Дастаць эмігранта. Як югаслаўскія спецслужбы палявалі на палітычных уцекачоў
Югаслаўскія спецслужбы праводзілі супраць эміграцыі адну з найбольш маштабных і працяглых кампаній палітычнага пераследу ў пасляваеннай Еўропе. УДБА не толькі сачыла, але і забівала апанентаў рэжыму па ўсім свеце, ціснула на іх сем’і і ўкараняла агентаў у дыяспару.

Іосіф Броз Ціта, фота Sgt. D.C. Johnson, commons.wikimedia.org
Пасля вайны барацьба з палітычнай апазіцыяй у дыяспары стала адным з прыярытэтаў югаслаўскіх спецслужбаў.
Да 300 тысяч чалавек — у такую колькасць ацэньваюць актыўных апанентаў югаслаўскіх камуністаў, якія пасля 1945 года пакінулі краіну. Іосіф Броз Ціта і яго паплечнікі былі перакананыя, што менавіта «беглыя» ўяўляюць галоўную пагрозу маладой сацыялістычнай дзяржаве. Таму спецслужбы актыўна вялі аперацыі супраць палітычнай эміграцыі.
Барацьба доўжылася ўсю гісторыю існавання сацыялістычнай Югаславіі і была накіравана супраць некалькіх ключавых груп. Перш за ўсё — нацыяналістаў (харвацкія ўсташы, сербскія чэтнікі, славенскія антыкамуністы). Па-другое — прыхільнікаў Сталіна: пасля разрыву паміж Ціта і Сталінам Крэмль пачаў выкарыстоўваць эмігранцкія групы для дэстабілізацыі Югаславіі. Нарэшце, дэмакратычнай апазіцыі: хоць «дэмакраты» займаліся пераважна крытыкай аўтарытарных практык Ціта, лічылася, што яны могуць падрываць унутраную стабільнасць праз дыскрэдытацыю краіны за мяжой.
Глядзіце таксама

Асноўную ролю ў супрацьдзеянні эмігрантам адыгрывала «Упраўленне дзяржаўнай бяспекі» (УДБА), створанае ў сакавіку 1946 года на базе ваеннай контрразведкі. Тактыка спецслужбаў была комплекснай: ад стварэння лаяльных Бялграду «культурных» і «зямляцкіх» арганізацый за мяжой да выкраданняў і забойстваў вядомых дзеячоў эміграцыі.
Па розных ацэнках, УДБА ліквідавала не менш за 80 палітычных апанентаў за мяжой, большасць з якіх — харвацкія нацыяналісты. Найбольш вядомая аперацыя — забойства ў красавіку 1969 года ў Іспаніі харвацкага нацыяналіста «Макса» Лубрыча, былога кіраўніка службы бяспекі ўсташоў і дырэктара канцлагера Ясенавац. Тое, што часта мэтай станавіліся вядомыя фашысты, было наўрад выпадковым: гэта надавала пэўную легітымнасць аперацыям УДБА.
Адным з ключавых метадаў УДБА была кампанія ціску на эмігрантаў праз іх сваякоў у Югаславіі. Сакрэтныя службы лічылі сем’і «слабым звяном», праз якое можна ўплываць на бежанцаў. Сваякі «нядобранадзейных» траплялі пад пільны нагляд і рэгулярныя выклікі ў органы дзяржбяспекі. Падчас гутарак ім адкрыта ці ўскосна пагражалі — звязвалі іх бяспеку або кар’еру з паводзінамі эмігранта. Пагроза арышту, звальнення ці выключэння дзяцей з ВНУ таксама была магутным інструментам шантажу.
Ціск распаўсюджваўся не толькі на бліжэйшых сваякоў, але і на іх атачэнне, што стварала атмасферу сацыяльнай ізаляцыі і вымушала сям’ю ўплываць на эмігранта, каб той маўчаў. Гэта дэмаралізавала і сяброў дыяспары, якія адчувалі, што дзяржава можа дастаць іх нават за мяжой.
Глядзіце таксама

Акрамя таго, УДБА актыўна вербавала агентаў унутры эмігранцкіх супольнасцяў. Ім даручалі разлагаць арганізацыі знутры: правакаваць канфлікты, распаўсюджваць фэйкі пра лідараў (перш за ўсё абвінавачанні ў працы на УДБА), ініцыяваць фінансавыя скандалы. Спецслужбы збіралі або фабрыкавалі кампрамат на лідараў эміграцыі (сувязі з фашысцкімі рэжымамі, фінансавыя махінацыі, асабістае жыццё) і злівалі яго ў СМІ.
Маштабы пераследу змяняліся ў залежнасці ад міжнароднага кантэксту: з паслабленнем ідэалагічнага супрацьстаяння і ростам аўтарытэту Югаславіі актыўнасць спецслужбаў зніжалася. Пасля распаду Югаславіі УДБА была дэцэнтралізаваная, а яе функцыі пераарыентаваныя.
Пэўныя справы працягваюць усплываць. Так, у 1983 годзе ў сваім гаражы ў Мюнхене быў знойдзены мёртвым харвацкі эмігрант Сцяпан Джураковіч, былы высокапастаўлены менеджар. Прайшло больш за 30 гадоў, але справа не была забытая: у 2016 годзе нямецкі суд прысудзіў да пажыццёвага зняволення двух былых афіцэраў УДБА за яго забойства.