Ёсіф Бродзкі: заплямлены нобэль

Сьлепата беларусаў усё ж зьдзіўляе: і я не пра ябацек, а пра нібыта крытычных беларусаў, якія ўцямілі шмат чаго пасьля жніўня 2020 году. Расейскамоўнасьць і расейскалюбасьць многіх беларусаў застаецца непахіснай, не зважаючы на крывавую вайну ўсходняй суседкі ва Ўкраіне, не зважаючы на адкрытую беларусафобію цяперашняга беларускага рэжыму, не зважаючы на патэнцыйную пагрозу ўсяму беларускаму з боку саюзнай дзяржавы.

1667676857427blob.jpg

Няма сумневу, стагодзьдзі русіфікацыі абумовілі гэта, але спрычыненай да гэтага застаецца і сучасная беларуская памяркоўная інтэлігенцыя, якая па гвалтоўнай інэрцыі, па нутранай прывязанасьці і часта па прычыне няведаньня іншых моваў і літаратураў рабалепствуе перад Расеяй і ня ўмее падаць крытычна інфармацыю пра расейскую літаратуру, напрыклад.
Прыгэтым, канечне, статус Нобэляўскай прэміі часта зьбівае з панталыку і адкідвае ў многіх падазрэньні. Нобэль нібыта асьвятляе вобраз пісьменьніка. Праўда, у 1964 годзе Ж.-П. Сартр адмовіўся ад нобэля, бо якраз, на думку філёзафа і пісьменьніка, прэмія ператварылася ў інстытут і палітыку, сталася заплямленай і згубіла сэнс. Некаторыя літаратурныя набэляры, сапраўды, заплямілі прэмію: хто да ўручэньня, а хто пасьля яе атрыманьня. Аб заплямленасьці нобэля Ё. Бродзкага ці пазьней кітайскага праўладнага пісьменьніка Мо Яня напісана дастаткова.
Гісторыя з арыштам кнігі Бродзкага па-беларуску вярнула мяне да развагаў над тэмай нашай сьлепаты і нежаданьня ведаць усёй карціны. Раптам Бродзкі зноў стаўся нібы ахвярай — арыштавалі ягоны пераклад кнігі на беларускую. Проста беларускія ўлады глупыя і ня ведаюць, што Бродзкі, насамрэч, зьяўляецца іх аднадумцам па ўкраінафобіі. Часта ўсяляк ігнаруецца той факт, што расейска-амэрыканскі паэт — асабліва пасьля распаду СССР — зьмяніўся і стаў агрэсіўным паэтам да ўкраінцаў. Найбольш вядомая публічная праява ўкраінафобіі Бродзкага — сумнавядомы верш «На незалежнасьць Украіны», напісаны прыкладна ў 1992 годзе. Але і ў вершы «Народ» так проста чытаецца скрайні расейскі патрыятызм паэта. Ну і вядомая дыскусія Ё. Бродзкага з М. Кундэрам у 80-я гады XX ст. таксама выявіла імпэрскасьць і вялікарасейскасьць савецкага дысыдэнта.

Беларусы захапляюцца «вялікай» расейскай літаратурай, пры гэтым ня ведаючы часта велічу сваёй уласнай літаратуры ці шыкоўнай украінскай літаратуры, ці дасюль не адкрытай велічнай летувіскай літаратуры. Беларусы чытаюць сваім дзецям кнігі К. Чукоўскага, ня ведаючы, як ён кпіў і сьмяяўся зь беларускай мовы. Беларусы шануюць, зачытваюцца і перакладаюць расейскіх аўтараў ды аўтарак (Меражкоўскага, Гіпіўс, Бродзкага, Салжаніцына і безьліч іншых клясычных і сучасных), ня ведаючы ці ня хочучы ведаць таго, як сьмяяліся яны з украінскай мовы, не прызнавалі і ня бачылі суб’ектнасьці ў беларусаў, то-бок заставаліся звычайнымі шавіністамі.


Быў шавіністам і ўкраінафобам і Бродзкі, якога ўзнагародзілі нобэлем. Нават калі ягоны шавінісцкі верш выйшаў пасьля ўручэньня прэміі, гэта ніяк не рэабілітуе ані яго, ані Швэдзкую акадэмію. Да ўсяго ўкраінафобія паэта выклікае этычныя пытаньні да беларускіх перакладнікаў ягоных твораў: яны ня ведалі сумнавядомага факту ці наўмысна распаўсюджвалі творчасьць заплямленага набэляра?

1667676579500blob.jpg


Безумоўна, мы ня можам цэнзураваць працу паэтаў ці перакладнікаў, але мы можам хаця б праўдзіва падаваць інфармацыю пра іх. Так, у зьвестках пра Ё. Бродзкага варта ўсюль дадаваць «украінафоб» і «расейскі шавініст». Варта прапісаць гэта і на вокладцы дзіцячай кнігі паэта «Балада пра маленькі буксір», перакладзенай з расейскай. Бо і ягоны верш пра Ўкраіну, а яшчэ больш публічыя выказваньні і шавінісцкая чытанка ў 1992 годзе сталіся адной з шматлікіх кропак, якія прывялі да апраўданьня рэваншызму і гвалту Расеі ў 2014 і 2022 гадах. А яшчэ некаторыя кажуць, што расейская літаратура ніяк не зьвязаная з імпэрскай палітыкай…