«Збеглыя» ці «мяккая сіла»? Як беларуская дыяспара ператвараецца ў беларускую супольнасць

Лукашэнка и яго прапаганда прыніжальна кажуць пра беларусаў, якія вымушана пакінулі краіну — «збеглыя». І гэта таму, што гэта тэма іх увесь час непакоіць. Таму што, аказваецца, «збеглыя» у бальшыні былі рухавіком прагрэсу і эканомікі. Былі — і, напэўна, яшчэ будуць.

extt7n4wgaib5xo.jpg

Цэнтр новых ідэй сумесна з ініцыятывай «Народнае апытанне» правялі анлайн-даследаванне беларусаў, якія цяпер жывуць па-за радзімай. Даследаванне праводзілася з 3 па 30 кастрычніка 2022 года, у анлайн-апытанні прыняў удзел 1631 чалавек (апытанне праводзілася з дапамогай ботаў у Viber і Telegram). Арганізатары апытанкі падкрэсліваюць, што даследаванне не прэтэндуе на рэпрэзентатыўнасць, бо на сёння дзень няма статыстычнай базы, каб пабудаваць адэкватную выбарку беларусаў замежжа. Аднак выяўленыя тэндэнцыі адлюстроўваюць рэальныя заканамернасці функцыянавання беларускай дыяспары.

Матэрыялы апытання яшчэ знаходзяцца ў апрацоўцы, але некаторыя вынікі ўжо апрылюдненыя.

Актыўныя і нябедныя

Згодна з папярэднімі вынікамі апытання, краіну пакінула даволі актыўная частка людзей. Прычым, чым раней яны яе пакінулі, тым больш яны актыўныя. Гэта і не дзіўна: тыя, хто з’ехалі з Беларусі да нападу Расіі на Украіну, з’ехалі, збольшага, з-за рэпрэсій па палітычных прычынах. Тыя, хто рэлакаваўся пасля 24.02.2022, зрабілі гэта больш вымушана і па прычынах эканамічных: немажлівасці працаваць з-за ўведзеных санкцый — напрыклад, абмежаванняў на грашовыя пераводы і «выпільванне» Беларусі з міжнародных фінансавых сістэм.

Такім чынам, 85% рэспандэнтаў паказалі, што займаюцца грамадскай дзейнасцю ў тым ці іншым выглядзе. Найбольшая доля тых, хто ў такой дзейнасці ўдзелу не прымае, прыпадае на тых, хто пакінуў Беларусь у апошнюю мігранцкую хвалю (2022 год).

Найбольш распаўсюджанымі формамі грамадскай дзейнасці з'яўляюцца выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі ў сацыяльных сетках (тут лідзіруюць эмігранты са стажам, якія пакінулі Беларусь да 2020 года) і нефармалізаваная наўпроставая дапамога суайчыннікам — яе часцей ажыццяўляюць мігранты 2020-2021 гадоў. Гэта тыя, хто ў поўнай меры ўсвядоміў лозунг «беларус беларусу беларус». Можна меркаваць, што яны і самі былі фігурантамі такой дапамогі — а цяпер надаюць яе, «дзякуючы» за тое, што далі ў свой час ім.

На трэцім месцы — дапамога фінансамі. Прычым, арганізатары апытання прасочваюць заканамернасць: чым раней чалавек выехаў, тым вышэй яго ступень фінансавага ўдзелу ў грамадскай дзейнасці.

Такім чынам, аказваецца, што пад рэпрэсіі і далейшы вымушаны ад’езд трапілі далёка не «маргіналы» і «прафесійныя рэвалюцыянеры», а людзі, якія могуць і ўмеюць зарабляць, якія здолелі ўладкавацца (і паспяхова, калі ў іх ёсць грошы на дапамогу іншым) у чужой краіне. І якія забяспечваюць дабрабыт не толькі сабе. А значыць — адказныя і дбайныя грамадзяне.

Галоўнае — Беларусь

Формула «беларус беларусу беларус» застаецца галоўнай для нашых суайчыннікаў. Зразумела, што вайна ва Украіне ўнесла карэктывы ў паводзіны беларусаў за мяжой, і даволі істотна. Тым не менш галоўным кірункам грамадскай дзейнасці 73% рэспандэнтаў лічаць Беларусь і беларусаў. Украіну ў такой якасці паказалі 55% апытаных. 30% лічаць, што цяпер трэба дапамагаць усім, хто мае патрэбу ў дапамозе.

Найбольш карыснымі для Беларусі рэспандэнты лічаць намаганні па недапушчэнні змешвання беларусаў і рэжыму Лукашэнкі ў вачах суседзяў («Беларусь — не роўна Лукашэнка») і ўзаемную падтрымку («Беларус беларусу беларус») як сярод дыяспары, так і паміж тымі, хто з’ехаў і тымі, хто застаўся. То-бок, сваіх суайчыннікаў у Сінявокай беларусы, якія пакінулі краіну, не забываюць.

Акрамя таго, важнымі кірункамі дзейнасці лічацца лабіраванне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама журналісцкая, праваабарончая і экспертная дзейнасць.

ejnz40ckhmc.jpg

Беларусы, якія з’ехалі, захоўваюць цесныя сувязі з Радзімай — яны працягваюць актыўна цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі: 9 з 10 як мінімум раз у дзень чытаюць навіны пра падзеі ў краіне (75% апытаных робяць гэта некалькі разоў на дзень). Паказальна, што ступень такой інфармацыйнай актыўнасці не залежыць ад года выезду за мяжу і супадае з тымі лічбамі, якія па гэтым пытанні мы атрымліваем ад беларусаў, якія засталіся ў Беларусі.

Тыя, хто з’ехалі, захоўваюць сувязі з блізкімі людзьмі, якія засталіся ў Беларусі, перш за ўсё са сваякамі (93%) і сябрамі (80%). Інтэнсіўнасць камунікацыі з астатнімі ў краіне калегамі і аднадумцамі істотна ніжэй — 41% і 34% адпаведна.

Цікава, што кантакты з калегамі больш інтэнсіўныя ў тых, хто пакінуў Беларусь у 2021 і 2022 гадах. І гэта супадае з «хвалямі рэлакейту»: тыя, хто з’ехаў «па працоўнай неабходнасці», зразумела, падтрымліваюць больш сувязяў з працадаўцамі і супрацоўнікамі. А вось з аднадумцамі больш сувязяў падтрымліваюць тыя, хто пакінуў Беларусь у 2020 і 2021 гадах. З былымі суседзямі падтрымліваюць сувязь 14% — найбольш цесная яна ў тых, хто выехаў у 2021 годзе.

Дваровыя чаты, дваровыя маршы, супольная пратэсная актыўнасць, дваровыя святы і «чаяванні» не прайшлі для беларусаў бясследна. Гэтыя сацыяльныя і сяброўскія сувязі застаюцца — а значыць, пры змене сітуацыі нас чакае проста выбух грамадзянскай актыўнасці і стварэння сапраўднай «нізавой» грамадзянскай супольнасці.

Вярнуцца ўсё больш праблемна

Адно з самых балючых пытанняў, звязаных з міграцыяй, — ці збіраюцца беларусы вяртацца ў Беларусь. Каля траціны апытаных на сёння не змаглі вызначыцца з адказам на пытанне, ці плануюць яны калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь. Каля чвэрці адказалі, што вяртацца не плануюць (праўда, варыянт «дакладна не вярнуся» выбралі ўсяго 6%). 42% рэспандэнтаў у Беларусь вярнуцца плануюць, і 18% выбралі варыянт «вярнуся адназначна».

Гэтыя адказы (нагадаю, што ўдзел у апытанні ўзялі 1631 беларус) практычна знішчаюць усе наяўныя наратывы афіцыйнай прапаганды: і пра тое, што «на Захадзе кепска», і пра тое, што беларусы там нікому не патрэбныя, і пра тое, як хораша ў Беларусі пры Лукашэнку, і ўжо дакладна ігнаруюць уладна-сілавыя заклікі «вярніся, я ўсё дарую». Як мінімум палова з апытаных ужо абжыліся за межамі краіны, знайшлі там сваё месца і разумеюць, што жыццё працягваецца.

Канечне і безумоўна, наяўнасць у краіне рэжыму Лукашэнкі і рэпрэсіўнай машыны ўплывае на намеры вяртацца ў Беларусь альбо застацца за яе межамі. 95% паказалі, што гэты факт мае тое ці іншае значэнне (35% — «толькі гэты факт і ўплывае», 33% — «у значнай меры ўплывае», 27% — «уплывае разам з іншымі прычынамі»).

5f2309f087f3ec60de6f5a92.jpg

Тут варта адзначыць 27% тых, на каго наяўнасць рэжыму «ўплывае разам з іншымі прычынамі». Гэта, напэўна, тыя, хто вывучылі мову, знайшлі сталую працу, чые дзеці пайшлі ў замежныя садкі і школы, хто набыў нерухомасць… То-бок людзі, якія ў рэкордны час, за няпоўныя год-два адаптаваліся да новага жыцця. Што, ізноў жа, падкрэслівае іх дзелавыя і разумовыя якасці і здольнасці.

«З ваччу сышоў і з памяці зваліўся» — не пра беларусаў

Але нават тыя, хто ўжо вырашыў застацца ў іншай краіне, не збіраюцца парываць сувязі з «гістарычнай Радзімай». 70% з тых, хто не плануе вяртацца, разлічваюць, што потым, калі Лукашэнкі не будзе ва ўладзе, яны будуць браць удзел у развіцці Беларусі.

Асноўнымі формамі, на якія беларусы плануюць рабіць упор, з'яўляюцца:

  • інвестыцыі сваіх ведаў, уменняў і навыкаў у праектах па карысць Беларусі (у тым ліку і на яе тэрыторыі) — аб такой гатоўнасці заявілі 53% тых, хто пакуль не плануе вяртацца ў Беларусь,
  •  краўдфандынг на карысць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі — яго паказалі 51%,
  •  фінансавая дапамога адукацыйным і культурным праектам у Беларусі — 50%.

Інвеставаць у бізнес-праекты ў новай Беларусі гатовыя 34%, адкрываць свой бізнес у Беларусі — 29%, аказваць фінансавую дапамогу для рэалізацыі інфраструктурных праектаў у Беларусі — 26%.

І вось гэта дае нават не спадзяванні — упэўненасць — у тым, што Беларусь вельмі хутка і найменш балюча пройдзе ўсе трансфармацыйныя выпрабаванні пры адбудове краіны. Мы знойдзем інвестараў, мы знойдзем ахвярадаўцаў, але галоўнае — мы знойдзем не толькі грошы, але і «мазгі», якія здолеюць пераўтварыць краіну ў «цукерку». І з такім імпэтам беларусаў, якія цяпер за мяжой, нам, можа быць, і не спатрэбіцца той «план Маршала» ў тры мільярды долараў, пра які дамовілася Ціханоўская.

Канечне, грошай многа не бывае, але калі нам іх не дадуць па «плане Маршала» — мы здолеем іх знайсці самі.

Увогуле, нават з прамежкавых з вынікаў гэтага апытання ўзнікае думка, што надышоў час заканчваць называць беларусаў замежжа «дыяспарай». Падаецца, гэта ўжо не пра беларусаў. Ёсць адчуванне, што беларусам замежжа больш падыходзіць слова «супольнасць». Бо «дыяспара» ўспрымаецца як нешта замкнёнае ў сваім коле інтарэсаў. А беларусы, якія з’ехалі ў гэтыя гады — не тое што не замкнёныя: яны адкрытыя, актыўныя і глабальныя.

Канечне, вельмі хацелася б, каб гэтыя актыўныя і энергічныя людзі вярнуліся ў краіну і працавалі на яе карысць. Але нават калі палова з іх не вернецца — гэта будзе магутная сіла падтрымкі нашай краіны ў свеце.