Спрычыненыя. У працяг дыскусіі пра Бродзкага

Ідэалісцкі, максімалісцкі падыход не дазваляе мне разводзіць пазыцыю пісьменьніка і чалавека.

brodskij.jpg


Падаецца, у нас у Беларусі ў мэдыя слаба разьвіты гэты жанр і мы часта пішам у адзін бок, так бы мовіць. Пытаньне, ці вінаватыя пісьменьнікі-клясыкі, у прыватнасьці расейскія, у распаўсюдзе нянавісьці і шавінізму і ці варта іх чытаць, вывучаць, сапраўды здаўна займае розумы людзей.
Вайна ва Ўкраіне толькі зноў вярнула нас да гэтай тэмы. Гэта адвечнае пытаньне, на якое існуе некалькі адказаў: некаторыя спрабуюць разьвесьці творчасьць і чалавечасьць аўтара ці аўтаркі; іншыя ацэньваюць сукупна як іх тэксты, так і жыцьцё, а трэція прапануюць больш нюансавы падыход кшталту «так, але...».


Так, ідэалісцкі, максімалісцкі падыход не дазваляе мне разводзіць пазыцыю пісьменьніка і чалавека. У беларускім ды наагул эўрапейскім кантэксьце асабліва моцнай зьяўляецца зьнітаванасьць інтэлектуалаў, пісьменьнікаў з паняткамі адказнасьці, этычнасьці, гуманізму. Пісьменьнікі і пісьменьніцы зьяўляюцца ўзорам, арыентырам, прыкладам. А таму нават самы таленавіты пісьменьнік ці пісьменьніца, якія абслугоўваюць улады, ператвараюцца і застаюцца ці то ідэолягамі, ці то простымі пісцамі, сакратарамі рэжыму.


Так сталася з Ё. Бродзкім, позьнія імпэрскія вершы якога перакрэсьлілі вялікі ранейшы талент. Так сталася з слынным А. Салжаніцыным, імпэрскія эсэ якога патапілі геніяльныя мастацкія тэксты, напісаныя ў першай палове жыцьця. Так сталася з К. Чукоўскім, шавінісцкія і беларусафобскія занатоўкі дзёньніка якога забілі цудоўнага дзіцячага паэта. Так, на жаль, сталася для мяне з З. Гіпіус, творамі якой захапляўся, а прачытаўшы ейныя дзёньнікі, у якіх яна з мужам кпіла і сьмяялася з украінскай мовы, расчараваўся ў геніяльнай упадніцы.
Сьпіс расчараваньняў у расейскіх пісьменьніках-цах можна працягнуць. Пры гэтым варта адзначыць, што, безумоўна, ёсьць у расейскай літаратуры тыя, хто бясконца зачароўваюць — суцэльныя, сапраўды, моцныя і гуманісцкія асобы, якія не завэдзгаліся імпэрскасьцю: М. Ляскоў, М. Салтыкоў-Шчадрын, Ф. Салагуб, А. Чэхаў і некаторыя іншыя. Але іх чытаюць і перакладаюць на беларускую значна менш.
Дарэчы, яшчэ ў 1999 годзе знакаміты мовазнаўца І. Лепешаў апублікаваў цікавы артыкул «А Пушкін быў і такім…», у якім паказаў адваротны бок мэдаля расейскага генія: ягоныя непахісныя велікарасейскія імпэрскіяперакананьні. Тэкст выклікаў абурэньне як сярод расейскамоўных, так, на дзіва, і беларускамоўных, якія жадалі захаваць прыгожы вобраз Пушкіна і ня блытаць прафэсійнае з асабістым. Аднак, мяркую, беларускі мовазнаўца выбраў слушны шлях: мы ўсе, пачынаючы з маленькіх вучняў, студэнтаў, павінны ведаць усе бакі жыцьця аўтараў, тэксты якіх мы чытаем. Ня варта забараняць ці выключна вінаваціць, але даваць поўную карціну. Ігнараваньне поўнай карціны не спрыяе крытычнасьці і пакідае нас зноў і зноў у татальнай залежнасьці ад мовы, культуры ўсходняй суседкі, якая здаўна адвяла нам адную ролю – блазна.
Беларуская непрынцыповасьць і ўсе большая адсутнасьць павагі да саміх сябе, у тым ліку ў літаратурным, моўным пляне, якраз і вынікае з таго, што мы ня ведаем, а калі ведаем, то так лёгка даруем імпэрскай культуры кпіны, абразы, сьмех і зьнявагу ў свой адрас. Мы пагаджаемся з роляй блазна. І мы бачым, што сталася ва Ўкраіне, якая не пажадала блазнаваць.
Дзеці з дапамогай бацькоў (з)разумеюць усе складаныя паняткі, у тым ліку, што ёсьць шавінізм і імпэрыялізм. Разам з гэтым іх бацькі даведаюцца больш праўдзівай інфармацыі пра аўтараў, якіх яны выбіраюць для дзяцей.
Упэўнены, многія беларускія сем’і чыталі б менш Пушкіна, Дастаеўскага, Чукоўскага ці Бродзкага, калі б яны ведалі пра іх хваравітую імпэрскасьць. А яны ня ведаюць, бо беларускія крытыкі, літаратуразнаўцы і выдаўцыдалікатнічаюць і не аспрэчваюць школьныя дзяржаўныя праграмы. Зрэшты, ніколі не сьцьвярджаў, што Пушкін ці Бродзкі наўпрост вінаватыя ў сучаснай вайне ва Ўкраіне, але перакананы, яны спрычыненыя да гвалту празсваю адданасьць імпэрскім ідэалам і веру ў звышмісію Расеі. Яны спрычыненыя да выкарыстаньня сваіх ідэяў, тэкстаў, ідэалаў, імёнаў, мовы, нават нянавісьці аўтарытарным ўладамі ва ўсе часы. Яны спрычыненыя дагэтага адкрыта, не хаваючыся.
Узгадваецца хіба адзіны Някрасаў, які ратуючы часопіс “Современник”, прачытаў у 1866 годзе хвалебны вершМураўёву-Вешальніку. Потым да скону паэт перажываў свае дагаджальніцтва. Ані Пушкін, ані Бродзкі, ані многія іншыя не прызнавалі сваіх хібаў. Таму многія расейскія клясыкі літаратуры кропляй за кропляй спрычыніліся да легітымізацыі расейскага гвалту.
Мы можам любіць, чытаць, слухаць каго заўгодна на індывідуальным узроўні, але на ўзроўні калектыўным, тым больш у сфэры адукацыйнай, мы мусім уплываць на фармаваньне чытанак, праграмаў у школах і крытычна, шматбакова падаваць інфармацыю ў тым ліку пра дысыдэнта і набэляра Бродзкага, сталага перад сьмерцю шавіністам і цемрашалам.
Удзячны дарагому «Новаму Часу» за плятформу для дэбатаў і асобная падзяка шаноўнаму калегу Сяргею Пульшу за дыскусію.