таксама застаецца цяжкай, аднак варожым падраздзяленням па-ранейшаму не ўдаецца рэалізаваць свае планы па захопе Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыі, таму ў ход ідзе дэзінфармацыя», — адзначае Генштаб УСУ.

Выдумкамі з'яўляецца і кантроль над паловай горада Канстанцінаўка Данецкай вобласці.

У Генштабе нагадалі, што раней расіяне ўжо неаднаразова распаўсюджвалі ілжывыя заявы аб нібыта захопе Купянска і Пакроўска.

«Відавочна, што хлусня расіян у першую чаргу арыентавана на замежных партнёраў і істотна актывізавалася менавіта падчас мірных перамоў. Зрэшты, расійская дэзінфармацыя не паўплывае на ўкраінскую пазіцыю і далейшую дыпламатычную працу», — лічаць у Генштабе УСУ.

* * *

Армія РФ у цяперашні час не можа сфарміраваць стратэгічны рэзерв. Па гэтай прычыне і ў 2026 годзе расіяне будуць вымушаны прасоўвацца ва Украіне павольна, захоўваючы цяперашнія маштабы наступаў, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі адрэагавалі на інфармацыю кіраўніка ГУР Украіны Кірылы Буданава пра тое, што РФ выканала свой план па наборы 403 тысяч чалавек у войска і перасягне пастаўленую мэту да канца года. Паводле Буданава, Расія можа працягваць набор на працягу «доўгага часу», улічваючы колькасць насельніцтва і фінансавыя рэсурсы Крамля.

У ISW пішуць, што армія РФ на гэты момант падтрымлівае дастатковы ўзровень прытоку людзей, каб кампенсаваць страты. Аднак яна не змагла стварыць дастатковыя рэзервы, каб забяспечыць неабходны прыток асабовага складу на пэўны ўчастак фронту без перадыслакацыі з іншых раёнаў.

«Неабходнасць прыцягнення рэзервістаў з некаторых участкаў лініі фронту для засяроджвання на аператыўна значных аперацыях часта прыводзіць да недакамплектаванасці флангаў Расіі, што стварае ўразлівасці, часам дазваляючы ўкраінскім сілам контратакаваць і адваяваць тэрыторыю», — кажуць эксперты.

Менавіта з-за «аголенасці флангаў» УСУ нядаўна змаглі адваяваць тэрыторыі на поўнач ад Гуляйполя, калі РФ наступала на цэнтр горада. Таксама Украіна вызваліла значную частку тэрыторый пасля расійскага прарыву ў кірунку Дабраполля падчас наступлення Расіі на Пакроўск у пачатку лістапада.

«Вызваленне Украінай большай часткі Купянска таксама стала магчымым дзякуючы канцэнтрацыі расійскіх войскаў у іншых месцах фронту і адсутнасці гатовых расійскіх аператыўных рэзерваў у гэтым раёне», — дадалі эксперты.

Таму ж расіяне цяпер не могуць адкрыць новы фронт і не могуць пашырыць нядаўнія абмежаваныя атакі ў Сумскай і Харкаўскай абласцях.

«Расійскія войскі наўрад ці змогуць кардынальна змяніць тэмпы і маштабы прасоўвання па лініі фронту ў 2026 годзе, калі падтрымка Украіны захаваецца на цяперашнім узроўні. Павольны характар наступлення расійскіх войскаў цягне за сабой высокія страты, і расійскім войскам неабходны прыбываючы персанал для кампенсацыі страт на актыўных участках фронту, каб падтрымліваць павольны, але ўстойлівы тэмп прасоўвання», — рэзюмавалі ў ISW.

* * *

Расійскія войскі позна ўвечары 27 снежня атакавалі Адэсу дронамі. Перад гэтым Паветраныя сілы УСУ фіксавалі ў Чорным моры беспілотнікі, якія трымалі курс на Адэсу.

У выніку атакі ў Адэсе зафіксаваны пашкоджанні сацыяльных аб'ектаў, інфармацыя аб пацярпелых не паступала.

Расіяне 28 снежня раніцай нанеслі па Херсоне масіраваны ўдар з рэактыўных сістэм залпавага агню. У горадзе былі пажары, частка Херсона засталася без святла, раненні атрымала 75-гадовая жанчына.

Сацсеткі паведамляюць, што дроны атакавалі Самарскую вобласць у Расіі. Пад удар патрапіў Сызранскі НПЗ.

* * *

604725455_1223561363290273_5117488877824420323_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сёння сустрэнецца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Фларыдзе. Прэс-пул Белага дома паведаміў, што першапачаткова сустрэча лідараў была запланавана на 23:00 па мінскім часе. Аднак цяпер перамовы пачнуцца на дзве гадзіны раней — а 13:00 па мясцовым часе (а 21:00 па Мінску).

Уладзімір Зяленскі, мяркуючы па ўсім, ужо прыбыў у ЗША. Раней падчас размовы з журналістамі Зяленскі паведаміў, што на гэтых перамовах ён абавязкова будзе падымаць пытанне тэрыторый: у прыватнасці, бакі абмяркуюць Данбас і Запарожскую АЭС.

Таксама ён анансаваў, што будуць абмяркоўвацца пытанні гарантый бяспекі, ваеннага вымярэння, план аднаўлення Украіны.

Пасля размовы з Трампам Зяленскі правядзе размову з еўрапейскімі лідарамі.

«Украіна шануе ўсю падтрымку. Пасля сустрэчы з прэзідэнтам Трампам працягнем размову. Патрэбны моцныя пазіцыі як на фронце, так і ў дыпламатыі, каб Пуцін не змог маніпуляваць і пазбягаць рэальнага і справядлівага заканчэння вайны. Свет мае дастаткова сіл, каб гарантаваць бяспеку і мір», — рэзюмаваў кіраўнік Украіны.

* * *

Напярэдадні візіту ў Фларыду на перамовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з прэм'ер-міністрам Канады Маркам Карні, а таксама правёў анлайн-сустрэчу з лідарамі Еўропы.

Прэм'ер-міністр Канады Марк Карні абвясціў аб дадатковай эканамічнай дапамозе Украіне на суму 2,5 млрд долараў.

Прадстаўнік федэральнага ўрада Германіі Штэфан Карнеліус паведаміў, што ў суботу ўвечары Зяленскі правёў закрыты брыфінг для кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў шэрагу еўрапейскіх краін, а таксама прадстаўнікоў Еўрапейскага Саюза і НАТА. Паводле слоў Карнеліуса, 11 еўрапейскіх лідараў і прэм'ер-міністраў, а таксама кіраўніцтва ЕС і НАТА запэўнілі Украіну ў поўнай падтрымцы і пацвердзілі гатоўнасць цесна супрацоўнічаць з ЗША для дасягнення трывалага і справядлівага міру.