Прэм’ера фільма пра Полк Каліноўскага прайшла ў Польшчы
У некалькіх гарадах Польшчы, у беларускіх прасторах, увечары 19 лістапада 2022 года прайшоў прэм’ерны паказ фільма-рэпартажа пра Полк Каліноўскага.
Фільм Усяслава Пашкевіча (блогер Тутэйшы Шляхціч) створаны ў рамках праекта «Гэта Мінск, дзетка». Каманда гэтага праекта займаецца вырабам відэакантэнту.
Для таго, каб зняць фільм, кінематаграфісты працавалі ў дзвюх краінах — Польшчы і Украіне. У Польшчы — таму што менавіта туды напачатку прыязджаюць тыя, хто хоча далучыцца да Палка Каліноўскага. А пасля адмысловых праверак яны трапляюць ва Украіну, дзе вучацца вайсковай справе, а потым накіроўваюцца ў месцы баёў.
Цяперашняя прэс-сакратарка Палка Каліноўскага Крысціна «Чабор» чакала ўхвалення сваёй заяўкі тры месяцы. Цяпер яна ў Палку разам са сваім мужам. Крысціна лічыць, што яе падраздзяленню вельмі важна прысутнічаць у інфармацыйнай прасторы.
«У чужой, хоць і брацкай краіне я дыхаю лягчэй, чым у роднай», — кажа адзін з герояў фільма баец з пазыўным «Ціль».
«Было памылкай спрабаваць у 2020 годзе дамовіцца з ўладамі. І цяпер адзіны шлях — гэта сілавы варыянт», — упэўнены другі баец «Вульф».
Адзін з герояў фільма, украінец з Ірпеня, эмацыйна і яскрава распавёў, як напачатку вайны іх абаранялі беларусы з Палка Каліноўскага. І не толькі абаранялі, але і аддавалі за Украіну свае жыцці.
Паводле стваральнікаў фільма, свае жыцці за свабоду і незалежнасць Украіны аддалі ўжо 15 беларускіх байцоў-добраахвотнікаў. «Сёння Полк Каліноўскага — гонар і надзея беларускай нацыі», — гэта галоўны пасыл карціны.