Фрыдман: Пагрозы Лукашэнкі расправіцца з апанентамі за мяжой — не пустыя словы
У заявах Лукашэнкі і ягонага атачэння рэгулярна гучаць пагрозы расправы над апанентамі рэжыму за межамі краіны. Гаворка ідзе пра запалохванне? У калонцы на «Нямецкай хвалі» публіцыст Аляксандр Фрыдман разважае пра гістарычныя паралелі.
7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка агучыў афіцыйную версію атакі
на расійскі вайсковы самалёт ДРЛА 50 на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам.
Адказнасць за падрыхтоўку дыверсіі была ўскладзена на Службу бяспекі Украіны, а
таксама на яе «памагатых» з ліку беларускіх палітэмігрантаў за межамі
краіны і праціўнікаў рэжыму ўнутры самой Беларусі. Прамова Лукашэнкі традыцыйна
мела шмат канспіралагічных тэорый і ўтрымлівала абразы на адрас прэзідэнта
Украіны Уладзіміра Зяленскага. Асабліва дасталася так званым «збеглым» — апанентам рэжыму за мяжой, якім «нязменны прэзідэнт» і зусім
прыгразіў расправай.
Падобныя пагрозы гучаць з вуснаў Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў далёка не ў першы раз. Іх тыражуе і беларуская дзяржаўная прапаганда, у якой ужо трэці год абмяркоўваюцца розныя спосабы «пакарання» як лідараў пратэснага руху, так і шараговых актывістаў. Пры гэтым сустракаюцца намёкі, а часам і адкрытыя заклікі да выкрадання і вывазу «ворагаў» у Беларусь і нават да іх фізічнай ліквідацыі.
Словы Лукашэнкі з'яўляюцца папулісцкай жахлівай бравадай ці ж афіцыйны Мінск насамрэч мае намер звярнуцца да радыкальных метадаў?
Не Ізраіль, а Югаславія
Са жніўня 2020 года ў беларускай дзяржаўнай прапагандзе рэзка ўзмацніліся антысеміцкія тэндэнцыі, якія выявіліся, сярод іншага, у нападках на крытыкаў дзеючай улады яўрэйскага паходжання, распаўсюдзе канспіралагічных наратываў з выразным антысеміцкім адценнем і бессаромнай палітычнай інструменталізацыі тэмы Халакосту.
Дадзеная асаблівасць не перашкодзіла, аднак, прапагандыстам
ухапіцца за прыклад Ізраіля: як яўрэйская дзяржава і яго знешняя выведка «Масад», абараняючы нацыянальныя інтарэсы і нягледзячы на міжнародную
крытыку, распраўляецца з ворагамі Ізраіля па ўсім свеце, так варта паступаць і
Беларусі. За дужкі пры гэтым наўмысна быў вынесены той факт, што мэтамі акцый «Масада» былі зусім не палітычныя апаненты ізраільскіх уладаў, а
нацысцкія злачынцы (справа Адольфа Эйхмана), палестынскія функцыянеры і
актывісты, якія абралі шлях узброенай барацьбы з Ізраілем і актыўна звярталіся
да тэрору, а таксама, магчыма, адказныя за атамную праграму ў Іране, які
абвясціў сваёй мэтай знішчэнне дзяржавы Ізраіль.
Калі прапагандысцкія адсылкі да вопыту Ізраіля не
вытрымліваюць ніякай крытыкі, носяць скажоны, а часам і адкрыта антысеміцкі
характар, то дарэчным уяўляецца хутчэй параўнанне з адносна малавядомым
выпадкам Югаславіі. У перыяд з 1967 па 1989 югаслаўскія спецслужбы знішчылі ў
ФРГ 29 харвацкіх дысідэнтаў.
Забойства па загадзе маршала Ціта
Пасля Другой сусветнай вайны ў Заходняй Германіі і, перш за ўсё, у Баварыі знайшлі прыстанішча шматлікія палітычныя эмігранты з Харватыі, якія выступалі за аддзяленне рэспублікі ад Югаславіі. Колькасць Харвацкіх палітэмігрантаў няўхільна расла і набліжалася ў першай палове 1980-х гадоў да адзнакі ў 10 000 чалавек. У ФРГ выходзіла харвацкая прэса, у Мюнхене быў створаны «Харвацкі нацыянальны камітэт», а асобныя актывісты зрабілі стаўку на ўзброены супраціў камуністычнай дыктатуры і, у прыватнасці, распрацоўвалі планы тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Югаславіі.
За дзейнасцю харвацкай дыяспары ўважліва назіралі як
заходнегерманскія спецслужбы, з якімі супрацоўнічалі многія эмігранты, так і югаслаўская (асабліва харвацкая) дзяржбяспека, якая стварыла сваю
разгалінаваную агентурную сетку ў ФРГ.
У другой палове 1960-х прэзідэнт Іосіп Броз Ціта даў «чэкістам» зялёнае святло на ліквідацыю харвацкіх палітэмігрантаў.
Забойствы працягваліся аж да самага распаду Югаславіі, а ахвярамі сталі як
палітыкі і актывісты, так і журналісты і грамадскія дзеячы. Забойцы дзейнічалі
наўмысна дзёрзка і жорстка. Мэтай Бялграда і Заграба была не толькі ліквідацыя канкрэтных фігур, але і спроба запалохаць і дэмаралізаваць харвацкую
супольнасць у ФРГ.
Сімвалам злачынстваў стала забойства Сцяпана Джурэкавіча ў
ліпені 1983 года ў баварскім Вольфратсхаўзене. У пачатку 1980-х гадоў забіты
займаў пасаду дырэктара па маркетынгу буйнога югаслаўскага нафтагазавага
канцэрна INA. Абвінавачаны на радзіме ў эканамічных злачынствах, Джурэкавіч
уцёк у 1982 годзе ў ФРГ, са спецслужбамі якой ён і раней падтрымліваў стасункі.
У Заходняй Германіі ён стаў заўважнай фігурай сярод харвацкай
эміграцыі і выпусціў шэраг выкрывальных кніг аб эканамічнай і палітычнай
сістэме Югаславіі. Забойства Сцяпана Джурэкавіча стала расправай над былым «чалавекам сістэмы», абвешчаным «здраднікам». Трагічны лёс
напаткаў і яго сына Даміра, які перабраўся ў Канаду і там, паводле вельмі
спрэчнай афіцыйнай версіі, у 1987 годзе скончыў жыццё самагубствам.
Серыя забойстваў харватаў у ФРГ трапіла ў поле зроку
нямецкага друку толькі ў 2016 годзе — у рамках судовага працэсу над былым
кіраўніком харвацкай дзяржбяспекі Здраўко Мустачам і яго падначаленым Іосіпам
Перкавічам. Вярхоўны зямельны суд у Мюнхене прызнаў іх вінаватымі ў арганізацыі
і падрыхтоўцы забойства Джурэкавіча-старэйшага і прысудзіў да пажыццёвага
зняволення.
Беларусь 2020-х і Югаславія 1980-х
Паміж цяперашняй Беларуссю і тагачаснай Югаславіяй ёсць сур'ёзныя адрозненні, але ёсць і шэраг агульных рыс.
Калі Мінск на еўрапейскім напрамку знаходзіцца ў стане
глыбокай ізаляцыі, то ў Бялграда былі цесныя сувязі з краінамі Захаду, і
Югаславія рабіла стаўку на пашырэнне супрацоўніцтва з імі. У маі 1978 года
балканская краіна заваявала права на правядзенне зімовых Алімпійскіх гульняў,
якія прайшлі ў лютым 1984 у баснійскім Сараеве. У адрозненне ад Лукашэнкі пасля
падаўлення пратэстаў і пазней падтрымкі Расіі ў вайне супраць
Украіны маршалу Ціта і ягоным пераемнікам было што губляць як у эканамічным, так
і ў палітычным плане. ФРГ з'яўлялася адным з ключавых партнёраў Югаславіі на
Захадзе, а разлічваць на падтрымку Масквы не даводзілася. І тым не менш
інтарэсы нацыянальнай бяспекі (як іх разумелі ў Бялградзе і Заграбе), а таксама
Прага расправы над апанентамі і «здраднікамі» пераважылі ўсе рызыкі.
Рэжыму Лукашэнкі будзе куды лягчэй наважыцца на такія крокі.
Калі ФРГ і Баварыя сталі цэнтрамі харвацкай палітычнай і інтэлектуальнай
эміграцыі, то большая частка беларускіх палітэмігрантаў асела ў Польшчы і Літве
і іх колькасць значна перавышае колькасць харватаў у ФРГ. Адносіны афіцыйнага
Мінска з ЕС і асабліва з гэтымі краінамі застаюцца вельмі напружанымі. Калі Бон
у 1970-я і 1980-я гады не выяўляў цікавасці да змены ўлады ў Югаславіі (не
кажучы ўжо пра аддзяленне Харватыі), то Вільня і Варшава не толькі актыўна
працуюць з дэмакратычнымі сіламі, але з'яўляюцца прыхільнікамі гранічна
жорсткага курсу ў дачыненні да беларускіх уладаў і робяць стаўку на змену ўлады
ў Мінску.
Сярод беларускіх палітэмігрантаў сёння ёсць прыхільнікі
радыкальных метадаў барацьбы з рэжымам Лукашэнкі, а ва Украіне беларускія
добраахвотнікі ўдзельнічаюць у вайне на баку УСУ і не хаваюць, што іх
канчатковай мэтай з'яўляецца вызваленне Беларусі.
Як і югаслаўскія спецслужбы ў ФРГ, беларускія «чэкісты» відавочна не сядзяць склаўшы рукі. І ў Варшаве, і ў Вільні ўсё часцей
адзначаюць іх актыўнасці на тэрыторыі гэтых краін, а, здавалася б, бессэнсоўныя
з практычнага боку завочныя судовыя працэсы над Святланай Ціханоўскай, Паўлам
Латушкам і іх паплечнікамі могуць быць на самай справе прадвеснікам радыкальных
дзеянняў.
Пасля падзей 2020 года рэжым Лукашэнкі няўхільна дэманструе жорсткасць і бескампраміснасць, не задумваючыся пры гэтым аб палітычных і эканамічных наступствах. Прыкладаў таму маса: і прымусовая пасадка рэйса Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце ў траўні 2021 года, і штучны міграцыйны крызіс на межах Беларусі і ЕС, і маштабныя рэпрэсіі, якія працягваюцца ў самой Беларусі, і ўвядзенне смяротнага пакарання за дзяржаўную здраду, і дзесяцігадовы прысуд нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму. Беларускім уладам не займаць рашучасці, а за спінай у іх маячыць злавесная фігура Крамля, які звяртаецца яшчэ з савецкіх часоў да выкраданняў і забойстваў «ворагаў» і «здраднікаў» на Захадзе. У такіх умовах рэалізацыя «югаслаўскага сцэнара» не ўяўляецца такой ужо неверагоднай.